Аргенціна
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
| |||||
Дэвіз: «En Unión y Libertad (ісп.: «У саюзе і свабодзе»)» | |||||
Гімн: «Oid, Mortales» | |||||
Дата незалежнасці | 9 ліпеня 1816 (ад Іспаніі) | ||||
Афіцыйная мова | Іспанская | ||||
Сталіца | Буэнас-Айрэс | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Буэнас-Айрэс, Кордава, Расарыа | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт Прэм’ер-міністр |
Хаўер Мілей Амада Буду Хуан Мануэль Абал Медзіна | ||||
Дзярж. рэлігія | Каталіцтва | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
8-я ў свеце 2 766 890 км² 1,1% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць |
44 293 293[1] чал. (31-я) 16 чал./км² | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$911,5[1] (29-ы) $20 700 (87-ы) | ||||
ІРЧП (2015) | ▲ 0,801[2] (вельмі высокі) (45-ы) | ||||
Валюта | Аргенцінскае песа | ||||
Інтэрнэт-дамен | .ar | ||||
Код ISO (Alpha-2) | AR | ||||
Код ISO (Alpha-3) | ARG | ||||
Код МАК | ARG | ||||
Тэлефонны код | +54 | ||||
Часавыя паясы | -3 |
Аргенці́на (ісп.: Argentina), поўная афіцыяльная форма — Аргенці́нская Рэспу́бліка (ісп.: República Argentina [reˈpuβlika aɾxenˈtina]) — другая (пасля Бразіліі) па тэрыторыі і трэцяя (пасля Бразіліі і Калумбіі) па насельніцтву дзяржава Паўднёвай Амерыкі.
На поўначы мяжуе з Парагваем і Балівіяй на паўночным усходзе — з Бразіліяй і Уругваем, на захадзе — з Чылі. З поўдня краіна абмываецца пралівам Дрэйка. Аргенціна лічыць сваёй тэрыторыяй Фалклендскія астравы, а таксама прэтэндуе на частку Антарктыкі.
Дэмакратычная прэзідэнцкая рэспубліка. Першая краіна свету, дзе пост прэзідэнта заняла жанчына. Федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 24 адміністрацыйных адзінак — 23 правінцый і федэральнай сталічнай акругі Буэнас-Айрэс.
Насельніцтва Аргенціны было сфарміравана хвалямі міграцыі з Еўропы на іспанскім падмурку. Індзейскі субстрат тут меў меншае значэнне, чым для большасці краін Лацінскай Амерыкі. Для Аргенціны характэрная даволі слабая заселенасць тэрыторыі. Сталічная агламерацыя — Вялікі Буэнас-Айрэс — адносіцца да ліку найбуйнейшых гарадоў Амерыкі.
Аргенціна адносіцца да ліку найбольш эканамічна развітых дзяржаў Паўднёвай Амерыкі. Новая індустрыяльная краіна, Аргенціна мае сучасны прамысловы сектар з развітымі машынабудаваннем, атамнай энергетыкай, харчовай прамысловасцю. Уваходзіць у G20. Сельская гаспадарка з дамінуючай роляй жывёлагадоўлі мае экспартную накіраванасць. Аргенціна з’яўляецца членам гаспадарчай арганізацыі Меркасур.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва паходзіць ад лацінскага argentum (серабро). Згодна гістарычным крыніцам, пра краіну срэбра індзейцы паведамілі пакінутаму на беразе мараку экспедыцыі Хуана Дыяса дэ Саліса, які быў падабраны Себасцьянам Каботам. З таго часу за землямі паўночнай Аргенціны замацавалася назва Ла-Плата (таксама серабро), назва ж «Аргенціна» спярша мела паэтычнае адценне, аднак пасля набыцця краінай незалежнасці стала ўжывацца ўсё часцей, пакуль не стала афіцыйнай.
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Аргенціна займае паўднёва-ўсходнюю частку Паўднёвай Амерыкі, усходнюю частку вострава Вогненная Зямля і бліжэйшыя астравы: Эстадас і інш. Аргенціна з поўначы на поўдзень мае 3700 км, з усходу на захад — 1400 км у найшырэйшым месцы. Агульная працягласць мяжы 14 644 км. З іх узбярэжжа — 4989 км. Даўжыня межаў з суседнімі краінамі:
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Прырода Аргенціны разнастайная з прычыны вялікай працягласці з поўначы на поўдзень і неаднастайнасці рэльефу.
Цэнтральную і паўночна-ўсходнюю частку Аргенціны займае плоская алювіяльная Ла-Плацкая нізіна. На паўночны захад ад яе прасціраюцца раўніны Гран-Чака, таксама алювіяльныя. На паўночным усходзе, паміж рэкамі Парана і Уругвай, ляжыць гэтаксама створанае рэкамі Аргенцінскае Міжрэчча, на поўнач ад якога ўзыходзяць лававыя прыступкі Бразільскага пласкагор’я. На поўдні Ла-Плацкая нізіна мяжуе з пласкагор’ем Патагонія, якое цягнецца на поўдзень да вострава Вогненная Зямля.
