Перайсці да зместу

Наша доля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Наша доля»
Першы нумар газеты
Арыгінальная
назва
Наша доля
Тып газета
Краіна
Рэдактар І. Тукеркес, А. Гедвіла
Заснавана 1906
Спыненне публікацый 1906
Мова беларуская
Перыядычнасць штотыднёва
Галоўны офіс
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Наша доля» (поўная назва: «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі») — штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета ў беларускай мове. Выдавалася ў Вільні ў перыяд 1(14) верасня — 1(14) снежня 1906. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова — лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 тыс. асобнікаў.

Дом Янушэўскага па адрасе Віленская вуліца, 21 у Вільні, у якім размяшчалася рэдакцыя газэты «Наша Доля».

Пачатковы склад рэдакцыі гэтай газеты быў невялікі — Антон Луцкевіч падае ў складзе рэдакцыі Ф. Умястоўскага як тэхнічнага рэдактара, А. Пашкевіч (Цётка) і братоў Луцкевічаў[1]. А. Бергман лічыць, што, апроч згаданых асобаў, у рэдакцыю ўваходзіў віленскі мяшчанін І. Тукеркес, а Умястоўскі быў кіраўніком літаратурнага аддзела[2] — гэты факт згадвае і сам А. Луцкевіч[3]. Ю. Туронак, некрытычна паставіўшыся да ўспамінаў Ф. Умястоўскага[4], вылучыў думку, што ініцыятыва ўтварэння газеты належыць менавіта Ф. Умястоўскаму і І. Тукеркесу, а браты Луцкевічы пазней «імкнуліся пераняць кіраўніцтва газетай»[5]. Але параўнанне ступені заангажаванасці Луцкевічаў і Тукеркеса з Умястоўскім у беларускім руху, а таксама думка іншых даследчыкаў[6] не пацвярджаюць гэтай гіпотэзы.

Праграма, паводле якой выходзіла газета, уключала ў сябе наступныя рубрыкі: «1) Дзеянні ўрада; 2) Палітычны агляд; 3) Жыццё вёскі; 4) Жыццё горада; 5) Фельетон; 6) Найноўшыя творы беларускай літаратуры; 7) Што чуваць на Белай Русі; 8) З Літвы; 9) Па Расіі; 10) Карэспандэнцыі; 11) З-за мяжы; 12) Што трэба і чаго не трэба чытаць; 13) Літаратурны дадатак; 14) Новыя кнігі; 15) З мінулага Беларусі; 16) Паштовая скрыня; 17) Сельская гаспадарка; 18) Практычная медыцына; 19) Прыкладная механіка; 20) Сумесь; 21) Абвесткі. Подпісная плата за часопіс устанавліваецца 3 рублі на год з дастаўкай і перасылкай, цана асобнага нумару 5 кап. Друкавацца выданне будзе рускімі і лацінскімі шрыфтамі ў друкарні Навіцкага»[7].

У праграмным артыкуле «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэвалюцыйным руху, сацыяльную і нацыянальную свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыстычныя і агітацыйныя артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынародную палітыку царызму. Інфармавала пра рэвалюцыйныя падзеі ў краіне, цяжкае становішча сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнугы надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я. Коласа (вершы «Наш родны край» — 1 верасня 1906, першае выступленне паэта ў друку, «Беларусам», «Асенні вечар», апавяданне «Слабода») і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Пераважала інфармацыя сацыяльнай скіраванасці, і ў гэтым яна была нібы ідэалагічным рупарам БСГ узору рэвалюцыі 1905—1907 гг.[8]

Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арьшт, а рэдактар прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Ужо на 1-ы нумар выдання загадам віленскага генерал-губернатара быў накладзены арышт[9], але ён меў «прафілактычны» характар, бо віленская судовая палата яго неўзабаве адмяніла[10]. За змест 3-га, 4-га нумароў пастановаю Віленскай судовай палаты (11 студзеня 1907) выданне было забаронена назаўсёды, афіцыйны рэдактар-выдавец Туркенес быў засуджаны на 1 год крэпасці.

Паводле вызначэння А. Луцкевіча, «Наша доля» была, «як бы апошні водгук мінулай рэвалюцыі і паводле свайго зместу і паводле фразеалогіі нагадвала фразеалогію рэвалюцыйных лісткоў 1905 г.»[11], і менавіта таму не мела легальнай будучыні.

  1. Собственноручные показания А. И. Луцкевича // Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Антон Луцкевіч; [Уклад., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2003. — 287 с. — С. 184. — ISBN 985-6730-09-0.
  2. Bergmanowa, A. Białoruski tygodnik «Nasza Niwa» (10.XI.1906—7.VIII.1915) // Kwartalnik Historyczny. — 1972. — № 79. — S. 569.
  3. Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху... — С. 132.
  4. Дзядзька Пранук [Францішак Умястоўскі]. Аб «Нашай Долі» // Беларускія ведамасьці. — 1921. — № . — 26 верасня. — С. 2—3.
  5. Туронак, Ю. Па плёнах пазнаеце іх // Ніва. — 1981. — № . — 21 чэрвеня. — С. 4.
  6. Каваль, А. Яшчэ аб Іване Луцкевічу (у адказ апаненту) // Ніва. — 1981. — № . — 15 лістапада. — С. 2.
  7. Александровіч, С. Гісторыя і сучаснасць: Літаратурна-крытычныя артыкулы. — Мн.: Беларусь, 1968. — 255 с. — С. 213.
  8. Да чытацелёў // Наша Доля. — 1906. — № . — 1 верасьня. — С. 1.
  9. Александровіч, С. Гісторыя і сучаснасць... — С. 217.
  10. Там жа. — С. 217.
  11. Собственноручные показания А. И. Луцкевича... — С. 183—184.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 247. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • У. Конан. «Наша доля» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 313. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
  • Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 6. — С. 77. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 4. Накцюрн — Скальскі. — С. 53. — 742 с. — 9 500 экз.
  • М. В. Біч. «Наша доля» // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя: У 12 т. Т. 7. — Мн. : БелЭн, 1973.
  • Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / М. Біч, В Яноўская, С.Рудовіч і інш. ; М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Мн. : Экаперспектыва, 2005. ISBN 985-469-104-7.
  • Vytautas Žeimantas. Vilniuje ėjo pirmasis legalus baltarusių laikraštis «Naša dolia»//kn.: Žurnalistika 2008, Vilnius, LŽS, 2009, 103—108 p. (літ.)


pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy