Бабруйскі раён
Бабру́йскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Цэнтр — горад Бабруйск.
Бабруйскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Магілёўская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Бабруйск | ||||
Дата ўтварэння | 4 жніўня 1927 | ||||
Кіраўнік | Аляксандр Мікалаевіч Сухадольскі[d][1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 70,3 %, руская 28,66 % Размаўляюць дома: беларуская 44,51 %, руская 54,43 %[2] |
||||
Насельніцтва (2009) |
20 660 чал.[2] (13-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 12,85 чал./км² (17-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 84,11 %, рускія — 11,94 %, украінцы — 1,11 %, іншыя — 2,84 %[2] |
||||
Плошча |
1 599,05[3] (5-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
146 м[4] | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьБабруйскі раён размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці. Плошча раёна — 1,6 тыс. км². Мяжуе з Глускім, Асіповіцкім і Кіраўскім раёнамі Магілёўскай вобласці, Рагачоўскім, Жлобінскім, Светлагорскім і Акцябрскім раёнамі Гомельскай вобласці.
Большая частка раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пераважаюць вышыні 150—170 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт 183,5 м (каля п. Глуша), самая нізкая адзнака — 131,2 м у даліне р. Бярэзіна каля в. Палянкі.
Раён прымеркаваны да ўсходняй часткі Беларускай антэклізы, у межах Бабруйскага пахаванага выступу. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту магутнасцю ад 40-60 да 100—150 м. У іх складзе найбольшае значэнне маюць водна-ледавіковыя і ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага ледавікоў. Бабруйскі пахаваны выступ мае даўжыню 130 км, шырыню — 20-50 км. Найбольш узнятая ўсходняя частка ў раёне Бабруйска, дзе фундамент залягае на глыбіні каля 0,2 — 0,25 км. Складзены пераважна з біятытавых, амфібалітавых гранітаў-гнейсаў.
Ландшафты Бабруйскага раёна — спадзістахвалістая, пласкахвалістая марэнная раўніна з узгоркамі, лагчынамі, катлаванамі, ярамі, западзінамі. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, супясчана-сугліністыя, тарфяна-балотныя. Ворныя землі, участкі шыракаліста-яловых, хваёвых, бярозавых лясоў, пазапоймавых лугоў.
Гісторыя
правіцьРаён утвораны 4 жніўня 1927 года ў складзе Бабруйскай акругі БССР шляхам аб’яднання скасаваных Бабруйскага 1-га і Бабруйскага 2-га раёнаў. Цэнтр — горад Бабруйск. Раён уключаў 28 сельсаветаў: Багушоўскі нацыянальны рускі, Баравіцкі, Бераснёўскі, Бортнікаўскі, Брожскі, Варатынскі, Восаўскі, Гарадзецкі, Гарбацэвіцкі, Кавалёўскі, Казуліцкі, Каменкаўскі (Каменскі), Капусцінскі нацыянальны рускі, Лешчанскі, Любоніцкі, Малеўскі, Міхалёўскі, Мышкавіцкі, Падрэцкі, Паўлавіцкі, Продзвінскі, Рымавецкі, Старцаўскі, Сычкаўскі, Туркоўскі, Харлапавіцкі, Хімоўскі, Цялушскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 12 лютага 1935 года Баравіцкі, Бераснёўскі, Гарадзецкі, Казуліцкі, Капусцінскі нацыянальны рускі, Лешчанскі, Любоніцкі, Мышкавіцкі, Падрэцкі, Паўлавіцкі, Старцаўскі і Харлапавіцкі сельсаветы перададзены ў склад новаўтворанага Кіраўскага раёна. У 1937 годзе Багушоўскі нацыянальны рускі сельсавет рэарганізаваны ў беларускі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці, з 20 верасня 1944 года — у складзе Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Магілёўскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Багушоўскі, Міхалёўскі, Туркоўскі сельсаветы, Каменкаўскі сельсавет перайменаваны ў Слабодкаўскі. 11 красавіка 1960 года скасаваны Рымавецкі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Бярозаўскі, Завалочыцкі, Казловіцкі, Каткаўскі, Клятнянскі, Слаўкавіцкі, Хваставіцкі сельсаветы скасаванага Глускага раёна, горад Асіповічы, Восаўскі, Замошскі, Зборскі, Каменіцкі, Карытненскі, Лапіцкі, Ліпеньскі, Пагарэльскі, Свіслацкі, Ясенскі сельсаветы скасаванага Асіповіцкага раёна. 25 лютага 1962 года ўтвораны Барысаўшчынскі сельсавет, Восаўскі сельсавет перайменаваны ў Пратасевіцкі, Мальеўскі (Малеўскі) сельсавет — у Ламбаўскі. 6 студзеня 1965 года адноўленаму Асіповіцкаму раёну перададзены горад Асіповічы, рабочы пасёлак Градзянка, Замошскі, Зборскі, Каменіцкі, Карытненскі, Лапіцкі, Ліпеньскі, Пагарэльскі, Пратасевіцкі, Свіслацкі, Ясенскі сельсаветы. 30 ліпеня 1966 года адноўленаму Глускаму раёну перададзены гарадскі пасёлак Глуск, Барысаўшчынскі, Бярозаўскі, Завалочыцкі, Казловіцкі, Каткаўскі, Клятнянскі, Слаўкавіцкі, Хваставіцкі сельсаветы. 29 студзеня 1968 года Продзвінскі сельсавет перайменаваны ў Вішнёўскі. 20 снежня 1982 года ўтвораны Гарохаўскі сельсавет, скасаваны Ламбаўскі сельсавет. 22 лютага 2013 года Глушанскі пассавет рэарганізаваны ў Глушанскі сельсавет[5]. 20 лістапада 2013 года скасаваны Восаўскі і Гарохаўскі сельсаветы[6].
Транспарт
правіцьПа тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Мінск — Бабруйск — Гомель, Бабруйск — Рабкор; аўтамабільныя дарогі Мінск — Бабруйск — Гомель, Слуцк — Бабруйск — Рагачоў, Крычаў — Бабруйск — Івацэвічы, Магілёў — Бабруйск — Рагачоў, Магілёў — Бабруйск — Мазыр. Па р. Бярэзіне ажыццяуляецца суднаходства, рачны порт — Бабруйск.
Культура, СМІ
правіць- Інфармацыйна-рэкламны штотыднёвікам «Телеграф» (руск.). Асвятляе навіны кіно і тэлебачання.
- Музей баявой і працоўнай славы Бабруйскага раёна, вёска Сычкава.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
правіць- Фёдар Фёдаравіч Архіпенка, Герой Савецкага Саюза
- Мікола Аўрамчык, беларускі пісьменнік
- Іван Балыка, беларускі савецкі вайсковы дзеяч
- Аляксандр Карпавіч Болбас, Герой Савецкага Саюза
- Уладзімір Іосіфавіч Лемяшонак, беларускі гісторык
- Уладзімір Аляксеевіч Парахневіч, Герой Савецкага Саюза
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, знакаміты драматург
Крыніцы
правіць- ↑ https://bobruisk.ru/news/2020/03/16/prezident-dal-soglasie-na-naznachenie-novogo-predsedatelya-bobrujskogo-rajispolkoma
- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 22 февраля 2013 г. № 20-7 Об изменениях в административно-территориальном устройстве Бобруйского и Кировского районов Могилевской области
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 ноября 2013 г. № 23-1 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области(недаступная спасылка)
Літаратура
правіць- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.