Content-Length: 354601 | pFad | https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%86%D0%B7%D1%80%D0%B0%D1%96%D0%BB%D1%8C

Ізраіль — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Ізраіль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ізраіль
מדינת ישראל
(Medīnat (Y)isra'el)
دولة إسرائيل
(Dawlat Isrā'īl)
Сьцяг Ізраілю Герб Ізраілю
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Hatikvah (Надзея)»
Месцазнаходжаньне Ізраілю
Афіцыйная мова Іўрыт, арабская
Сталіца Ерусалім — фактычна, але не прызнаецца сусьветнай супольнасьцю; Тэль-Авіў — прызнаецца ў якасьці сталіцы ААН і замежнымі краінамі[1][2]
Найбуйнейшы горад Ерусалім
Форма кіраваньня Парлямэнцкая дэмакратыя[3]
Іцхак Герцаг
Бэньямін Нэтаньяху
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
149-е месца ў сьвеце
20 770 км²
2%
Насельніцтва
 • агульнае (2018)
 • шчыльнасьць

8 877 200[4]
365,3 чал/км²
СУП
 • агульны (2020)
 • на душу насельніцтва
50-е месца ў сьвеце
$373,689 млрд[5]
$28 500
Валюта Новы ізраільскі шэкель (NIS) (NIS, ILS)
Часавы пас
 • улетку
IST (UTC+2)
IDT (UTC+3)
Незалежнасьць
 — ад Вялікабрытаніі

14 траўня 1948
Аўтамабільны знак IL
Дамэн верхняга ўзроўню .il
Тэлефонны код +972

Дзяржа́ва Ізра́іль (па-габрэйску: מדינת ישראל, Medinat Yisra’el, па-арабску: لَةْ إِسْرَائِيل‎, Dawlat Isrā'īl) — краіна ў Азіі, на ўсходнім узьбярэжжы Міжземнага мора.

Плошча — 20,7 тыс. км². У чэрвені 1967 году падчас г. зв. «Шасьцідзённай вайны» Ізраіль акупаваў новыя арабскія тэрыторыі. Пасьля вяртаньня Эгіпту Сынайскага паўвостраву ў 1982 годзе і перадачы палестынскіх тэрыторыяў у сэктары Газа і на Заходнім беразе ракі Ярдан Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі, якая была створаная ў адпаведнасьці з палестынска-ізраільскімі дамоўленасьцямі 1993—1995 гадоў, Ізраіль працягвае стрымліваць вялікую частку Заходняга берагу, уключаючы Ўсходні Ерусалім, і сырыйскія Галянскія вышыні.

Сталіца — Ерусалім, большай часткай краінаў сьвету ў гэтай якасьці прызнаны Тэль-Авіў, што тлумачыцца абвінавачваньнямі з боку некаторых краінаў і ААН у акупацыі гораду.

Афіцыйная мова — іўрыт, шырока распаўсюджана арабская, ангельская мова і расейская мова. Дзяржаўнай рэлігіяй зьяўляецца юдаізм, хоць у працэсе стварэньня органаў улады Ізраіля паміж урадам і рабінатам было складзена дамова аб статус-кво, якое вызначае разьмежаваньне сфэраў дзейнасьці сьвецкіх і рэлігійных інстытутаў. Апроч таго, 20% жыхароў Ізраіля — мусульмане, каля 2% — хрысьціяне розных канфэсіяў.

Першапачаткова габрэі былі качавым народам і прыкладна ў 15 стагодзьдзі да нашай эры аселі на тэрыторыі сучаснага Ізраілю[6]. З-за распаўсюджваньня ісламу на Блізкім Усходзе ў 8-9 стагодзьдзях габрэям прыйшлося шукаць іншыя месцы жыхарства.

Абвяшчэньне незалежнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1940-я тэрыторыя Ізраілю ўваходзіла ў склад калёніі Палестына, мандат на якую мела Вялікабрытанія. 14 траўня 1948 году была падпісаная Дэклярацыя незалежнасьці, якая абвяшчала права Ізраілю на самастойнасьць ад Вялікабрытаніі. Ізраіль у той жа дзень прызналі ЗША, а празь некалькі дзён СССР. Першым прэм’ер-міністрам Ізраілю быў Давід Бэн-Гурыён.