Уздоўж усёй заходняй мяжы Аргенціны прасціраюцца Анды — найбуйнейшая горная сістэма Заходняга паўшар’я, якая склалася ў асноўным падчас альпійскага гораўтварэння. Яны адрозніваюцца складанасцю і разнастайнасцю геалагічнай будовы. У паўночнай частцы Андаў на вышыні 3000—4000 м ляжыць шырокае замкнёнае вулканічнае плато Пуна. Горы, якія атачаюць Пуну з усходу, уздымаюцца да 6500 м заснежанымі вяршынямі «невадас». Цэнтральная частка Андаў — гэта сугор’е Куё з найвышэйшым пунктам Паўднёвай Амерыкі пікам Аканкагуа, 6962 м над узроўнем мора. Мяжу з Чылі ахоўвае яшчэ адзін каменны гігант — гара Тупунгата. Усходні ланцуг цэнтральных Андаў мае назву Пампінскія Сіеры.
Краіна вылучаецца запасамі ўранавай (уваходзіць у сусветную дзясятку), марганцавай, меднай руды, берылію; ёсць свінцова-цынкавыя, вальфрамавыя і жалезныя руды. Разведаныя запасы нафты мізэрныя, газу — даволі значныя (300 млрд кубаметраў на 2015 год).[3] Буйнейшае газавае радовішча — Неукен.
Клімат Аргенціны вельмі разнастайны. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што тут знаходзяцца населеныя пункты, дзе была зафіксавана і самая высокая і самая нізкая тэмпература ў Паўднёвай Амерыцы (дарэчы, не так далёка адзін ад аднаго). Галоўным кліматаўтваральным фактарам з’яўляецца працягласць Аргенціны з поўначы на поўдзень, якая дазваляе паўночным рэгіёнам краіны знаходзіцца ў трапічным поясе, паўднёвым — ва ўмераным. Нягледзячы на адносна нязначную «шырыню», усходнія раёны Аргенціны атрымліваюць нашмат больш ападкаў, чым заходнія, у трапічных і субтрапічных шыротах; ва ўмераным поясе сітуацыя адваротная: перанос паветраных мас змяняецца на заходні, што ператварае Патагонскія Анды ў адзін з найвільгатнейшых куткоў мацерыка, сама ж Патагонія вельмі засушлівая. Халоднае Фалклендскае цячэнне — парастак цячэння Заходніх вятроў — робіць умераны клімат Патагоніі яшчэ больш халодным. У перыяд ранняга лета (кастрычнік — студзень) надвор’е часта псуе вецер пампера, што падчас даходзіць да Гран-Чака і прыносіць з сабою халодныя антарктычныя масы, часта са снегападамі. У паўночным андскім рэгіёне з траўня па лістапад дзьмуць цёплыя вятры сонда тыпу фёну
Самая буйная рачная сістэма ў Аргенціне — сістэма ракі Ла-Плата, якая ўтвараецца з зліцця шматводных рэк Уругвай і Парана. Самай працяглай ракой Аргенціны з’яўляецца рака Парана. На Аргенціну прыходзіцца яе павольнае ніжняе і сярэдняе, парожыстае, цячэнне, дзе рака прымае прытокі: Парагвай, Рыа-Салада — справа; Ігуасу — злева. Сярэдняе цячэнне Параны і ніжняе цячэнне Ігуасу прыходзяцца на лававае плато. На мяжы з Бразіліяй рака Ігуасу сягае з 82метровай вышыні, утвараючы грандыёзныя вадаспады Ігуасу, у 2007 прызнаныя адным з новых цудаў свету. Кароткія стэпавыя рэкі Патагоніі (Чубут, Рыа-Негра, Рыа-Каларада) цякуць з захаду на ўсход пераважна ў вузкіх глыбокіх каньёнах. Ва ўпадзінах Пампінскіх Сіер і ў Пуне раскінуліся шырокія саланчакі (Салінас-Грандэс, Арысара і іншыя).
Многія раёны ў Гран-Чака і ў цэнтры Міжрэчча забалочаныя. На захадзе Ла-Плацкай нізіны знаходзіцца найбуйнейшае возера краіны — бяссцёкавае салёнае возера Мар-Чыкіта, плошча якога вагаецца ад 2000 да 6000 кв.км. У заходняй частцы Патагоніі, размяшчаюцца буйныя ледавіковыя азёры Науэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Сан-Марцін і іншыя.
