Перайсці да зместу

Вігі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вігі
англ.: Whigs
Выява лагатыпа
Лідар Энтані Эшлі Шэфтсберы[en] (першы лідар)
Заснавальнік Anthony Ashley Cooper, 1st Earl of Shaftesbury[d]
Дата заснавання 1678
Дата роспуску 6 чэрвеня 1859
Краіна
Ідэалогія парламентарызм, лібералізм, пратэкцыянізм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ві́гі (англ.: Whigs) — палітычная партыя Каралеўства Англія, Каралеўства Вялікабрытанія і Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі ў 16781859 гадах.

Першапачаткова вігі ўзніклі як парламенцкая фракцыя падчас палітычнага крызісу 1678—1681 гадоў, калі частка парламента на чале з Энтані Эшлі Шэфтсберы[en] выступіла за адхіленне права Якава, герцага Ёркскага, заняць пасаду караля. Назва гэтай фракцыі паходзіць ад скарачэння слова whiggamor, якім у Англіі звычайна называлі заходніх шатландцаў або шатландскую апазіцыю. Каралеўскія ўлады абапіраліся ў барацьбе з вігамі на торы. У 1680—1681 гадах прыхільнікі Э. Э. Шэфтсберы занялі большасць месцаў у парламенце, аднак не здолелі канчаткова прыняць закон аб адхіленні з-за палітычных маніпуляцый Карла II і рэпрэсій супраць правадыроў вігаў, абвінавачаных у змове.

Пасля Славутай рэвалюцыі дзейнасць вігаў узнавілася. Частка з іх актыўна супрацоўнічала з каралеўскімі ўладамі, аднак большасць на чале з Робертам Харлі склалі апазіцыю, да якой далучыліся некаторыя торы. Да пачатку XVIII стагоддзя вігі стала атрымлівалі падтрымку пераважна ад выбаршчыкаў у гарадах, аднак унутраны склад партыі быў надзвычай стракатым, яна падзялялася на фракцыі, часам з рознабаковымі палітычнымі інтарэсамі.

Каранаваны ў 1714 годзе Георг I зрабіў стаўку на ўрад вігаў. Парламенцкая рэформа садзейнічала змене прапорцый пры выбарах, так што партыя старых торы пацярпела паражэнне і фактычна была ліквідавана. Да ўзыходжання Георга III вігі кантралявалі ўрад, парламент і аказвалі непасрэдны ўплыў на судовую сістэму. Праведзеныя імі рэформы садзейнічалі памяншэнню ўлады манарха, забароне перадачы ваенных і дзяржаўных пасад па спадчыне, скарачэнню падаткаў і ўрадавых выдаткаў, развіццю гандлёвых зносін і прамысловасці, пашырэнню каланіяльнай імперыі. Пасля перамогі ў Сямігадовай вайне Вялікабрытанія ператварылася ў адну з наймацнейшых краін Еўропы.

Аднапартыйная сістэма, што склалася ў брытанскім парламенце ў 1714—1760 гадах, спрыяла раз’яднанню вігаў, вылучэнню груп з рознымі палітычнымі імкненнямі. У сваіх мэтах гэта выкарыстаў кароль Георг III. Ён адасобіў найбольш уплывовых вігскіх палітыкаў ад важных пасад. У 1783 годзе частка вігаў на чале з Уільямам Пітам Малодшым склала самастойную групу новых торы. Вігам даводзілася або дзяліць уладу з новымі торы, або выступаць як апазіцыя. У барацьбе за парламенцкія месцы яны арыентаваліся на сярэдні клас выбаршчыкаў, таму выступалі за далейшыя парламенцкія рэформы і пашырэнне шэрагаў тых, хто меў права голасу.

Вігі вярнулі сабе ўладу ў 1830 годзе, калі быў сфарміраваны кабінет на чале з Чарльзам Грэем. Для падтрымкі ўрада правадыры вігаў стварылі сетку клубаў, адкрытую для выбаршчыкаў. Найбольш уплывовым стаў Рэфармісцкі клуб (англ.: Reform Club), заснаваны ў 1836 годзе пры падтрымцы Кампаніі Гудзонава заліва. На яго аснове ў 1859 годзе была створана лепей арганізаваная Ліберальная партыя. Яе члены доўгі час працягвалі называць сябе вігамі.

Ідэалогія партыі вігаў несупынна фарміравалася ад часу яе ўзнікнення ў якасці парламенцкай фракцыі да другой паловы XVIII стагоддзя. Вялікі ўплыў на яе аказалі працы Дж. Мільтана, Дж. Лока і Э. Сідні[en], што выступалі за натуральныя правы і суверэнітэт народа. Дзякуючы Эдмунду Хікерынгілу[en] з 1682 года ідэалогія вігаў атрымала найменне «вігізм». Носьбіты вігізму стала трымаліся пашырэння ўлады парламента і рэлігійнага міру паміж пратэстантамі. Пратэкцыянізм у адносінах да французскіх тавараў зрабіў вігаў у апошняе дваццацігоддзе XVII стагоддзя надзвычай папулярнымі сярод гараджан. Тым не меней, большасць палітыкаў-вігаў належалі да буйных землеўласнікаў. Яны арыентаваліся на Царкву Англіі і Царкву Шатландыі, крытыкавалі папізм быццам бы за падтрымку іерархічнага грамадства.

У XVIII стагоддзі знутры вігізму выспявалі ліберальныя погляды. У палітычных мэтах вігі засноўвалі газеты, аказвалі непасрэдны ўплыў на тэатр і літаратуру. Найбольш вядомымі пісьменнікамі, што арыентаваліся на вігізм, сталі паэт і драматург Г. Керы[en], памфлетыст і празаік Д. Дэфо. Уздзеянне вігізму адлюстравана ў фарміраванні поглядаў дыяметральна процілеглых палітычных філосафаў Э. Бёрка, заснавальніка ідэі палітычнага кансерватызму, А. Сміта, заснавальніка сучаснай эканамічнай тэорыі, і ўтылітарыста Дж. Бэнтама.

З канца XVIII стагоддзя, калі вігі Вялікабрытаніі апынуліся ў апазіцыі да новых торы, адстойванне парламентарызму, абмежавання манархіі, свабоднага гандлю і грамадзянскай адказнасці падавалася як імкненне да сацыяльнага прагрэсу. У XIX стагоддзі ўзнікла вігская гістарыяграфія, якая падкрэслівала моц лібералізму ў параўнанні з рэвалюцыйнымі ідэямі.

Вігізм быў пашыраны не толькі ў метраполіі, але ў брытанскіх калоніях. У паўночнаамерыканскіх калоніях палітыкі-вігі далучыліся да руху ў падтрымку незалежнасці ЗША і пазней стварылі амерыканскую партыю вігаў. У Індыі вігізм таксама першасна ўплываў на станаўленне руху за незалежнасць.

pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy