Content-Length: 342130 | pFad | https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BB%D1%8C%D0%B1%D0%B0%D0%BD%D1%96%D1%8F

Альбанія — Вікіпэдыя Перайсьці да зьместу

Альбанія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Альбанія
Republika e Shqipërisë
Сьцяг Альбаніі Герб Альбаніі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Feja e Shqiptarit është Shqiptaria
Дзяржаўны гімн: «Himni i Flamurit»
Месцазнаходжаньне Альбаніі
Афіцыйная мова Альбанская
Сталіца Тырана
Найбуйнейшы горад Тырана
Форма кіраваньня Рэспубліка
Байрам Бэгай
Эдзі Рама
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
145-е месца ў сьвеце
28 748 км²
4,7%
Насельніцтва
 • агульнае (2015)
 • шчыльнасьць
137-е месца ў сьвеце
3 029 278[1]
105/км²
СУП
 • агульны (2015)
 • на душу насельніцтва
125 месца ў сьвеце
$32,44 млрд
$10709
Валюта Лек (ALL)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць
— ад Асманскай імпэрыі

28 лістапада 1912
Дамэн верхняга ўзроўню .al
Тэлефонны код +355
Мапа Альбаніі
Мапа Альбаніі

Альба́нія (па-альбанску: Shqipëria, Рэспубліка Альбанія) — краіна ў Паўднёвай Эўропе на Балканах на ўзьбярэжжы Адрыятычнага і Іянічнага мораў. Мяжуе з Грэцыяй (282 км), Паўночнай Македоніяй (151 км), Косавам (114 км) і Чарнагорыяй (173 км). Агульная даўжыня межаў складае 1082 км, зь іх 720 па сушы і 362 па моры. Назва краіны паходзіць ад ілірыйскага «olba» — «паселішча».

У старажытнасьці тэрыторыя сучаснай Альбаніі ўваходзіла ў склад Ілірыі, заселенай індаэўрапейскімі плямёнамі ілірыйцаў. Пазьней ілірыйцы перамяшаліся са славянамі і тракамі. У 168 годзе Ілірыя была заваяваная Рымскай імпэрыяй, а з 395 году ўвайшла ў склад Усходняй Рымскай імпэрыі. У канцы VI — пачатку VII стагодзьдзяў сюды пачалі прыбываць славяне. З IX да XI стагодзьдзя тэрыторыя Альбаніі ўваходзіла ў склад Баўгарскага царства.

Першая альбанская краіна ўзьнікла ў XII стагодзьдзі, а ў XIV стагодзьдзі яна была заваяваная Сэрбіяй. Каля 1435 году Альбанія была заваяваная Атаманскай імпэрыяй. У гэты час альбанскія фэадалы актыўна пераходзілі ў іслам, каб захаваць свае маёнткі і багацьце. Дзякуючы гэтаму альбанскія арыстакраты часта займалі адказныя пасады на заваяваных славянскіх тэрыторыях Атаманскай імпэрыі.

У ХІХ стагодзьдзі пачаўся нацыянальна-вызваленчы рух, а ў 1912 годзе альбанскі Народны кангрэс абвясьціў незалежнасьць Альбаніі. У 1913 годзе былі спробы падзяліць Альбанію паміж Грэцыяй і Сэрбіяй. Да Другой сусьветнай вайны Альбанія паступова пераўтваралася ў княства. 1 верасьня 1928 году Альбанія стала каралеўствам. Потым стала рэспублікай і зноў каралеўствам.

16 красавіка 1939 году Альбанія была заваяваная Італіяй, а італьянскі кароль Віктар Эмануэль ІІІ быў абвешчаны альбанскім каралём. Пасьля 1941 году да альбанскага пратэктарату было далучана Косава. У красавіку 1943 году краіна была занятая нямецкімі войскамі. У 1943—1944 гадах у Альбаніі пачаў дзейнасьць моцны камуністычны рух.

Пасьля выхаду акупацыйных войскаў у краіне пачалася барацьба за ўладу паміж манархічнымі і камуністычнымі сіламі, якая скончылася перамогай камуністаў. Яны перамаглі дзякуючы дапамозе югаслаўскага кіраўніка Ёсіпа Броз Ціта. 28 лістапада 1944 году Альбанія стала народнай рэспублікай пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі і яе кіраўніка Энвэра Ходжа. 29 лістапада 1944 году Альбанія была вызваленая з-пад акупацыі, ад таго часу гэты дзень сьвяткуецца як Дзень вызваленьня. Ёсіп Броз Ціта прапанаваў увайсьці ў склад Югаславіі Альбаніі і Баўгарыі, плянуючы стварэньне Вялікай Югаславіі, але гэтыя пляны не былі зьдзейсьненыя.