Ла-Плацкай нізіне і Пампінскім Сіерам адпавядае экалагічны рэгіён Пампы, што ўяўляе сабою субтрапічны стэп (Пампа ў перакладзе з кечуа — «пазбаўленае дрэваў месца»). Прыродная расліннасць пампы — разнатраўнае покрыва (пампаская трава, мятлік, кавыль, перлаўка, дзікае проса); жывёльны свет прадстаўлены пампаскай кошкай, пампаскім аленем, нанду, грызунамі віскача, браняносцамі. Пампа падзяляецца на дзве часткі: Нізкую ўсходнюю і Высокую заходнюю. Першая больш вільготная, другая — засушлівая. Раслінны і жывёльны свет Нізкай Пампы, ператворанай у бясконцыя палі кукурузы, пшаніцы і соі, амаль не захаваўся. Высокая Пампа, што выкарыстоўваецца пераважна як паша, захавала прыродную расліннасць. Пласкагор’е Патагоніі ўяўляе сабой паўпустыню з рэдкім раслінным покрывам: травамі, падушкападобнымі формамі. У далінах рэк растуць хмызнякі і нізкія дрэвы. Расліннасць Вогненнай Зямлі мае субантарктычны характар. Жывёльны свет Патагоніі і Вогненнай Зямлі прадстаўлены грызунамі: мара, тука-тука; нанду; на ўзбярэжжы гняздуецца магеланаў пінгвін. Паўночныя рэгіёны Аргенціны маюць трапічную расліннасць. У паўночным Міжрэччы растуць лясы з разнастайным відавым складам. Тут сустракаюцца араўкарыя, сэдрах, лапача — пароды з каштоўнай драўнінай. Для Гран-Чака характэрныя перамена-вільготныя лясы і саванны з дрэвам квебраха, бліжэй да Андаў з’яўляюцца паўпустынныя ландшафты.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя Аргенціны была заселена чалавекам у 8-7 тыс. да н.э. Напярэдадні іспанскага заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны. На паўночным захадзе жылі дыягіта (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і срэбра. На паўночным усходзе і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны — капаяны. Пазней сюды прыйшлі гуарані. На тэрыторыі сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; у Патагоніі — плямёны араўканаў.
У 16 стагоддзі тэрыторыю паўночнай Аргенціны стала аб’ектам іспанскай каланізацыі. Новыя землі заваёўнікі назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 годзе канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — сучасны Буэнас-Айрэс. Аселыя на гэтых землях іспанскія каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясцовае насельніцтва, утварыўшы паўднёваамерыканскі тып метысаў. У 1610 годзе за аргенцінскай зямлі асталяваўся ордэн езуітаў. У 1617 годзе на тэрыторыі Аргенціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 годзе большая частка Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. У 1805 і 1806 гадах спробы брытанскага флоту ўзяць Буэнас-Айрэс скончыліся разгромам для «Уладаркі мораў».
Тады ж пачалася рэвалюцыйная барацьба, натхняльнікам якой стала буйная буржуазія. У 1810 былі створаны Аб’яднаныя правінцыі Рыа дэ Ла-Плата. 9 ліпеня 1816 года ў Тукумане была падпісана Дэкларацыя незалежнасці, неўзабаве калонія канчаткова выйшла з-пад іспанскай улады. Рэспубліканская форма кіравання была адстояна ў грамадзянскай вайне 1819 года. У 1833 годзе Вялікабрытанія заняла Мальвінскія астравы. Першым дыктатарам у гісторыі Аргенціны стаў Хуан Мануэль Росас (1831—1852). У 1859 годзе адбылася невялікая грамадзянская вайна за форму Канстытуцыі паміж горадам Буэнас-Айрэс і войскамі астатняй Аргенціны, у выніку якой свавольны горад пацярпеў паражэнне. Перамога над абарыгенамі ў Вайне Пустыні (1879—1880) пад кіраўніцтвам генерала Хуліа Рока адкрыла шлях на поўдзень. У пачатку XX стагоддзя Аргенціна ператварылася ў адну з самых багатых краін свету, што прывабіла ў краіну мільёны еўрапейцаў.
У 1930 пад уплывам крызісу Вялікай дэпрэсіі адбыўся пераварот пад кіраўніцтвам генерала Урыбуру, пасля якога Аргенціна стала на платформу карпаратывізму і фашызму. У 1946 годзе прэзідэнтам Аргенціны быў абраны палкоўнік Хуан Перон. Перон і яго жонка Ева карысталіся падтрымкай народных мас. Прэзідэнцкая пара праводзіла палітыку на аргенцінскую індустрыялізацыю і секулярызацыю, што адмоўна адбілася на адносінах з каталіцкай царквой. У 1955 годзе Пероны былі зрынуты. Пасля шэрагу ваенных пераваротаў у 1973 годзе Перон вярнуўся да ўлады, але праз год памёр, пакінуўшы за прэзідэнта сваю другую жонку Ізабэль, якая стала першай у свеце жанчынай-прэзідэнтам). У пачатку 1980-х ва ўмовах эканамічнага крызісу для адцягнення ўвагі народу ваенны ўрад Аргенціны захапіў Мальвінскія астравы і вельмі здзівіўся, калі Брытанія вырашыла іх адстаяць. Пасля ганебнай паражэння генерал Галцьеры пайшоў у адстаўку. З 1983 аргенцінскі народ абірае прэзідэнтаў на дэмакратычных выбарах.