Араба-ізраільская вайна 1948 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Араба-ізраільская вайна 1948 году — назва першай вайны супраць Ізраілю, у Ізраілі яна завецца «Вайна за незалежнасьць» (па-габрэйску: מלחמת העצמאות). У гэтай вайне Эгіпет, Сырыя, Лібан, Трансярданія, Саудаўская Арабія й Ірак напалі на толькі што створаны Ізраіль з мэтай зьнішчэньня новай дзяржавы. Паводле рэзалюцыі 181 Генэральнай асамблеі ААН ад 29 лістапада 1947 году аб падзеле брытанскай калёніі Палестына, на яе тэрыторыі павінны былі быць створаныя дзьве незалежныя дзяржавы — габрэйская й арабская, а таксама Вялікі Ерусалім — тэрыторыя, падкантрольная ААН. Кожная зь дзяржаваў павінна была складацца з трох тэрыторыяў, якія мяжуюць адна з адной толькі кутамі. Напад арабскіх войскаў меў месца ў ноч утварэньня дзяржавы Ізраіль, 14 траўня 1948. Стварэньнем ЦАХАЛ 31 траўня, дастаўкамі зброі звонку, у першую чаргу праз краіны — саюзьнікі СССР, і фінансавай дапамогай ЗША Ізраіль ужо ў чэрвені 1948 здолеў пачаць контрнаступленьне. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948 году каля паловы тэрыторыяў, вылучаных пад арабскую дзяржаву, а таксама Заходні Ерусалім апынуліся пад кантролем дзяржавы Ізраіль. Астатнія арабскія тэрыторыі, а таксама Ўсходні Ерусалім, апынуліся пад кантролем Ярданіі і Эгіпту і заставаліся пад іх кіраваньнем да Шасьцідзённай вайны 1967 году, у выніку якой Ізраіль акупаваў усю тэрыторыю Палестыны. З красавіка па сьнежань 1948 каля 720 000 палестынцаў сталі ўцекачамі (што атрымала ў арабскім сьвеце назву аль-На́кба (па-арабску: النكبة‎) — «Катастрофа»). З прычыны вайны ў Емэне, Эгіпце, Лібіі, Сырыі й Іраку прайшлі антыгабрэйскія дэманстрацыі й арганізаваныя жорсткія пагромы. Каля 600 000 габрэяў рэпатрыяваліся ў Ізраіль.

У студзені 1950 году кнэсэт абвясьціў сталіцай заходнюю частку Ерусаліму, якая паводле Агульнай дамовы 1949 году аб перамір’і паміж Ізраілем і Ярданіяй перайшла пад ізраільскі кантроль. У чэрвені 1967 году адразу пасьля канца арабска-ізраільскай вайны Ўсходні Ерусалім, акупаваны, як і ўвесь Заходні бераг і іншыя тэрыторыі, быў заканадаўча ўключаны Ізраілем у склад сваёй тэрыторыі і аб’яднаны з заходняй часткай гораду. 30 ліпеня 1980 году кнэсэт абвясьціў «аб’яднаны» Ерусалім «вечнай і непадзельнай» сталіцай Ізраілю. Гэтая акцыя была асуджаная Радай Бясьпекі ААН (рэзалюцыя №478 ад 20 жніўня 1980).

У чэрвені 1967 году падчас г. зв. «Шасьцідзённай вайны» Ізраіль акупаваў новыя тэрыторыі. Пасьля вяртаньня Эгіпту Сынайскага паўвостраву ў 1982 годзе і перадачы палестынскіх тэрыторыяў у сэктары Газа і на Заходнім беразе ракі Ярдан Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі, якая была створаная ў адпаведнасьці з палестынска-ізраільскімі дамоўленасьцямі 1993—1995 гадоў, Ізраіль працягвае стрымліваць вялікую частку Заходняга берагу, уключаючы Ўсходні Ерусалім, і сырыйскія Галанскія вышыні.

