Польшча
| |||||
Месцазнаходжанне Польшчы (цёмна-зялёны):
— у Еўропе (светла-зелёны і цёмна-шэры) — у Еўрапейскім саюзе (светла-зялёны) | |||||
Гімн: «Марш Дамброўскага» | |||||
Дата незалежнасці | 11 лістапада 1918 года[заўв 1] (ад РСФСР) | ||||
Афіцыйная мова | польская[заўв 2] | ||||
Сталіца | Варшава | ||||
Форма кіравання | прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка[1] | ||||
Прэзідэнт Прэм’ер-міністр Маршал Сейма Маршал Сената |
Анджэй Дуда Дональд Туск Шыман Галоўня Малгажата Кідава-Блонская | ||||
Дзярж. рэлігія | свецкая дзяржава | ||||
Плошча • Усяго |
69-я ў свеце 312 679 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2021) • Перапіс (2014) • Шчыльнасць |
▼38 244 000[2] чал. (43-я) 38 483 957[3] чал. 122 чал./км² | ||||
ІРЧП (2019) | ▲ 0,872[4] (вельмі высокі) (32-ы) | ||||
Этнахаронім | паляк, полька, палякі | ||||
Валюта | польскі злоты (PLN) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .pl[заўв 3] | ||||
Код ISO (Alpha-2) | PL | ||||
Код ISO (Alpha-3) | POL | ||||
Код МАК | POL | ||||
Тэлефонны код | +48 | ||||
Часавыя паясы | CET (UTC+1, летам UTC+2) |
По́льшча (польск.: Polska ⓘ), афіцыйная назва — Рэспу́бліка По́льшча (польск.: Rzeczpospolita Polska [ʐɛt͡ʂpɔˈspɔlita ˈpɔlska]) — дзяржава ва Усходняй[5] (Цэнтральнай[6]) Еўропе, размешчаная на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Мае сухапутныя межы з Германіяй (на захадзе), Чэхіяй, Славакіяй (на поўдні), Украінай, Беларуссю, Літвой (на ўсходзе) і з Калінінградскай вобласцю Расіі (на поўначы). Тэрыторыя — 312 679 км². Працягласць берагавой лініі — 491 км[7]. Насельніцтва — 38,48 млн чалавек. Сталіца — Варшава з насельніцтвам 1 732 707 чалавек[8]. Афіцыйная мова — польская. Грашовая адзінка — польскі злоты (станам на 30 снежня 2024 года, 1 долар ЗША = 4,04 злотых[9]). Нацыянальнае свята — Нацыянальнае Свята Незалежнасці (польск.: Narodowe Święto Niepodległości) — адзначаецца 11 лістапада.
Унітарная дзяржава, парламенцкая рэспубліка. У жніўні 2015 года пасаду Прэзідэнта заняў Анджэй Дуда. У снежні 2017 года Прэм’ер-міністрам стаў Матэвуш Маравецкі. Адміністрацыйны падзел: 16 ваяводстваў, якія складаюцца з 66 гарадоў на правах паветаў і 314 паветаў.
Па колькасці насельніцтва займае шостае месца ў Еўрапейскім саюзе. Для Польшчы характэрна стабільная колькасць насельніцтва, яго нізкі як натуральны, так і міграцыйны прырост; паказчыкі эміграцыі таксама невысокія. Польшча з’яўляецца адной з найбольш этнічна аднародных краін: каля 97 % жыхароў складаюць палякі. Дзяржаўная мова — польская. У рэлігійным дачыненні насельніцтва Польшчы з’яўляецца самым веруючым у Еўропе пасля Мальты: толькі 6 % жыхароў заявілі аб сваім атэізме ці абыякавасці да рэлігіі[10]. Дамінуючыя пазіцыі займае Рымска-Каталіцкая Царква, першы неітальянскі Папа Рымскі Ян Павел ІІ быў палякам. Найбуйнейшыя гарады — Варшава, Кракаў, Лодзь, Уроцлаў, Познань, Гданьск.