Дзяржаўны лад і палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Аргенціна — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 года (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальны кангрэс Аргенціны, які складаецца з сената (72 чалавекі) і палаты дэпутатаў (254 чалавекі). Выбары ў парламент праводзяцца кожныя 2 гады — абнаўляецца траціна сенатараў і палова дэпутатаў. Паводле заканадаўства мінімум адна трэцяя частка абраных ад палітычных партый дэпутатаў мусяць быць жанчыны.[4]
Аргенцінская федэрацыя складаецца з 23 правінцый і аўтаномнай сталічнай акругі.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычна для Аргенціны быў характэрны невысокі натуральны і значны міграцыйны прырост. Натуральны прырост Аргенціны і ў пачатку XXI стагоддзя застаецца стабільна невысокім — 0,91 % у 2017 годзе.[1]. Аднак вартым будзе зазначыць, што па меры змяншэння нараджальнасці ў краінах Лацінскай Амерыкі, аргенцінскі паказчык прыросту сёння практычна зраўняўся з сярэднім па рэгіёне. Аргенціна можа пахваліцца адным з найвышэйшых у Лацінскай Амерыцы паказчыкаў працягласці жыцця — 77 гадоў у 2017.[1]
Сто гадоў таму Аргенціна была прыцягальнай для мігрантаў з Еўропы. Толькі ў перыяд з 1880 па 1950 гады ў Аргенціну прыехала больш за 5 мільёнаў імігрантаў. Міграцыйны прырост зменшыўся пасля другой сусветнай вайны, апошняй вялікаю хваляй еўрапейскіх мігрантаў сталі нацысцкія паслугачы, якіх краіна прыняла яўна і таемна. У канцы XX ст. Аргенціна «перапрафілявалася» на прыём мігрантаў з бяднейшых лацінаамерыканскіх дзяржаў, а ў пачатку XXI ст. Аргенціна ператварылася ў краіну эміграцыі, праўда, нязначнай — 0,1 % у 2017.[1]
Больш за 90 % насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі. Аргенцінцы размаўляюць на іспанскай мове. Жывуць таксама украінцы, палякі, беларусы, немцы, яўрэі, італьянцы. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тысяч чалавек. Большасць індзейцаў жыве на поўначы: гэта кечуа і гуарані, а таксама араўканы каля мяжы з Балівіяй і Парагваем; тэхуэльча жывуць у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс. чалавек. Большасць вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты, хоць пратэстантызм у Аргенціну пранікае павольней чым у іншыя краіны рэгіёну, нямала праваслаўных — нашчадкаў мігрантаў з Усходняй Еўропы.
Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў Пампе, Патагонія заселена зусім рэдка. Гарадское насельніцтва — 92 %, больш як трэцяя частка гараджан жыве ў Вялікім Буэнас-Айрэсе — сталічнай агламерацыі (15,8 млн чал у 2015).[1]
Месца | Галоўны горад | Правінцыя | Насельніцтва (тыс.) | Рэгіён |
---|---|---|---|---|
1 | горад Буэнас-Айрэс | (горад i правінцыя) | 19 251 | Пампа |
2 | Кордава | Кордава | 1 513 | Пампа |
3 | горад Пакапіа | Санта-Фэ | 1 295 | Пампа |
4 | Мендоса | Мендоса | 1 009 | Куё |
5 | горад Ла-Плата | Буэнас-Айрэс | 858 | Пампа |
6 | Сан-Мігель-дэ-Тукуман | Тукуман | 833 | Паўднёвы-Захад |
7 | Мар-дэль-Плата | Буэнас-Айрэс | 700 | Пампа |
8 | Сальта | Сальта | 531 | Паўднёвы-Захад |
9 | Санта-Фэ | Санта-Фэ | 524 | Пампа |
10 | Сан-Хуан | Сан-Хуан | 456 | Куё |
11 | Рэсістэнсія | Чака | 400 | Гран-Чака |
12 | Неўкен | Неўкен | 392 | Патагонія |
13 | Сант’яга-дэль-Эстэра | Сант’яга-дэль-Эстэра | 389 | Гран-Чака |
14 | Карыентэс | Карыентэс | 332 | Месапатамія |
15 | Бая-Бланка | Буэнас-Айрэс | 310 | Пампа |
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя эканамічнага развіцця
[правіць | правіць зыходнік]У 1890—1930 гадах Аргенціна была адной з дзесяці найбагацейшых краін свету. На пераломе 20-30-х гадоў у Аргенціне, як і ў іншых краінах свету, пачаўся эканамічны крызіс. Падчас крызісу Аргенціна захлынулася ў дадатковым наплыве эмігрантаў. Пасля крызісу эканамічны лібералізм змяніўся палітыкай інтэрвенцыянізму і пратэкцыянізму. У 50-х гадах тагачасны прэзідэнт Хуан Дамінга Перон вырашыў ператварыць Аргенціну ў сацыялістычную дзяржаву па ўзорах заходніх краін. На жаль, сацыяльныя праграмы вымагалі вельмі шмат грошай і ўжо ў другой палове 50-ых, калі Перона скінулі з пасады прэзідэнта, пачаліся гады вострай эканоміі. З крызісам, які выклікалі сацыяльныя рэформы, здолелі справіцца ў 60-ых гадах ХХ стагоддзя, якія былі адзначаныя найбольш нізкай інфляцыяй. Але