Да пачатку 1980-х гадоў арабскія дзяржавы (за выключэньнем Эгіпту) не прызнавалі правы дзяржавы Ізраіль на існаваньне й падтрымлівалі прэтэнзіі палестынскіх арабаў на ўсю тэрыторыю Палестыны.

13 чэрвеня 2007 году на пасаду прэзыдэнта Ізраілю быў абраны Шымон Пэрэс. 15 ліпеня 2007 году адбылося яго афіцыйнае заступленьне на пасаду. У 2014 годзе тэрмін паўнамоцтваў Шымона Пэрэса скончыўся і новым прэзыдэнтам абраны Рэўвэн Рыўлін. Ад 2021 году прэзыдэнтам зьяўляецца Іцхак Герцаг.

Валавы ўнутраны прадукт у 2009 склаў 206 430 мільярдаў даляраў ЗША[7] ці 28 393 даляраў ЗША на аднаго жыхара.

Ізраіль зьяўляецца рэспублікай парлямэнцкага тыпу. Краіна ня мае канстытуцыі; яе замяняюць асноўныя законы дзяржавы і асобныя заканадаўчыя акты. Найвышэйшы заканадаўчы орган — кнэсэт (аднапалатны парлямэнт са 120 дэпутатаў з 4-летнімі паўнамоцтвамі). Сьпікерам кнэсэту зьяўляецца Юлі-Ёэль Эдэльштайн (з 2013). Кіраўнік дзяржавы — абіраны кнэсэтам на 7-летні тэрмін прэзыдэнт, які валодае прадстаўніцкімі паўнамоцтвамі. У ліпені 2014 году прэзыдэнтам Ізраілю абраны Рэўвэн Рыўлін.

Рэальная ўлада находзіцца ў руках ураду, асноўныя рашэньні якога падлягаюць зацьвярджэньню кнэсэтам. Актуальны склад сфармаваны ў 2013 годзе, кіраўнік ураду — Бэньямін Нэтаньяху. З 1996 па 2001 гады прэм’ер-міністар абіраўся прамым усеагульным галасаваньнем. 7 сакавіка 2001 году кнэсэт аднавіў ранейшую выбарчую сыстэму — кіраўніком ураду становіцца лідэр партыі, якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах, ён жа прадстаўляе новы кабінэт міністраў на разгляд кнэсэту. Паколькі дагэтуль ніводнай ізраільскай партыі не атрымлівалася заваяваць абсалютнай парлямэнцкай большасьці (61 месца ў кнэсэце), усе кабінэты фармаваліся на кааліцыйнай аснове.

У Ізраілі існуе шматпартыйная сыстэма. 28 сакавіка 2006 году адбыліся датэрміновыя выбары ў кнэсэт 17-га скліканьня, перамогу на якіх атрымала партыя «Кадыма», створаная ў лістападзе 2005 году былым прэм’ер-міністрам Арыэлем Шаронам. На сакавік 2008 урадавая кааліцыя складаецца з прадстаўнікоў партыяў «Кадыма», «Авада», ШАС і «Гіль». Новыя выбары адбыліся ў 2013 годзе.

Улетку ў Ізраілі не перасыхаюць чатыры ракі: Ярдан, Кішон, Аляксандар і Яркон.

Узроставая піраміда насельніцтва Ізраілю

На 2018 год насельніцтва Ізраіля складала прыкладна 8,9 млн чалавек[8], зь якіх 74,5% зьяўляліся габрэямі[9], арабы складалі 20,9% насельніцтва[9]. За апошняе дзесяцігодзьдзе насельніцтва значна павялічылася за кошт працоўных мігрантаў з Румыніі, Тайлянду, Кітаю, Афрыкі і Паўднёвай Амэрыкі. Дакладныя лічбы мігрантаў невядомыя, бо многія зь іх жывуць у краіне нелегальна[10]. Каля 92% ізраільцянаў жывуць у гарадох[11].