У 1946 годзе ЗША наклалі вэта на ўступ Альбаніі ў склад Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Альбанія была прынятая ў ААН 14 сьнежня 1955 году.

З 1960-х гадоў Альбанія пачала выходзіць з-пад кантролю СССР. У 1968 годзе Альбанія асудзіла інтэрвэнцыю савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну і выйшла з Варшаўскай дамовы. З гэтага часу сваю зьнешнюю палітыку камуністычная Альбанія кіравала на мааісцкі Кітай. Альбанія стала першай краінай у сьвеце, якая абвясьціла сябе атэістычнай краінай. У 1976 годзе назва краіны была зьменена на Народная Сацыялістычная Рэспубліка Альбанія.

У канцы 1970-х гадоў, пасьля сьмерці Мао Цзэдуна ў Кітаі, у Альбаніі пачалася міжкланавая барацьба за ўладу, якая абвастрылася пасьля сьмерці прэм’ер-міністра Мэхмэта Шэху, абвінавачанага Ходжам у шпіянажы. Сьмерць Ходжы ў 1985 годзе дала пачатак паступовай дэмакратызацыі краіны.

У 1991 годзе ў выніку першых свабодных выбараў перамаглі камуністы, але праз год іх перамаглі дэмакратычныя сілы. У выніку эканамічнага крызісу 1997 году, які выклікаў антыўрадавыя паўстаньні, да ўлады прыйшла апазыцыя. Праз восем гадоў Сацыялістычная партыя страціла ўладу, і ў 2005 годзе на парлямэнцкіх выбарах перамаглі дэмакратычныя партыі. У 2009 годзе Альбанія далучылася да НАТО. У 2009 годзе Альбанія пачала працэдуру далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу. У 2011 годзе ў сталіцы Альбаніі Тыране прайшлі акцыі пратэстаў супраць карупцыі дзейнага ўраду, у выніку трое дэманстрантаў загінулі[2]. 23 чэрвеня 2013 году на чарговых парлямэнцкіх выбарах перамагла левацэнтрысцкая Сацыялістычная партыя на чале з мэрам Тыраны Эдзі Рамам[3].

Альбанія — прэзыдэнцкая рэспубліка. Апошняя канстытуцыя прынятая 21 кастрычніка 1998 году[4]. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парлямэнту (140 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраюцца на чатырохгадовы тэрмін. З 1990 году дзейнічае шматпартыйная палітычная сыстэма. Асноўнымі партыямі Альбаніі зьяўляюцца: Сацыялістычная партыя Альбаніі (PS, лідэр прэм’ер-міністар Эдзі Рама) і Дэмакратычная партыя (PD, лідэр — Lulzim Basha).

Асноўныя гарады: Дурэс (203 тыс. чалавек), Уляра (135 тыс. чалавек), Эльбасан (124 тыс. чалавек), Шкодэр (111 тыс. чалавек).

Самы высокі пункт: Малі э Карабіт (2751 м).

75% тэрыторыі займаюць горы. Невялікія нізінныя абшары разьмешчаныя на ўзьбярэжжы Адрыятычнага мора і ў далінах рэк Дрын, Семан, Вьёса, у затоцы Дурэс[5]. На мяжы знаходзяцца тры вялікія возеры: Ахрыдзкае, Шкодэрскае і Прэспа. Альбанія аддзеленая ад Італіі пралівам Отранта[6].

Да канца 1980-х гадоў у краіне дзейнічала плянавая эканоміка, з 1988 году пачаўся паступовы пераход да рынкавай эканомікі. Хуткі рост эканомікі пачаўся ў 2000 годзе, калі штогадовы рост склаў 6—7%, адначасова колькасьць замежных інвэстыцыяў складае каля 50% СУП (у 2004 годзе замежныя інвэстыцыі склалі 5,7 млрд эўра, €1780 на кожнага жыхара). Але нягледзячы на гэта краіна, разам з Малдовай і Сэрбіяй застаецца адной з самых бедных у Эўропе. Існуюць меркаваньні, што рост эканомікі Альбаніі, які можа вывесьці яе на ўзровень, дастатковы для прыняцьця Альбаніі ў Эўрапейскі Зьвяз, можа заняць да дваццаці гадоў.