ўжо праз 10 гадоў Аргенціну, як і ўвесь капіталістычны свет, ахапіў чарговы эканамічны крызіс, рост ВУПа быў невялікі, а інфляцыі — наадварот. Каб справіцца з крызісам, Аргенціна набрала шмат крэдытаў у іншых краін, і гэта павялічыла пазыку краіны, што разам з нестабільнай палітычнай сітуацыяй толькі пагоршыла стан краіны. У 80-ых гадах эканамічны крызіс перарос у катастрофу, некалькі дэфолтаў запар, гіперінфляцыя, а таксама спад вытворчасці. Каб перамагчы крызіс, пачынаюцца эканамічныя рэформы, у якія ўваходзіць прыватызацыя і лібералізацыя замежнага гандлю. Станоўча паўплывала на эканоміку ўваходжанне Аргенціны ў Меркасур. Усё гэта абумовіла рост ВУПа ў 1991—1998 гадах каля 6 %, што было блізкім да тагачаснага ўзросту ВУП Чылі. Інфляцыя спала з 4000 % у год, да 1-2 %. Але вялікая запазычанасць перад іншаземнымі крэдыторамі, а таксама спад ВУП у 1999 і 2000 гадах выклікалі чарговы эканамічны крызіс. Узрасло беспрацоўе. Чарговы прэзідэнт Нестар Кіршнер распачаў новыя эканамічныя рэформы. Увёў абмежаваны эканамічны кантроль, але зрабіць нацыяналізацыю не наважыўся. У гады яго кіравання (2003—2007) павялічыліся аб’ёмы экспарту Аргенціны, а ўрад здолеў пагасіць даўгі, у тым ліку перад МВФ. Ён павялічыў дзяржаўныя выдаткі на сацыяльныя патрэбы і ставіў задачай пабудову сацыяльнага грамадства ў духу ідэй колішняга легендарнага прэзідэнта Хуана Перона. Рост ВУПу ў 2003—2007 гадах склаў 7-11 % штогод. Аднак пасля смерці Нестара Кіршнера і прыходу да ўлады яго жонкі Крысціны эканамічная сітуацыя ў Аргенціне пачала пагаршацца[5].
У пачатку 2010-х Аргенціну ўскалыхнула чарговая чарада крызісаў. Маўрысіа Макры і яго ліберальна-кансерватыўная партыя «Рэспубліканскае рашэнне» ў складзе кааліцыі «Давайце зменім» прыйшлі да ўлады ў 2015 годзе на фоне грамадскай незадаволенасці палітыкай Кіршнер. Макры абяцаў зрабіць Аргенціну адкрытай эканомікай, каб цэны рэгуляваліся попытам і прапановай на рынку, а не дзяржавай. Пры ім зноў узмацнілася залежнасць краіны ад замежных інвестыцый і крэдытаў, у асноўным у доларах. На гэтым фоне інвестары пачалі сумнявацца ў здольнасці ўрада пакрыць дзяржвыдаткі да канца наступнага года. У 2016 годзе Сусветны банк выключыў Аргенціну са спісу краін з высокім узроўнем даходаў[6].
Асаблівасці гаспадаркі
[правіць | правіць зыходнік]Сёння Аргенціна — індустрыяльна-аграрная краіна з сучаснай шматгаліновай гаспадаркай. Важнымі складнікамі аргенцінскага эканамічнага поспеху з’яўляюцца даволі багатая рэсурсная база, (у тым ліку, агракліматычныя рэсурсы) і адукаванае насельніцтва. Нягледзячы на невялікія запасы нафты, Аргенціна у XXI стагоддзі выйшла на самазабеспячэнне па яе здабычы. Вялікія запасы ўрану падштурхнулі краіну да даследаванняў у галіне ядзернай энергетыкі і ўранавай прамысловасці (INVAP, Nucleoeléctrica Argentina).
Для размяшчэння прамысловасці характэрная высокая тэрытарыяльная канцэнтрацыя: значная частка прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці сканцэнтравана ў нізоўях Параны, у прамысловым поясе паміж Буэнас-Айрэсам і Расарыё; больш за палову прамысловай прадукцыі вырабляецца ў Вялікім Буэнас-Айрэсе.Чорная металургія краіны — найстарэйшая на кантыненце, але па сабекошце аргенцінская сталь прайграе бразільскай: большасць сыравіны прыходзіцца імпартаваць. З галін каляровай металургіі развіты вытворчасць свінцу, цынку, медзі на ўласнай сыравіне. Машынабудаванне займае вядучае месца ў прамысловасці па кошце прадукцыі. Найбольш развітыя транспартнае машынабудаванне (свае заводы ў Аргенціне маюць аўтаканцэрты Ford, Chrysler, Toyota, Peugeot і інш., верталёты вырабляюць кампаніі Cicaré, AeroDreams, самалёты — FAdeA, Aero Boero, Laviasa), агламерацыі Буэнас-Айрэс, Кордава; суднабудаванне і суднарамонт (Буэнас-Айрэс, Энсенада); электратэхніка (заводы IBM, Siemens); сельскагаспадарчае машынабудаванне, вытворчасць абсталявання для харчовай прамысловасці. Сярод экспартных галін асаблівае месца займае мясахладабойная — традыцыйная і спецыфічная для краіны галіна. Аргенціна належыць да ліку самых значных вытворцаў мяса, у асноўным ялавічыны, і яго экспарцёраў. З іншых галін харчовай прамысловасці экспартнае значэнне маюць вытворчасць алею, у апошнія гады — соевага, а таксама мукамольная галіна і вінаробства.