Ізраіль быў створаны як радзіма для габрэйскага народу і часта згадваецца ў якасьці габрэйскае дзяржавы. Закон краіны аб вяртаньні прадастаўляе ўсім габрэям і асобам габрэйскага паходжаньня правы на ізраільскае грамадзянства[12]. Дзякуючы гэтаму закону Ізраіль з 1948 году зьведвае даволі масавую іміграцыю. Габрэйская эміграцыя з краіны адбываецца ў першую чаргу ў ЗША і Канаду, аднак, дэмографы лічаць эміграцыю даволі сьціплай зьявай[13], але часта цытуецца ізраільскімі ўрадавымі міністэрствамі як сур’ёзная пагроза для будучыні Ізраілю[14][15].

Тры чвэрці насельніцтва складаюць габрэі рознага паходжаньня. Каля 77% ізраільскіх габрэяў нарадзіліся ў Ізраілі, 16% складаюць выхадцы з Эўропы і Амэрыкі, і 7% імігрантаў — з Азіі і Афрыкі, у тым ліку з арабскага сьвету[16]. Габрэі з Эўропы і былога Савецкага Саюза і іхныя нашчадкі, якія нарадзіліся ў Ізраілі, у тым ліку габрэі ашкеназі, складаюць прыкладна 50% габрэйскіх ізраільцянаў. Габрэі, што пакінулі арабскія і мусульманскія краіны і іхныя нашчадкаў, у тым ліку мізрагім і сэфарды[17], складаюць большую частку астатняга габрэйскага насельніцтва[18][19]. Зьмешаныя шлюбы паміж габрэямі розных групаў складаюць ня больш за 35%, а апошнія дасьледаваньні паказваюць, што адсотак ізраільцянаў, якія маюць сярод бацькоў сэфардаў і ашкеназі павялічваецца на 0,5 адсоткаў кожны год, прычым больш за 25% дзяцей школьнага ўзросту, у цяперашні час, паходзяць з абедзьвюх абшчынаў[20]. Каля 4% ізраільцянаў, то бок 300 тысячаў чалавек, этнічна вызначаны як «іншыя», гэта расейскія нашчадкі габрэйскага паходжаньня або сем’і, якія не зьяўляюцца габрэямі паводле рабінскага закону, але маюць правы на атрыманьне ізраільскага грамадзянства ў адпаведнасьці з законам аб вяртаньні[21][22].

Агульная колькасьць ізраільскіх пасяленцаў за межамі зялёнай лініі складае больш за 600 тысячаў чалавек ці 10% габрэйскага насельніцтва Ізраілю[23]. У 2016 годзе каля 399 тысячаў ізраільцянаў пражывалі ў паселішчах на Заходнім беразе[24]. Акрамя паселішчаў на Заходнім беразе, налічвалася больш 200 тысячаў габрэяў, якія жывуць ва Ўсходнім Ерусаліме[25], і за 20 тысячаў у паселішчах на Галанскіх вышынях. Каля 7800 ізраільцянаў жылі ў селішчах у сэктары Газа, вядомы як Гуш-Катыф, пакуль яны не былі эвакуяваныя ўрадам паводле пляна разьяднаньня 2005 году[26].

Беларусы ў Ізраілі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Ізраілі стала пражывае шмат беларусаў і беларускіх габрэяў, такіх людзей налічваецца болей за 150 тысячаў. Шмат хто зь іх застаецца грамадзянамі Беларусі. У 1946 годзе было створаная Аб’яднаньне выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі, якое да 1985 году называлася «Арганізацыяй выхадцаў зь Менску і ягонага навакольля».

На сакавік 2012 году ў Ізраілі налічвалася каля 100 тысячаў габрэяў, якія паходзілі зь Беларусі і пераважна належалі да 2 хваляў павяртанцаў, то бок каля 50 тысячаў выхадцаў зь незалежнай Рэспублікі Беларусь (з 1991 году, і каля 55 тысячаў выхадцаў зь Беларускай ССР да 1991 году. У Аб’яднаньні выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі найбольшымі былі суполкі выхадцаў зь Менску, Віцебску, Гомля і Бабруйску. Большасьць прэзыдэнтаў і прэм’ераў Ізраілю паходзіла зь Беларусі, у тым ліку дзейныя на той час прэзыдэнт Шымон Пэрэс (2007—2014) і прэм’ер Бэньямін Нэтаньягу (1996—1999; з 2009 году)[27].

  1. ^ У адпаведнасьці зь некалькімі рэзалюцыямі ААН (у прыватнасьці, рэзалюцыя ГА ААН № 194 ад 11 сьнежня 1948 году), усталяваны статус Ерусаліма як муніцыпалітэта, зьмешчанага пад міжнародным кіраваньнем.
  2. ^ Ізраіль абвясьціў Ерусалім сталіцай у 1949 годзе адразу пасьля Вайны за незалежнасьць, аднак пасольствы большасьці краін разьмешчаныя ў Тэль-Авіве, Рамат-Гане і ГерцлііСайт Кнэсэту
  3. ^ Ізраіль, The World Factbook (Central Intelligence Agency) (анг.)
  4. ^ Насельніцтва
  5. ^ Сьпіс краін паводле СУП (анг.) База дадзеных Сусьветны экнамічны агляд (красавік 2021). Міжнародны валютны фонд. Праверана 28 жніўня 2021 г.
  6. ^ About Israel Content (рас.)
  7. ^ Ізраіль на бачыне Міжнароднага валютнага фонду
  8. ^ «Home page». Israel Central Bureau of Statistics.
  9. ^ а б «Latest Population Statistics for Israel». Jewish Virtual Library.
  10. ^ «ISRAEL: Crackdown on illegal migrants and visa violators». IRIN.
  11. ^ «THE LAND: Urban Life». Israel Ministry of Foreign Affairs.
  12. ^ «The Law of Return». Knesset.
  13. ^ Herman, Pini (1 September 1983). «The Myth of the Israeli Expatriate». Moment Magazine. 8 (8): 62—63.
  14. ^ Gould, Eric D.; Moav, Omer (2007). «Israel’s Brain Drain». Israel Economic Review. 5 (1): 1—22. SSRN 2180400.
  15. ^ «Officials to US to bring Israelis home». The Jerusalem Post.
  16. ^ «Jews, by Continent of Origin, Continent of Birth & Period of Immigration». Israel Central Bureau of Statistics.
  17. ^ Harvey E. Goldberg. "From Sephardi to Mizrahi and Back Again: Changing Meanings of «Sephardi» in Its Social Environments ". Jewish Social Studies. New Series, Vol. 15, No. 1, Sephardi Identities (Fall, 2008). — С. 165—188.
  18. ^ «The myth of the Mizrahim». The Guardian.
  19. ^ «Jewish Refugees from Arab Countries». Jewish Virtual Library.
  20. ^ Okun, Barbara S.; Khait-Marelly, Orna (2006). «Socioeconomic Status and Demographic Behavior of Adult Multiethnics: Jews in Israel». Hebrew University of Jerusalem.
  21. ^ «Jewish Demographic Policies». The Jewish People Policy Institute.
  22. ^ «Defying demographic projections». Israel Hayom.
  23. ^ «Settlements: The Real Story». The American Prospect.
  24. ^ «Localities and Population, by Population Group, District, Sub-District and Natural Region». Israel Central Bureau of Statistics.
  25. ^ «Population of Jerusalem, by Age, Religion and Geographical Spreading, 2015». Jerusalem Institute for Israel Studies.
  26. ^ «Settlements in the Gaza Strip». Settlement Information.
  27. ^ Зоя Сьветлая. Беларуская абшчына ў Ізраілі — адна з самых уплывовых // Зьвязда : газэта. — 28 сакавіка 2012. — № 59 (27174). — С. 4. — ISSN 1990-763x.








ApplySandwichStrip

pFad - (p)hone/(F)rame/(a)nonymizer/(d)eclutterfier!      Saves Data!


--- a PPN by Garber Painting Akron. With Image Size Reduction included!

Fetched URL: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%86%D0%B7%D1%80%D0%B0%D1%96%D0%BB%D1%8C

Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy