Дэмакратыя
Дэмакратыя | |
---|---|
Код WordLift | data.thenextweb.com/tnw/… |
Аб’яднанне | спіс у кваліфікатарах[d] |
Процілегла | аўтакратыя |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дэмакратыя (грэч. δημοκρατία — «улада народа»), від палітычнага ладу дзяржавы або палітычнай сістэмы грамадства, пры якім заканадаўчыя і выканаўчыя функцыі ажыццяўляюцца як праз прамое народаўладдзе (прамая дэмакратыя), так і праз прадстаўнікоў, якія выбіраюцца народам ці якой-небудзь яго часткай (прадстаўнічая дэмакратыя). Галоўнай прыкметай дэмакратыі з’яўляецца забеспячэнне прапарцыйнага прадстаўніцтва ва ўладзе як мага шырэйшых інтарэсаў насельніцтва, прысутных у краіне, а таксама дынамічная змена прадстаўнічай улады разам са зменай адпаведных інтарэсаў у часе. Паколькі ідэал народаўладдзя цяжкадасягальны і мае розныя тлумачэнні, прапаноўвалася мноства практычных мадэляў. Да XVIII стагоддзя найбольш вядомай мадэллю была прамая дэмакратыя, дзе грамадзяне ажыццяўляюць сваё права прыняцця палітычных рашэнняў непасрэдна, за кошт дасягнення кансэнсуса ці з дапамогай працэдураў падпарадкавання меншасці большасці. У прадстаўнічай дэмакратыі грамадзяне ажыццяўляюць тое ж права праз абраных імі дэпутатаў і іншых службовых асоб шляхам дэлегавання ім часткі ўласных правоў, пры гэтым абраныя кіраўнікі прымаюць рашэнні з улікам пераваг кіруемых і адказваюць перад імі за сваі дзеянні. Дэмакратыя можа існаваць ва ўнітарных дзяржавах (Францыя, Швецыя, Партугалія, Японія) і ў федэратыўных дзяржавах (Швейцарыя, ЗША, Германія, Канада, Бразілія, Індыя).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Антычнасць
[правіць | правіць зыходнік]Тэрмін «дэмакратыя» ўпершыню з’явіўся ў старажытнагрэчаскай палітычнай і філасофскай думцы. Як правіла, першымі дэмакратыямі лічацца старажытнагрэчаскія гарады-дзяржавы ў Афінах, створаныя на чале з Клейстэнам ў 507 годзе да нашай эры. Клейстэна называюць «бацькам афінскай дэмакратыі»[1]. Афінскі філосаф Платон супрацьпастаўляў дэмакратыі сістэму «рэгулюючага кіравання», з альтэрнатыўнымі сістэмамі манархіі (кіраванне аднаго чалавека), алігархіі (кіраванне малага класа эліты) і тымакратыі (кіраванне класа ўласнікаў). Сёння класычная афінская дэмакратыя, на думку многіх, з’яўлялася прамой дэмакратыяй. Першапачаткова гэтая форма ўлады мела дзве адметныя асаблівасці: па-першае, выбар па жэрабі для звычайных грамадзян на пасады дзяржаўных устаноў і судоў і, па-другое, сход усіх грамадзян[2]. Усе грамадзяне мелі права выступаць і галасаваць на сходзе, дзе прымаліся законы горада-дзяржавы. Тым не менш, афінскімі грамадзянамі з’яўляліся толькі мужчыны, якія нарадзіліся ад афінскіх бацькоў і мелі ўзрост большы за 20 гадоў. Усе жанчыны, рабы, замежнікі і мужчыны ва ўзросце да 20 гадоў правы грамадзян не мелі. З прыкладна 200—400 тысяч жыхароў налічвалася толькі 30—60 тысяч грамадзян. Абраныя генералы часцяком мелі значны ўплыў на сходах. Гэтак, Перыкл быў дэ-факта шматгадовым палітычным лідарам Афін, падчас перыяду, калі яго абіралі на дзяржаўныя пасады агулам 15 гадоў запар.
Іншыя перыяды
[правіць | правіць зыходнік]З ускладненнем дзяржаўных задач, прамая дэмакратыя была практычна паўсюдна выцесненая манархічнымі формамі кіравання. У цяперашні час дэмакратычнае кіраванне звычайна носіць форму заходняй еўрапейскай прадстаўнічай дэмакратыі, якая атрымала назву «ліберальная дэмакратыя». Сярод яе тэарэтычных заснавальнікаў былі Жан-Жак Русо (1712—1778), Джон Лок (1632—1704) і Мантэск’ё (1689—1755). Развіццё сродкаў масавай камунікацыі, аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі, тэорыі штучнага інтэлекта з інжынерыяй ведаў, з улікам нарастальных складанасцей з рэалізацыяй прадстаўнічай дэмакратыі, адрадзіла цікавасць да яе прамых формаў.
Рускі філосаф Павел Іванавіч Наўгародцаў сцвярджаў, што «З цяжарам народаўладдзя можа зладзіцца толькі народ, здольны да самаабмежавання».