Гісторыю польскай дзяржаўнасці прынята адлічваць з часоў кіравання Мешкі I — гістарычнага князя заходніх палян, які прыняў хрысціянства у 966 годзе. У 12 стагоддзі пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці, завершаны ўз’яднаннем польскіх зямель каралём Уладзіславам I Лакеткам. У 1569 годзе Каралеўства Польскае аб’ядналася з Вялікім Княствам Літоўскім у Рэч Паспалітую — федэратыўную дзяржаву, якая (пасля трох падзелаў) канчаткова скончыла сваё існаванне пасля трох падзелаў — у 1795 годзе. Тэрыторыі Польшчы знаходзіліся ў складзе Расійскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперый да аднаўлення польскай дзяржаўнасці 11 лістапада 1918 года. 1 верасня 1939 года Трэці Рэйх пачаў Другую сусветную вайну, напаўшы на Польшчу. Пасля вайны Польшча (межы якой істотна змяніліся) стала незалежнай сацыялістычнай Польскай Народнай Рэспублікай. У 1989 годзе адбыліся палітычныя змены, і да цяперашняга часу Польшча існуе як Рэспубліка Польшча (польск.: Rzeczpospolita Polska), або Трэцяя Рэч Паспалітая.
Польшча мае развітую эканоміку, шостую па памерах у ЕС. Краіна адзначаецца вельмі высокім паказчыкам індэкса чалавечага развіцця, для яе характэрны высокі ўзровень жыцця і жыццёвыя стандарты, якасныя і ўсеагульныя адукацыя і ахова здароўя. Паводле класіфікацыі Сусветнага банка адносіцца да дзяржаў з высокім прыбыткам. Прадукцыя польскага машынабудавання, хімічнай і харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі экспартуецца і на ўсход, і на захад. Польшча з’яўляецца членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, НАТА, Еўрапейскага Саюза, АЭСР, Вышаградскай групы, Веймарскага трохвугольніка і многіх іншых міжнародных арганізацый.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]«Rzeczpospolita Polska» — афіцыйная назва Польшчы на польскай мове. «Rzeczpospolita» перакладаецца як «садружнасць» ці «рэспубліка»[11]. Словам «Rzeczpospolita» у Польшчы і Беларусі (бел.: Рэч Паспалітая) таксама называюць унію Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.
Не існуе дакладнага тлумачэння паходжання назвы «Польшча». Згодна з найбольш распаўсюджанай тэорыяй гэта назва паходзіць ад назвы племені палян, якія насялялі абшары сучаснага Велікапольскага ваяводства. Слова «паляне» паводле адной з тэорый паходзіць ад слова «племя» — супляменнік, чалавек, звязаны кроўнай сувяззю, які мае тую ж веру. Іншая тэорыя выводзіць слова «паляне» ад слова «поле»[13], дапускаючы, што асноўным заняткам племені палян была апрацоўка зямлі ў адрозненні ад іншых плямёнаў, напрыклад, віслян ці мазаўшан[14], якія насялялі лясныя абшары. Некаторыя лінгвісты сцвярджаюць, што гэта можа быць звязана з першапачатковай формай племянной арганізацыі — «ополем». Форма гэта была пэўным відам кіравання з выбарным кіраўніком, агульнай уласнасцю на зямлю і родам — асновай грамадства.
У мінулым ужываліся лацінскія назвы «Terra Poloniae» (бел.: Зямля Польская) ці «Regnum Poloniae» (бел.: Каралеўства Польскае)[15]. Назва «Польшча» пачала ўжывацца ў дачыненні да ўсёй дзяржавы ў XI стагоддзі. Землі палян з XIV ст. называлі Старапольшчай, а пазней — Вялікапольшчай. А паўднёвыя землі, для кантрасту, называлі Малапольшчай[14].
Назвы Польшчы ў некаторых іншых мовах (літ.: Lenkija, венг.: Lengyelország) паходзяць ад назвы племені ляндзян, якія насялялі тэрыторыю паўднёва-ўсходняй часткі Польшчы[16].
На працягу 37 гадоў (з 1952 г. па 1989 г.) афіцыйна Польшча называлася як «Польская Народная Рэспубліка» (ПНР) (польск.: Polska Rzeczpospolita Ludowa).
