Acanthodii Owen, 1846
Акантоды (Acanthodii) — клас вымерлых рыб.
Мелі невялікае (даўжыня да 0,5 м) верацёнападобнае цела з луской ганоіднага тыпу, з дробнымі пласцінкамі на галаве, з шыпамі (іхтыядаруліты) перад усімі плаўнікамі, акрамя хваставога.
Вядомы з адкладаў позняга сілуру — ранняй пермі Еўразіі, Паўночнай Амерыкі, Аўстраліі, Антарктыды.
Жылі пераважна ў прэсных вадаёмах з імклівым цячэннем, радзей у лагунах і морах. У асноўным планктафагі.
Падзелены на 4 атрады. Магчыма, ад прымітыўных акантодаў адасобіліся прамянёвапёрыя рыбы.
Многія віды маюць стратыграфічнае значэнне. На Беларусі рэшткі акантодаў (луска, шыпы) выяўлены ў адкладах ніжняга і сярэдняга дэвону.