Прыкметы дэмакратычнай дзяржавы
[правіць | правіць зыходнік]Сучаснае паняцце дэмакратыі ўключае наступныя грамадзянскія правы і свабоды:
- свабоду слова пры наяўнасці адказнасці за выкарыстанне дадзенага права;
- свабоду веравызнання і адпраўлення веры, рэлігійных культаў і абрадаў;
- аддзяленне рэлігіі ад дзяржавы і школы;
- свабоду выбара мовы міжасобасных зносін;
- незалежнасць друку і іншых сродкаў масавай інфармацыі (уключаючы тэлебачанне);
- дэпалітызацыю і дэпартызацыю войска, паліцыі, органаў дзяржаўнай бяспекі, пракуратуры і суда, радавога (непалітычнага) складу апарата органаў дзяржаўнай улады і кіравання;
- грамадзянскі, грамадскі і парламенцкі кантроль за войскам, паліцыяй, органамі дзяржбяспекі і іншымі сілавымі структурамі
- права грамадзяніна на вольнае атрыманне і распаўсюджванне поўнай, пэўнай і праўдзівай інфармацыі аб дзейнасці органаў улады і кіравання;
- свабоду творчасці і творчага самавыяўлення, і ў прыватнасці свабоду выразу меркаванняў;
- свабоду мірных збораў, шэсцяў, мітынгаў і дэманстрацый;
- свабоду саюзаў, арганізацый і палітычных партый, не забароненых законам;
- права грамадзян свабодна аб’ядноўвацца ў любыя не забароненыя законам грамадскія арганізацыі, групы, саюзы і палітычныя партыі;
- гарантыі асабістай недатыкальнасці грамадзян;
- права чалавека на жыццё, асабістую волю і бяспеку;
- права прыватнай уласнасці, гарантыі яе недатыкальнасці і права на свабоду не забароненай законам эканамічнай дзейнасці;
- незалежнасць і бесстароннасць суда;
- права чалавека на сумленны і аб’ектыўны разгляд яго справы ў судзе пры забеспячэнні рэальнай спаборнасці бакоў абвінавачвання і абароны і строгім захаванні прэзумпцыі невінаватасці;
- строгае захаванне прынцыпу падзелу заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады;
- адказнасць службоўцаў выканаўчай улады перад прадстаўнічымі органамі
- абмежаванне ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць эканамічных суб’ектаў, грамадзян, грамадскіх арганізацый, партый і рухаў, рэлігійных канфесій, органаў мясцовага самакіравання;
- моцнае мясцовае самакіраванне;
- развітае грамадзянскае грамадства;
- развітыя інстытуты парламентарызму, уключаючы парламенцкія расследаванні;
- усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры забеспячэнні рэальнага раўнапраўя і спаборнасці кандыдатаў, палітычных партый і рухаў і іх праграм;
- дзяржаўныя гарантыі ўнутрапартыйнай і ўнутрапрафсаюзнай дэмакратыі, у прыватнасці гарантыі вольнага існавання ўнутрапартыйных фракцый і захавання вызначаных працэдур пры выбарах партыйных органаў — гэта не можа з’яўляцца ўнутранай справай ні адной партыі, прэтэндуючай на ўдзел у выбарах.
Сучасныя тэорыі дэмакратыі
[правіць | правіць зыходнік]- Партысіпацыённая
- Плебісцытарная
- Плюралістычная
- Рынкавая
- Сацыялістычная (сацыял-дэмакратыя)
- Паліархія
- Інфармацыйная
Функцыі дэмакратыі
[правіць | правіць зыходнік]Эфектыўнае змаганне з завышанай грамадскімі лідарамі ацэнкай вынікаў сваёй дзейнасці. Аб’ектыўную адзнаку якасці грамадскага кіравання можна атрымаць толькі на выбарах ва ўмовах свабодных камунікацый. Мэтапакладанне — дэмакратыя прымушае палітычных лідараў улічваць патрэбы чалавека ў складзе глабальных мэт развіцця. Адсутнасць дэмакратыі можа прывесці да жахлівых рэпрэсій у імя прагрэсу, калі палітык ставіць прыватную эканамічную або ідэалагічную мэту вышэй жыццяў суайчыннікаў без іх волі. Заключэнне палітычных пагадненняў забяспечвае змену эліт прымальным спосабам, падчас ідэалагічнай барацьбы на выбарах. У аўтарытарных дзяржавах эліту змяняюць з выкарыстаннем грубай сілы, і гэтая працэдура суправаджаецца значнымі стратамі ў эканоміцы. Пры гэтым перыядычная ратацыя ўлады неабходная для прадухілення застою ў развіцці.
Дэмакратыя ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае жаданне народа Беларусі забяспечыць непарушныя ўстоі народаўладдзя і называе Рэспубліку Беларусь унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ R. Po-chia Hsia, Lynn Hunt, Thomas R. Martin, Barbara H. Rosenwein, and Bonnie G. Smith. The Making of the West, Peoples and Cultures, A Concise History. — Boston and New York: Bedford/St. Martin’s, 2007. — Vol. I: To 1740. — С. 44.
- ↑ Grinin L. E. Early State and Democraсy. socionauki.ru
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чарнаўскі, Д.С. Сінергетыка і інфармацыя (дынамічная тэорыя інфармацыі). — М.: Едиториал УРСС, 2004. — 288 с. — ISBN 5-354-00241-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Дэмакратыя на Вікісховішчы |