Пекары яшчэ ў эацэне, 50 мільёнаў гадоў таму, аддзяліліся ад свінняў і з ніжняга алігацэна незалежна развіваліся ў Новым Свеце. У Паўднёвую Амерыку перабраліся толькі 9 мільёнаў гадоў таму, калі сфармаваўся Панамскі перашыек. У Еўропе і Азіі пекары таксама вадзіліся, але зніклі ў ніжнім пліяцэне.
Даўжыня да 115 см, вышыня ў карку да 57 см, маса да 50 кг. Афарбоўка шэра-карычневая. Па знешнім выглядзе падобны да дзікоў, але больш лёгкага целаскладу. Ногі тонкія, на пярэдніх 4, на задніх 3 пальцы. На крыжы ёсць залоза тыпу мускуснай.
Падзяляюцца на 2 роды, адрозніваюцца 3 віды: ашыйнікавы пекары (Pecari tajacu), белабароды пекары (Tayassu pecari) і чакскі пекары (Catagonus wagneri). Пашыраны ў Амерыцы. Жывуць у разнастайных ландшафтах, ад засушлівых месцаў да вільготных трапічных лясоў. Трымаюцца групамі да 100 галоў і больш.