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Рэспубліка Польшча — адна з найбуйнейшых еўрапейскіх краін. Па плошчы сваёй тэрыторыі (312,685 км²) яна займае дзявятае месца ў Еўропе і 68-е ў свеце. Яна прыкладна ў паўтара разы большая за Беларусь. Таксама Польшчы наложыць 8682 км² тэрытарыяльных вод у Балтыйскім моры. Кампактная пяцівугольная Польшча размешчана акурат у цэнтры Еўропы, прынамсі, на думку польскіх географаў цэнтр Еўропы знаходзіцца ў вёсцы Сухаволя каля Беластока. Цэнтр самой Польшчы знаходзіцца каля вёскі Пёнтак, што недалёка ад Лодзі. Самая паўночная кропка Польшчы — мыс Разеве (54°50 пн. ш.), паўднёвая — пік Апалонек (49°00 пн.ш.), усходняя лукавіна Буга каля вёскі Зосін на ўкраінскай мяжы (24°09 усх. д.), заходняя — лукавіна Одры на мяжы з Германіяй (14°07 усх.д.).
Польшча мяжуе з Германіяй на захадзе (467 км); Чэхіяй (796 км) і Славакіяй (541 км) на поўдні; Украінай (535 км), Беларуссю (418 км) і Літвой (104 км) на ўсходзе; з Калінінградскай вобласцю Расіі (210 км) на поўначы. На поўначы на працягу 440 км абмываецца Балтыйскім морам, берагі якога зрэзаныя шматлікімі бухтамі і залівамі.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Большая частка краіны размешчана на пліце старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы. Таму звыш 90 % яе тэрыторыі — раўніны, а сярэдняя абсалютная вышыня яе паверхні — каля 170 м. Але пры гэтым рэльеф характарызуецца разнастайнасцю. Берагі Балтыйскага мора нізкія, пясчаныя, з дзюнамі і косамі. Далей на поўдзень цягнецца Балтыйская града — паласа крутасхільных узвышшаў (да 300 м), сфарміраваная старажытным зледзяненнем. Цэнтральная частка Польшчы занята забалочанымі нізінамі, паўднёвая ўскраіна — горная. На паўднёвым захадзе краіны знаходзяцца ўзвышшы (Малапольскае, Верхне-Сілезскае і інш.) і сярэдневышынныя старыя горы Судзеты (гара Снежка, 1605 м). У час маладой складкаватасці ўтвораны Карпаты. У іх найвышэйшай частцы — Высокіх Татрах — на самым поўдні — знаходзіцца вышэйшы пункт краіны (гара Рысы, 2499 м).
Польшча багатая на карысныя выкапні. Гэта жалезныя, медныя, цынкавыя і свінцовыя руды Сілезіі; каменны вугаль Люблінскага і Сілезскага (аднаго з самых буйных у Еўропе) басейнаў; буры вугаль; каменная і калійныя солі; прыродны газ, нафта і сера перадгор’яў Карпат.
Клімат Польшчы умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Пануе заходні перанос, таму ў напрамку на ўсход павялічваецца кантынентальнасць. Надвор’е няўстойлівае — вільготныя і воблачныя перыяды часта змяняюцца сухімі і яснымі. Зімой на ўзбярэжжы і на захадзе цяплей (-1 °C), чым у цэнтральных раёнах (-3 °C). Летам — наадварот: +16 °C — на поўначы і +19 °C — у цэнтры. Самыя нізкія тэмпературы ў гарах: зімой -6 °C, летам + 10…+14 °C. На раўнінах выпадае 500—600 мм ападкаў за год, у гарах — да 1800 мм, максімум прыпадае на лета.
Па тэрыторыі Польшчы цякуць такія буйныя рэкі як Вісла, Одра, Буг. На поўначы краіны знаходзіцца каля 9,300 ледавіковых азёраў, раскіданых паміж марэннымі ўзгоркамі Балтыйскай грады. Азёры ўтвараюць паазер’і, найбуйнейшае з якіх — Мазурскае. Самыя вялікія азёры краіны — Мамры (104 км²) і Снярдвы (114 км²).
На раўнінах пераважаюць дзярнова-падзолістыя пясчаныя глебы — кіслыя і малагумусныя, часта сустракаюцца забалочаныя. Больш урадлівыя — бурыя лясныя і алювіяльныя — канцэнтруюцца ў перадгор’ях і па далінах рэк.