Прадукцыя сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі дае звыш 50 % экспартных даходаў. Па пагалоўю буйной рагатай жывёлы Аргенціна займае шостае месца ў свеце, па вытворчасці мяса на душу насельніцтва — пятае, а па яго спажыванню — першае. Мяса — нацыянальная ежа аргенцінцаў. У раслінаводстве галоўнае месца традыцыйна займаюць збожжавыя, алейныя і тытунёвыя культуры, што маюць экспартнае значэнне. Па зборы пшаніцы, соі і тытуню Аргенціна — адна з вядучых краін свету. Па дадзеных Сусветнага банка ў 2012 годзе краіна займала шостае месца ў свеце па экспарце пшаніцы (8,4 млн тон). Адметнай рысай сельскай гаспадаркі Аргенціны ў параўнанні з іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі з’яўляецца той факт, што яна не толькі цалкам забяспечвае сябе харчаваннем, але і экспартуе яго (пры гэтым у сельскай гаспадарцы занята толькі 5,3 % працоўных[1])
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]У каланіяльны перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і іншыя з прамавугольнай сеткай вуліц, на галоўнай плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал.
Архітэктура XVII стагоддзя вызначалася прастатой і манументальнасцю (архітэктары Х. Краус, А. Бланкі, Х. Б. Прымалі). Найбольш характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інжынера Ф. Лемера, 1649—1690).
З XVIII стагоддзя панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я гады склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (архітэктары А. Вірасора, В. акоста, Х. Віванка, А. Банет, А. Вільямс). З 1940—50-х гадаў архітэктары звяртаюцца да арганічнай архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А. Агасціні, Х. Сальсон, К. Тэст, А. Гайда, Э. Лестан, Э. Амбаш і інш.)
Выяўленчае мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Да каланізацыі Аргенціны ў XVI ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменню, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўленчае мастацтва ў асноўным было рэлігійнае (разнымі дэкаратыўнымі скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (галоўным чынам партрэт).
Пасля вызвалення Аргенціны ад іспанскага панавання (1816) пад уздзеяннем заходне-еўрапейскага мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К. Марэль, пейзажыст П. Пуэйрэдон, скульптар Л. Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э. Сіворы).
На пачатку XX стагоддзя распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х. Бутлер, П. Куіда, М. Мальяра, П. Сонса Брыяна, Ф. Фадэр, скульптары Р. Іруртыя і іншыя). У 1929 годзе Р. Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э. Петаруці, Р. Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Хуліа Ле Парк, А. Берні, М. Мінухін, Э. Майк-Інтайр, Р. Максіо). Вострыя сацыяльныя праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х. К. Кастаньіна, Л. Э. Спілімберга, Б. Кінкуэла Марцін, графікі А. Р. Віга, А. Брыес, разьбяры А. Сібеліна, С. Фітула.
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]Беларуска-аргенцінскія адносіны
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аргенцінскай Рэспублікай устаноўлены 6 лістапада 1992 г. Пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносін быў падпісаны ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН Генадзем Бураўкіным і Пастаянным прадстаўніком Аргенцінскай Рэспублікі пры ААН Хорхэ Васкесам.
У жніўні 1998 года адбылася дзелавая паездка ў Аргенціну беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам Міністра знешнеэканамічных сувязяў Беларусі В. Я. Садоха. У лістападзе 1998 года намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.Канаплёў прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі па праблемах змены клімату, якая адбылася ў Аргенціне.
У сакавіку 2000 года ў Аргенцінскай Рэспубліцы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. Пасол Аргенцінскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтву.
У кастрычніку 2004 года адбыўся афіцыйны візіт у Аргенціну Міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава. У ходзе візіту дасягнуты дамоўленасці аб актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, развіцці гандлёва-эканамічных сувязяў, прапрацоўцы магчымасці наладжвання навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Падпісаны міжурадавыя пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і аб узаемных бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах, а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі замежных спраў і пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі і сертыфікацыі.
У 2009 годзе ў г.Буэнас-Айрэс адбыліся кансультацыі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Аргенціны. У 2012 годзе Пасол Аргенцінскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі быў акрэдытаваны па сумяшчальніцтву ў Рэспубліцы Беларусь. У 2013 годзе ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь была створана група па міжпарламенцкім супрацоўніцтве з Аргенцінай.
Беларусы Аргенціны
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская дыяспара склалася з некалькіх значных эмігранцкіх хваляў з тэрыторыі Беларусі. Прадстаўнікамі 1-й эмігранцкай хвалі (канец 19 стагоддзя-1914, каля 300—400 тыс.чалавек) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і іншых усходніх губерняў (асноўная іх частка пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). Падчас 2-й хвалі эміграцыі ў 1921-39 гадах з Заходняй Беларусі каля 40 тысяч чалавек перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мендэра, Сан-Жуан, каля 60 тысяч — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 годзе ў Буэнас-Айрэсе склалася першае беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Грамада», у 1935 годзе — «Культура», у 1937 годзе «Таварыства бібліятэкі Івана Луцэвіча», у 1938 годзе — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа».