Значныя мінэральныя багацьці краіны робяць прывабным разьвіцьцё здабываючай галіны прамысловасьці. У наш час вядзецца здабыча хрому, медзі, жалеза, нікелю, нафты, прыроднага газу, вугалю і баксытаў. Каля возера Прэспа знаходзіцца адно з багацейшых радовішчаў прыроднага асфальту.

Большую частку электрычнасьці краіна выпрацоўвае на гідраэлектрастанцыях.

У Альбаніі існуюць прадпрыемствы будаўнічай, электратэхнічнай, лёгкай, мэталапераапрацоўчай і харчовай прамысловасьці. Альбанія зьяўляецца буйным вытворцам тытунёвых вырабаў. На 2020 год найбольшым холдынгам краіны быў «Балфін».

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адміністрацыйны падзел Альбаніі

Альбанія падзелена на 12 абласьцей (корча), якія, ў сваю чаргу, дзеляцца на 36 акругаў (рэці):

Прэфэктура Насельніцтва Плошча, км² Сталіца
Бэрацкая вобласьць 193 855 1802 Бэрат
Влёрская вобласьць 193 361 2706 Влёра
Гіракастраўская вобласьць 114 293 2883 Гіракастра
Дыбэрская вобласьць 191 035 2600[4] Пэшкапія
Дурэская вобласьць 247 345 827 Дурэс
Корчанская вобласьць 266 322 3711 Корча
Кукэская вобласьць 112 050 2373 Кукес
Лежанская вобласьць 159 792 1581 Лежа
Тыранская вобласьць 601 565 1586 Тырана
Фіерская вобласьць 384 386 1887 Фіеры
Шкодэрская вобласьць 257 018 3500 Шкодэр
Эльбасанская вобласьць 366 137 3200 Эльбасан

Колькасьць насельніцтва Альбаніі пачала зьмяншацца з 1998 году, у выніку эміграцыі ў Італію і Грэцыю. Этнаграфічны склад насельніцтва складаецца з альбанцаў (82,6%, 2011 год), грэкаў (0,9%) і македонцаў (пражываюць уздоўж усходняй мяжы). Каля 60% насельніцтва — мусульмане, 6,8% — праваслаўныя хрысьціяне, 10% — каталікі (2011 год)[7].

  1. ^ "The World Factbook". Cia.gov. Праверана 28 сакавіка 2016.
  2. ^ Прэм'ер Альбаніі: ніхто не захопіць уладу гвалтам. Радыё Свабода (22 студзеня 2011).
  3. ^ Альбанія можа сёлета стаць кандыдатам у Эўразьвяз. Радыё Свабода (18 верасьня 2013).
  4. ^ а б С. А. Тархов, Б. А. Страшун, А. А. Зарщиков, П. И. Пучков, Г. Л. Арш, Г. А. Налётов, А. Н. Прокинова, Г. В. Прутцков, В. С. Модестов, Л. И. Тананаева, В. С. Модестов/2005/. С. А. Тархов, Б. А. Страшун, А. А. Зарщиков, В. Хусаинов , Г. Л. Арш, Г. А. Налётов, В. И. Линдер, Г. В. Прутцков, П. С. Павлинов. , В. С. Модестов/2016/. Актуализация: редакция БРЭ /2020/. АЛБАНИЯ // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2020); https://web.archive.org/web/20200801055916/https://bigenc.ru/geography/text/5595796 Дата обращения: 08.09.2020
  5. ^ Албания // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  6. ^ Албанія // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1. С. 229
  7. ^ Elez Biberaj, Peter R. Prifti (October 04, 2019) Albania Encyclopædia Britannica. Encyclopædia Britannica, inc. Праверана September 08, 2020 г.








ApplySandwichStrip

pFad - (p)hone/(F)rame/(a)nonymizer/(d)eclutterfier!      Saves Data!


--- a PPN by Garber Painting Akron. With Image Size Reduction included!

Fetched URL: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BB%D1%8C%D0%B1%D0%B0%D0%BD%D1%96%D1%8F

Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy