Дамара
Дамара (Damaqua) | |
Агульная колькасць | 140 000 (2014 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Намібія |
Мова | нама |
Рэлігія | хрысціянства, монатэізм |
Блізкія этнічныя групы | нама, орлам |
Дама́ра (саманава: Damaqua) — народ у Намібіі. Размаўляе на кайсанскай мове, аднак мае адрознае ад кайсанскіх народаў паходжанне. У 2014 г. налічвалася каля 140 000 дамара.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне дамара пакуль мала даследавана. Яны размаўляюць на той жа мове, што і нама, аднак знешне выглядаюць як банту і адасабляюць сябе ад кайсанскіх народаў. Згодна меркаванням антраполагаў, дамара могуць быць нашчадкамі першых банту, якія мігрыравалі ў Паўднёвую Афрыку, або прадстаўнікоў больш ранняй міграцыі іншых моўных груп з Цэнтральнай Афрыкі.
Згодна паданням саміх дамара, іх продкі з канца XIV ст. мелі агульнага вярхоўнага правадыра і насялялі рэгіён ракі Куненэ. Аднак у XVII ст. дамара пацярпелі паражэнне ад ворагаў і былі вымушаны разысціся ў розныя раёны сучаснай цэнтральнай Намібіі.
З канца XVIII ст. дамара знаходзіліся ў саюзніцкіх адносінах з нама, ад якіх перанялі мову і лад жыцця жывёлагадоўцаў.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Да з'яўлення ў Намібіі белых перасяленцаў дамара вялі качавы лад жыцця, займаліся паляваннем і збіральніцтвам, у меншай ступені — жывёлагадоўляй. У нашы дні жывёлагадоўля з'яўляецца найбольш важным заняткам сельскіх жыхароў. Дамара трымаюць буйныя статкі авечак і кароў. Земляробства адыгрывае дапаможную ролю. Многія дамара жывуць у гарадах, працуюць у адміністрацыі і на прадпрыемствах. Традыцыйныя рамёствы — здабыча медзі, выраб керамікі.
Традыцыйна дамара падзяляюцца на 11 рэгіянальных супольнасцяў хаоці. Яны ўзніклі ў выніку раз'яднання XVII ст. Хаоці складаюцца з вялікіх пашыраных сем'яў. Дамара не фарміруюць асобныя паселішчы, але нават у гарадах імкнуцца жыць асобна ад прадстаўнікоў іншых этнічных груп. Фармальна ўсе хаоці падпарадкоўваюцца адзінаму вярхоўнаму правадыру, які таксама ўзначальвае палітычную партыю Аб'яднаны Дэмакратычны Фронт, што абараняе інтарэсы дамара.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйныя рэлігійныя вераванні заснаваны на шанаванні вярхоўнага бажаства Кгамаб, што жыве на небе, распараджаецца вадой і жыццём людзей. Пасля смерці душы накіроўваюцца да Кгамаб. Рытуалы шанавання ўключаюць сумесныя зборы ля вогнішча, распіванне святых напояў.
З канца XIX ст. многія вернікі-дамара спавядаюць пратэстантызм.