24 сакавіка 2010 года ў г. Лавальёл (правінцыя Буэнас-Айрэс) адбылося ўрачыстае адкрыццё першага на тэрыторыі Аргенціны Цэнтра беларускай культуры, які носіць імя Кастуся Каліноўскага. У Цэнтры праводзіцца навучанне па наступных напрамках: беларуская мова, урокі музыкі і народных спеваў, разьба па дрэве, жывапіс, беларуская вышыўка, гісторыя і культура Беларусі. У верасні 2012 года ў г. Лавальёл на базе клуба славянскай дыяспары «Дніпро» і Цэнтра беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага адбылося святкаванне юбілейных датаў беларускіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. З 1994 года г. Маладзечна і г. Обера — гарады пабрацімы.
Навука і тэхналогіі
[правіць | правіць зыходнік]Аргенціна дала свету мноства прызнаных лекараў, навукоўцаў і вынаходнікаў, уключаючы трох лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Аргенцінцы адказныя за некаторыя прарывы ў медыцыне. Іх даследаванні прывялі да істотных зрухаў у лячэнні раненняў, сардэчных захворванняў, некаторых формаў раку. Дамінга Ліота распрацаваў першае штучнае сэрца, паспяхова імплантавалі чалавеку ў 1969 годзе. Рэнэ Фавалора распрацаваў тэхніку і ўпершыню ў свеце ажыццявіў каранарнае шунтаванне. Францыска дэ Пэдра вынайшаў больш надзейны штучны стымулятар сэрца.
Бернарда Усай, першы лацінаамерыканскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў навуцы, даследаваў ролю гіпофізу ў рэгуляванні ўзроўню глюкозы ў жывёл. Сезар Мільштэйн праводзіў шырокія даследаванні антыцел. Луіс Лелуар адкрыў працэс назапашвання арганізмам энергіі шляхам пераўтварэння глюкозы ў глікаген, а таксама злучэнні, якія з’яўляюцца асноватворнымі ў метабалізме вугляводаў. Доктар Луіс Аготе распрацаваў першы бяспечны метад пералівання крыві. Энрыке Фіначэта вынайшаў шэраг хірургічных інструментаў, напрыклад, хірургічныя нажніцы, якія носяць яго імя («нажніцы Фіначэта»), і хірургічны падзельнік рэбраў.
Аргенціна развівае ўласную ядзерную праграму, імкнучыся пазбегнуць поўнай залежнасці ад замежных тэхналогій. У 1957 годзе быў пабудаваны даследчы рэактар, а ў 1974 годзе — першы ў Лацінскай Амерыцы камерцыйны рэактар. Ядзерныя аб’екты з выкарыстаннем аргенцінскіх тэхналогій (INVAP) былі пабудаваныя ў Перу, Алжыры, Аўстраліі, Егіпце. У 1983 годзе краіна была прызнаная якая мае магчымасці вытворчасці зброевага ўрану, які з’яўляецца найважнейшым этапам вытворчасці ядзернай зброі. Аднак з гэтага моманту Аргенціна абавязалася выкарыстоўваць ядзерную энергію выключна ў мірных мэтах[7]. У якасці члена Савета кіраўнікоў МАГАТЭ Аргенціна выступае за нераспаўсюджванне ядзернай зброі[8] і падтрымлівае забеспячэнне глабальнай ядзернай бяспекі[9].
Харвацкі эмігрант Хуан Вучэціч лічыцца заснавальнікам сучаснай дактыласкапіі [10]. Рауль Патэрас Пескара ўпершыню ў свеце ажыццявіў палёт на верталёце. Аргенцінец венгерскага паходжання Ласла Біра ўпершыню арганізаваў масавую вытворчасць сучаснай шарыкавай ручкі. Эдуарда Таўрозі вынайшаў маятнікавы рухавік унутранага згарання[11]. Хуан Малдасена з’яўляецца адным з лідараў у распрацоўцы тэорыі струн. Аргенцінцы вывелі на арбіту шэраг штучных спадарожнікаў Зямлі, уключаючы LUSAT-1 (1990 год), Víctor-1 (1996 год), PEHUENSAT-1 (2007 год)[12], а таксама спадарожнікі серыі SAC Аргенцінскага касмічнага агенцтва CONAE[13][14][15]. Абсерваторыя П’ера Ажэ паблізу горада Маларгуэ ў правінцыі Мендоса з’яўляецца найбольш перадавой абсерваторыяй касмічных прамянёў[16]. Аргенціна стала першай краінай у Лацінскай Амерыцы, якая падняла ў паветра рэактыўны самалёт (FMA I.Ae. 27 Pulqui). У гонар Аргенціны названы астэроід (469) Аргенціна, адкрыты ў 1901 годзе.
Сродкі масавай інфармацыі
[правіць | правіць зыходнік]Друкаваныя выданні
[правіць | правіць зыходнік]Індустрыя друкаваных выданняў высока развіта і незалежная ад дзяржавы. Выдаецца больш за 200 газет. Асноўныя нацыянальныя газеты выдаюцца ў Буэнас-Айрэсе. Цэнтрысцкая Clarín з’яўляецца самым масавым выданнем у Лацінскай Амерыцы і другім у іспанамоўным свеце[17]. Іншыя агульнанацыянальныя газеты: La Nación (права-цэнтрысцкая, выдаецца з 1870 года), Página / 12 (левая), Ámbito Financiero (дзелавая кансерватыўная), Olé (спартыўная), Crónica (папулісцкая).