Лясы, якія некалі займалі амаль усю краіну, цяпар пакрываюць каля 27 % яе плошчы. Карэнныя лясы сярэдняй паласы складаюцца ў асноўным з лісцёвых парод: дуба, бука, бярозы і клёну; уздоўж рэк растуць Ясень, таполя і вярба; у гарах — піхта. Узнаўленне лясоў у асноўным ажыццяўляецца за кошт хвойных парод. Змешаныя і хвойныя лясы ўтвораць вялікія масівы на бяднейшых пясчаных глебах у паўночных і ўсходніх раёнах краіны, якія чаргуюцца з верашчатнікамі і тарфянікамі. Тут жа захаваліся вялікія масівы лясоў (пушчы) — Белавежская, Аўгустоўская і інш. Тут створаны нацыянальныя прыродныя паркі, рэзерваты.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Засяленне людзьмі, старажытны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню на тэрыторыі сучаснай Польшчы сляды чалавекападобнага Homo erectus былі знойдзены ў Ніжняй Сілезіі каля Тшабніцы і ў Русцы каля Стшэгама. Каменныя прылады з Тшабніцы (чоперы і мікраліты[17]) маюць узрост каля 500 тыс. гадоў і адносяцца да фердынандаўскага пацяплення, а з Рускі — каля 440—370 тыс. гадоў і адносяцца да мазавецкага пацяплення (бо рассяленне Homo erectus залежала ад кліматычных ваганняў). Рэшткі Homo neanderthalensis так і не былі знойдзены на тэрыторыі Польшчы, аднак матэрыяльныя артэфакты (некалькі дзясяткаў каменных прылад і рэшткі ачага ўзростам каля 220 тыс. гадоў, знойдзеныя каля Рацібора ў Верхняй Сілезіі, і інш.) сведчаць пра тое, што ён там пражываў[18], прычым апошнія пасяленні Homo neanderthalensis датуюцца тэрмінам прыкладна 70—58 тыс. гадоў таму[19]. У эпоху апошняга зледзянення, з прычыны таго, што ледавіковы шчыт у гэты час пакрываў Балтыйскае мора і даходзіў да нізоўяў Віслы, на тэрыторыі Польшчы за перыяд 70-60 — 40 тыс. гадоў таму не былі знойдзены сляды паселішчаў. 11—10 тыс. гадоў таму на тэрыторыі Польшчы адбыліся карэнныя змены клімату: зменшылася плошча лясоў, на паўночным усходзе з’явіліся тундравыя ўчасткі, а ў цэнтральнай частцы — стэпы. Менавіта тады жа з’явіліся паляўнічыя на паўночных аленяў. Для мезаліту (9000—8000 гадоў да н. э.) было характэрна агульнае пацяпленне клімату і звязанае з ім павелічэнне экалагічнай разнастайнасці, але ў тыя часы гаспадарка ўсё яшчэ грунтавалася пераважна на паляванні, лоўлі рыбы або зборы раслін, малюскаў і смоўжаў. У эпоху неаліту пачалі з’яўляцца першыя аграрныя паселішчы — і сельскагаспадарчы лад жыцця актыўна развіваўся прыкладна да 2000 гадоў да н. э.
У перыяд класічнай антычнасці (400 г. да н. э. — 450—500 гг. н. э.) тэрыторыю Польшчы насялялі носьбіты розных археалагічных культур, якія суадносяцца даследчыкамі з кельтамі, германцамі і балтамі. Магчыма, прысутнічалі і іншыя групы насельніцтва, бо этнічны склад археалагічных культур заўжды цяжка ўстанавіць верагодна. Нягледзячы на адсутнасць уласнай пісьменнасці, многія са згаданых народаў дасягнулі высокага ўзроўню ў матэрыяльнай культуры і сацыяльнай арганізацыі, што пацвярджаецца, напрыклад, багатымі па змесце дынастычнымі магіламі мясцовых «князёў». Для гэта перыяду быў характэрны высокі ўзровень міграцый, у якіх нярэдка ўдзельнічалі буйныя групы насельніцтва[20]. Паступова славяне асімілявалі ці выгналі амаль усе згаданыя вышэй плямёны.
