Ніл Расанскі
Ніл Расанскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 910 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 верасня 1004 |
Месца смерці | |
Шануецца | каталіцтва, праваслаўе |
У ліку | святы |
Дзень памяці | 26 верасня |
Падзвіжніцтва | заснаванне манастыроў, аскетызм |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Святы Ніл Расанскі, таксама вядомы як Ніл Малодшы, Ніл Крыптаферацкі (910 год — 26 верасня 1004 года) — хрысціянскі святы, адзін з самых вядомых манахаў візантыйскага абраду ў Італіі, аскет, гімнограф, заснавальнік знакамітага грэка-каталіцкага Крыптаферацкага манастыра (які цяпер належыць да Італа-Албанскай Грэка-Каталіцкай Царквы).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 910 годзе ў багатай грэцкай сям’і ў Расане. Нягледзячы на тое, што рана асірацеў, дзякуючы старэйшай сястры атрымаў добрую адукацыю, ажаніўся і меў дачку.
Пасля смерці жонкі некаторы час жыў адзін, пакуль не пайшоў у базыльянскі манастыр. Жыў ў самоце ў пячоры-свяцілішчы Арханёла Міхаіла. Ён там знаходзіўся, пакуль на поўдзень Італіі не ўварваліся сарацыны.
Пазней ён заснаваў манастыр Святога Адрыяна пад Сан-Дэметрыа-Каронэ. У хуткім часе ў яго з’явіўся шэраг вучняў, з якімі ён сфарміраваў манаскую супольнасць, дзе ён стаў ігуменам. Манастыр развіваўся, а слава ігумена Ніла ўзрасла настолькі, што яму зрабілі прапанову стаць біскупам Расана, але ён адмовіўся, бо лічыў, што гэта не стасуецца з яго ідэалам манаскага жыцця.
Ніл жыў у гэтым манастыры да 979 года, пакуль не адбылося новае нашэсце арабаў. Ён узяў сваіх вучняў і адправіўся да бенедыкцінцаў у абацтва Монтэ-Касіна, а потым у абацтва ў Валелучэ. Нягледзячы на тое, што Ніл вызнаваў візантыйскі абрад (быў грэка-каталіком), бенедыкцінцы прынялі яго з пашанай.
У гэтым манастыры ён заставаўся да 994 года, пакуль не адышоў у пустыню.
Падтрымліваў антыпапу Яна XVI, бо той таксама быў грэкам. Пасля перамогі Папы Рыгора V і імператара Атона III Ніл увайшоў з імі ў канфрантацыю, аднак пазней прымірыўся, а імператар асабіста прыходзіў да ігумена Ніла і раскайваўся.
У 1004 годзе Ніл Расанскі атрымаў ад Рыгора I, графа Тускулумскага, тэрыторыю ў наваколлі Рыма. Там ён і заснаваў візантыйскі манастыр Гротаферата, які потым стаў цэнтрам італьянскіх базыльянаў і грэка-каталікоў у Італіі.
У гэтым жа годзе Ніл памёр і быў пахаваны ў манастыры Гротаферата.
Іканаграфія
[правіць | правіць зыходнік]На абразах Святы Ніл Расанскі малюецца старцам аскетычнага выгляду. Самы ранні малюнак, які быў створаны ў XII стагоддзі, захоўваецца ў музеі Гратафераты. Паводле падання, крыніцай для яго паслужыў прыжыццёвы партрэт Святога. Даменікіна стварыў цыкл фрэсак, прысвечаны розным эпізодам з жыцця Святога Ніла, для "капэлы заснавальнікаў" у Гратафераце.
Спасылкі і крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- Nilus the Younger//Catholic Encyclopedia (англ.)
- Календарь святых (англ.)
- Нил Россанский //Католическая энциклопедия. Т.3. М.:Изд. францисканцев, 2007 год
- Словарь святых на сайте Я.Кротова