Даўжыня цела да 10 см, хваста да 16 см, маса да 28 г. Падобныя да мышэй. Канечнасці пяціпальцыя, заднія падоўжаныя. Здольныя рабіць скачкі даўжынёю да 4 м.
Адрозніваецца 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўночнай Амерыцы. Жывуць у лясной, лесастэпавай і стэпавай зонах, у гарах — да вышыні 3000 м. Селяцца ў норах, паваленых дрэвах, пнях. Актыўныя на змярканні і ноччу. Зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі сустракаецца мышоўка лясная.
Пераважна расліннаедныя, часам кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насякомымі. Нараджаюць да 8 дзіцянят 1—2 разы за год.