Дзяржава Пястаў (да 1138 года)
[правіць | правіць зыходнік]Каля IX ст. на тэрыторыі сучаснай Польшчы пачалі ўтварацца протадзяржаўныя фарміраванні, з якіх найбольшага росквіту дасягнулі два: дзяржава віслян (вакол Кракава) і дзяржава палян (вакол Гнезна і Познані). Дзяржава віслян у другой палове стагоддзя апынулася пад панаваннем Вялікай Маравіі, а ў перыяд з 936 г. па 945 г. — пад Чэшскім княствам[21]. Менавіта з часамі валадарання на Польшчы Вялікай Маравіі гісторыкі звязваюць хрышчэнне князя віслян і заснаванне біскупства ў Кракаве[22].
Каля 930—940 гг. паляне пачалі далучаць суседнія землі на поўначы, заняўшы да 960 г. усю тэрыторыю Вялікай Польшчы[23]. Мешка I — першы гістарычна вядомы валадар з той дынастыі — прыняў хрысціянства ў 966 г., але так і не стаў каралём, застаючыся да канца жыцця князем. У канцы яго панавання дзяржава займала тэрыторыі Вялікай Польшчы, Мазовіі, частак Памераніі з Гданьскам (г. зн. Усходняга Памор’я), Сілезіі і, магчыма, Малой Польшчы[24]. Ён і яго пераемнікі змагаліся са Свяшчэннай Рымскай імперыяй, Чэшскім княствам і Кіеўскай Руссю, а таксама са славянскімі плямёнамі, якія аселі паміж Одрай і Лабай. Найбуйнейшага тэрытарыяльнага памеру дзяржава дасягнула ў часы Баляслава I Храбрага, які быў сынам князя Мешкі I. Баляслаў I Храбры заваяваў Лужыцу, Маравію, Славакію[заўв 4] (на нядоўгі час і тэрыторыі Чэшскага княства) і вярнуў назад у склад сваёй дзяржавы шэраг гарадоў Чырвонай Русі.
У 1000 г. Баляслаў I Храбры заснаваў у Польшчы незалежную царкоўную мітраполію з цэнтрам у Гнезне[25]. У тым жа годзе Атон III здзейсніў акт каранацыі, які быў пацверджаны Папам Рымскім у 1025 г.[26] Такім чынам Баляслаў I Храбры быў каралём толькі апошні год свайго жыцця. Заняпад дзяржавы першых Пястаў надышоў у 1031 г., калі ёю кіраваў Мешка II — сын Баляслава I Храбрага. Мешка II страціў амаль усе тэрыторыі, якія далучыў яго бацька, а дынастыя згубіла каранацыйныя інсігніі. Нападзенне чэшскага князя Бржэціслава I у 1038 г. і народнае паўстанне ўзмацнілі ўпадак дзяржавы.
Панаванне Казіміра I Аднавіцеля распачало працэс аднаўлення дзяржавы, які быў увенчаны каранацыяй яго сына Баляслава II Смелага ў 1076 г., падтрыманай Папам Рыгорам VII. Канфлікт Баляслава з біскупам Станіславам са Шчэпанава, а, магчыма, і з іншымі ўплывовымі дваранамі, прывёў да выгнання караля і пераходу ўлады да яго брата Уладзіслава I Германа. Пасля доўгага суперніцтва паміж Збігневым і Баляславам III Крывавустым — сынамі Уладзіслава — да ўлады прыйшоў апошні, пасля смерці якога, у адпаведнасці з яго воляй, дзяржавай была падзелена паміж яго сынамі, а тытул сеньёра належаў найстарэйшаму сыну. Такім чынам з 1138 г. у гісторыі Польшчы прынята вылучаць перыяд феадальнай раздробленасці.
Перыяд феадальнай раздробленасці (1138—1320 гады)
[правіць | правіць зыходнік]У 1138 г. Баляслаў III Крывавусты падзяліў краіну паміж сваімі сынамі: найстарэйшы Уладзіслаў II Выгнаннік атрымаў Сілезію, Любушскія землі і тытул сеньёра; Баляслаў IV Кучаравы — Мазовію і Куявію; Мешка III Стары — Вялікую Польшчу; Генрых Сандамерскі — Сандамерскія землі; Казімір II Справядлівы (які нарадзіўся пасля смерці бацькі) — Лянчыцкія землі.