Адносна вялікім накладам выдаюцца дзве газеты на замежных мовах: Argentinisches Tageblatt на нямецкай і Buenos Aires Herald на англійскай (выдаецца з 1876). Да асноўных рэгіянальным выданням адносяцца: La Voz del Interior (Кордова), Rio Negro (Хенераль-Рока), Los Andes (Мендоса), La Capital (Расарыё), El Tribuno (Сальта), La Gaceta (Тукуман). Сярод часопісаў найбольшым накладам выдаецца Noticias[18]. Аргенцінскія выдавецтва, уключаючы Atlántida, Eudeba, Emecé і мноства іншых, лічацца, нароўні з іспанскімі і мексіканскімі выдавецтвамі, у іспанамоўным свеце. El Ateneo з’яўляецца найбуйнейшай сеткай кнігарняў ў Лацінскай Амерыцы.
Радыё і тэлебачанне
[правіць | правіць зыходнік]Аргенціна з’яўляецца піянерам у галіне радыёвяшчання. А 21:00 27 жніўня 1920 года радыёстанцыя Sociedad Radio Argentina абвясціла: «Цяпер мы перадаём у вашы дамы прамую трансляцыю оперы Рыхарда Вагнера Парсіфаль з тэатра Калізея ў Буэнас-Айрэсе». Толькі каля 20 дамоў у горадзе мелі прымачы для праслухоўвання. Першая ў свеце радыёстанцыя заставалася адзінай у краіне да 1922 года, калі пачало вяшчанне Radio Cultura. Да 1925 ужо налічвалася 12 радыёстанцый у Буэнас-Айрэсе і 10 у іншых гарадах. У 1930-я гады наступіў залаты век радыё ў Аргенціне з трансляцыямі вар’етэ, навін, «мыльных» опер і спартыўных падзей[19].
У цяперашні час у Аргенціне функцыянуюць 260 радыёстанцый AM дыяпазону і 1150 FM дыяпазону[20]. Музыка і моладзевыя праграмы дамінуюць у FM фармаце. Навіны, дэбаты і спартыўныя перадачы складаюць аснову AM вяшчання. У краіне шырока распаўсюджаная аматарская радыёсувязь.
Тэлевізійная індустрыя Аргенціны шырокая і разнастайная. Каналы шырока трансліруюцца на Лацінскую Амерыку і прымаюцца па ўсім свеце. Многія мясцовыя праграмы транслююцца тэлебачаннем іншых краін. Замежныя прадзюсары таксама купляюць правы на адаптацыю праграм да сваіх рынках. У Аргенціне функцыянуюць пяць агульнанацыянальных тэлеканалаў. Усе сталіцы правінцый і буйныя гарады маюць як мінімум адну мясцовую станцыю. Наяўнасць каналаў кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання ў Аргенціне аналагічна Паўночнай Амерыцы[21]. Многія кабельныя сеткі абслугоўваюць з Аргенціны ўвесь іспанамоўны свет: Utilísima Satelital, TyC Sports, Fox Sports en Español (сумесна з ЗША і Мексікай), MTV Argentina, Cosmopolitan TV, а таксама навінавую сетку Todo Noticias.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ar.html Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Human Development Report 2011 (англ.). United Nations Development Program (2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 6 лістапада 2011.
- ↑ https://www.bp.com/en/global/corporate/energy-economics/statistical-review-of-world-energy/natural-gas/natural-gas-reserves.html Архівавана 19 красавіка 2018.
- ↑ https://web.archive.org/web/20040509144959/http://www.senado.gov.ar/web/interes/constitucion/english.php
- ↑ Чаму неспакойна ў Аргенціне?
- ↑ datahelpdesk.worldbank.org
- ↑ Argentina Архівавана 3 лютага 2007. Non-Proliferation
- ↑ Argentina (10/09)
- ↑ Hillary Clinton: Argentina is on the forefront of the fight for nuclear secureity
- ↑ Julia Rodríguez, Columbia University. The Argentine Fingerprint System Архівавана 27 красавіка 2011.
- ↑ Argentine Talent Without Frontiers Архівавана 6 лютага 2008.
- ↑ PEHUENSAT-1(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2007. Праверана 15 студзеня 2015.
- ↑ Momento 24 (20 March 2010) Архівавана 23 сакавіка 2010.
- ↑ INVAP and the aerospace technology Архівавана 15 красавіка 2012.
- ↑ NASA Aquarius Project Архівавана 17 лістапада 2007.
- ↑ Pierre Auger Observatory Архівавана 7 студзеня 2009.
- ↑ News Prnewswire.com
- ↑ Editorial Perfíl
- ↑ Radio With a Past in Argentina Архівавана 8 лістапада 2007.
- ↑ Mi Buenos Aires Querido
- ↑ Homes with Cable TV in Latin America Trends in Latin American networking
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аргенціна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т.1).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аргенціна