Фармальна кіраваў сеньёр, які займаўся пытаннямі замежнай палітыкі і іншымі агульнымі для братоў справамі. Баляслаў III Крывавусты адмыслова падзяліў дзяржаву, каб пазбегнуць канфліктаў паміж сваімі сынамі, аднак яго мэты не здзейсніліся: ужо ў 1146 г. браты выгналі Уладзіслава, пасля чаго сеньёрам стаў Баляслаў IV Кучаравы, а пасля смерці Кучаравага — Мешка III Стары, які, зрэшты, у хуткім часе быў выгнаны — і ўлада перайшла да Казіміра II Справядлівага. Пасада сеньёра была скасавана ў 1180 г. на з’ездзе ў Лянчыцах, дзе Казімір гарантаваў перадаць у спадчыну Кракаўскія землі сваім сынам.
У краіне з’явілася вялікая колькасць канкурыруючых княстваў. Спробы аб’яднання рабілі сілезскія князі Генрых I Барадаты і Генрых II Набожны: ім удалося далучыць і з’яднаць землі Вялікай Польшчы, Кракаўскія і Любушскія. Аднак татарская навала 1241 г. і бітва пад Легніцай, дзе загінуў Генрых II Набожны, прывялі да распаду наноў утворанай манархіі.
У XIII ст. узмацніліся тэндэнцыі да аб’яднання, бо падзеленая дзяржава цярпела на міжнароднай арэне: частка зямель была захоплена брандэнбургцамі і крыжакамі, а набегі татараў узмацніліся. У 1295 г. каралём Польшчы стаў велікапольскі князь Пшэмысл II, які, аднак, у хуткім часе быў забіты. Польскай каронай таксама зацікавіліся чэшскія ўладары з дынастыі Пржэмысловічаў. У 1300 г. чэшскі кароль Вацлаў II стаў каралём Польшчы, прымусіўшы князя Уладзіслава I Лакетка ўцекчы з краіны. Уладзіслаў I Лакетак вярнуўся ў краіну ў 1304 г., а ўжо праз год Вацлаў II памёр. Яго сын Вацлаў III стаў пераемнікам кароны, але ў 1306 г. быў забіты. Пасля яго смерці скончылася панаванне чэхаў у Польшчы і ўладу атрымаў Уладзіслаў I Лакетак. У 1308 г. Балтыйскае Памор’е было атакавана брандэнбургцамі — Лакетак папрасіў дапамогі ў крыжакоў, якія прагналі з Памор’я брандэнбургцаў, але не аддалі зямлю Лакетку, а самі далучылі яе да сваёй дзяржавы. У 1311 г. Уладзіслаў I Лакетак задушыў паўстанне войта Альберта, а ў 1314 г. заняў Вялікую Польшчу. Такім чынам, кантраляючы найбольш значныя тэрыторыі, Уладзіслаў I Лакетак быў каранаваны ў 1320 г. у Кракаве.
Дзяржава Лакетка займала толькі частку польскіх зямель: у яе склад не ўваходзілі землі Сілезіі (знаходзіліся пад чэшскім уплывам), Заходняга Памор’я (былі страчаны ў XII ст.), Мазовіі (там існавала незалежнае княства, якое з часоў Лешака Белага ўваходзіла ў сферу інтарэсаў Русі).
Злучанае (Адноўленае) Каралеўства Польскае (1320—1386 гады)
[правіць | правіць зыходнік]20 студзеня 1320 г. у Кракаве быў каранаваны Уладзіслаў I Лакетак. Менавіта гэту дату прынята лічыць пачаткам існавання Злучанага (Адноўленага) Каралеўства Польскага. Справу Уладзіславам I працягнуў Казімір III Вялікі (1333—1370). Справу Уладзіславам I працягнуў Казімір III Вялікі (1333—1370). У гэты перыяд Польшча пачала першую вялікую вайну супраць крыжакоў і распачала дыпламатычную кампанію супраць іх жа і дынастыі Люксембургаў. У выніку дзеянняў караля Казіміра III Вялікага і яго дарадцаў у 1355 г. Люксембургі адмовіліся ад правоў на тытул караля Польшчы ўзамен на 20 000 коп пражскіх грошаў. Такім чынам міжнародная супольнасць прызнала права польскіх каралёў на кіраванне Польшчай.
Пераважна дыпламатычнымі метадамі Казімір ІІІ вярнуў Польшчы Куявію і Добжынскую землі (1343), Мазовію (1351—1353), а таксама адабраныя Брандэнбургам гарады, распачаў экспансію на Галіцка-Валынскае княства. У 1349 Казімір уварваўся ў Галічыну, захапіў Львоў і Галіч. У 1360-я пад яго ўладу перайшлі Уладзімір-Валынскі і Камянец-Падольскі. Актыўнасць Казіміра III Вялікага дапамагла таксама ў наступныя гады скончыць спрэчку з крыжакамі (Калішскі мір 1343 г.) У перыяд кіравання Казіміра III адбылася кадыфікацыя польскага заканадаўства, праведзеныя адміністрацыйная і грашовая рэформы, у 1364 заснавана Кракаўская акадэмія. Пры Казіміру ў Польшчы вялося шырокае будаўніцтва: па словах летапісца, Уладзіслаў Лакетак пакінуў Польшчу драўляную, а Казімір — каменную.
Польшча пад уладай Ягелонаў (1386—1572 гады)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці Казіміра III Вялікага ў 1370 г. трон перайшоў да Людовіка Венгерскага з Анжуйскай дынастыі. Перыяд яго кіравання даў пачатак узмацненню ролі шляхты ў палітычным жыцці краіны, якое было адобрана ў 1374 г. у Кошыцах першым генеральным прывілеем. Калі Людовік памёр у 1382 г., у Польшчы распачаўся самы доўгі ў яе гісторыі перыяд міжцарства. Апошнім каралём Польшчы стала 16 кастрычніка 1384 г. дачка Людовіка Ядвіга Анжуйская. Шляхта прапанавала вялікаму князю літоўскаму Ягайлу руку каралевы Ядзвігі і польскі сталец у абмен на заключэнне уніі з Польшчай. У 1385 у Крэўскім замку быў падпісаны адпаведны дагавор — Крэўская унія. У 1386 Ягайла быў каранаваны пад імем польскага караля Уладзіслава II (1386—1434), даўшы пачатак новай, Ягелонскай дынастыі, якая правіла ў Польшчы больш за два стагоддзі.
Рэч Паспалітая
[правіць | правіць зыходнік]Падчас кіравання дынастыі Ягелонаў, Польскае каралеўства наладзіла цесныя сувязі з Вялікім Княствам Літоўскім, а затым, у 1569, пасля прыняцця Люблінскай уніі, утварыла з ім федэрацыйную дзяржаву — Рэч Паспалітую абодвух народаў.
У 1572 памёр, не пакінуўшы спадчынніка, Жыгімонт II Аўгуст. Сярод шматлікіх прэтэндэнтаў на сталец перамога дасталася Генрыху Валуа, брату французскага караля Карла IX. Аднак Генрых нядоўга прабыў у Польшчы. Атрымаўшы вестку аб смерці свайго брата, ён таемна збег у Парыж, каб заняць там французскі сталец.
У выніку польскую карону атрымаў Стэфан Баторый (1574—1586). Стэфан Баторый паспяхова завяршыў вайну супраць Івана IV: Рэч Паспалітая атрымала Лівонію і вярнула Полацк. Падчас падрыхтоўкі да вайны супраць Турцыі Стэфан нечакана памёр. Насталае пасля яго смерці міжкаралеўе ізноў вылілася ў смуту. Нарэшце на сталец узышоў шведскі каралевіч Жыгімонт III Ваза (1587—1632). Пасля смерці свайго бацькі Жыгімонт Ваза адбыў у Швецыю, дзе ў 1593 каранаваўся шведскім каралём. Дынастычныя спрэчкі, а таксама барацьба за панаванне ў Прыбалтыцы, прывялі да вайны са Швецыяй (1600—1629). У дадатак, у 1609 пачалася вайна з Расіяй.
Гады кіравання Уладзіслава IV Вазы (1632—1648) былі даволі ўдалымі. Быў падпісаны Палянаўскі мір з Расіяй, адбіты чарговы націск турэцка-крымскага войска, заключана 26-гадовае перамір’е са Швецыяй (1635), па якім Польшчы вярталіся прускія гарады. Заключэнне дынастычнага шлюбу з Цэцыліяй Рэнатай умацавала саюз з Габсбургамі.
Аднак з другой паловы 17 ст. пачынаецца агульны заняпад Рэчы Паспалітай. У 1652 у сойме ўпершыню на практыцы быў ужыты прынцып liberum veto, калі для зрыву прыняцця рашэння хапала аднаго галосу. У 1648 пачалося паўстанне ва Украіне, узначаленае Багданам Хмяльніцкім. Скарыстаўшы сітуацыю, вайну супраць Рэчы Паспалітай пачала і Швецыя (1655—1660). У кароткі тэрмін былі ўзяты Кракаў і Варшава і захоплена вялікая частка Польшчы. У 1658 Расія аднавіла ваенныя дзеянні супраць Рэчы Паспалітай. У выніку войн Рэч Паспалітая мусіла згадзіцца на тэрытарыяльныя саступкі.
У пач. 18 ст. Рэч Паспалітая была ўцягнута ў Паўночную вайну (1700—1721). У 1701 на яе тэрыторыю ўступілі шведскія войскі Карла XII. Да перагавораў 1720—1721 аб заканчэнні вайны прадстаўнікі Рэчы Паспалітай дапушчаныя не былі, што сведчыла аб канчатковай страце прэстыжу Рэчы Паспалітай у Еўропе. Расія і Прусія ў 1720 прынялі ўзаемнае абавязацельства падтрымліваць наяўныя ў Польшчы парадкі.
У 1791 была прынята Канстытуцыя, якая скасавала падзел краіны на ВКЛ і Польскае каралеўства. Аднак становішча на той час ужо было вельмі цяжкім, і таму Канстытуцыя не ўратавала Рэч Паспалітую. У выніку падзелаў 1772, 1793, 1795 Рэч Паспалітая была падзелена паміж Аўстра-Венгерскай імперыяй, Прусіяй і Расійскай імперыяй.
Напалеон падчас ваеннай кампаніі 1812 даў згоду на стварэнне Варшаўскага княства на тэрыторыі Польшчы. Аднак, пасля паражэння Напалеона Варшаўскае княства спыніла існаванне.
У першай палове 19 ст. аформіўся польскі фемінісцкі і суфражысцкі рух, а яго самай значнай фігурай стала пісьменніца і паэтка Нарцыза Жміхоўская. І ўжо ў другой Рэчы Паспалітай польскія жанчыны атрымалі права ўдзельнічаць у выбарах.
Незалежная Польшча
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Першай сусветнай вайны была створана Другая Рэч Паспалітая — на яе ўтварэнне пагадзіліся краіны-пераможцы.
У 1939 Польшча была заваявана Трэцім рэйхам. Пры гэтым СССР уключыў у свой склад землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія былі пад польскай уладай. Падчас акупацыі загінуў кожны трэці жыхар краіны, у тым ліку 90 % польскіх яўрэяў.
Польская Народная Рэспубліка
[правіць | правіць зыходнік]Пасля паражэння Трэцяга рэйха была створана Польская Народная Рэспубліка, якая далучылася да сацыялістычнага блока на чале з СССР.
У 1989 на парламенцкіх выбарах перамагла партыя «Салідарнасць», а ў 1990 годзе прэзідэнтам стаў кандыдат ад «Салідарнасці» — Лех Валенса. З прыходам да ўлады «Салідарнасці» скончылася кіраванне камуністаў, а разам з ім і існаванне ПНР.
Рэспубліка Польшча
[правіць | правіць зыходнік]У 1999 Польшча далучылася да НАТА, а ў 2004 — да Еўрасаюза.
10 красавіка 2010 прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і вялікая колькасць польскіх палітычных і грамадскіх дзеячаў загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам.
Палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]Польшча — дэмакратычная парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Палітычная сістэма Польшчы аформлена ў Кастытуцыі 1997 года. Калі зрабіць экскурс у гісторыю, то Канстытуцыя 3 мая 1791 года была першай прынятай у Еўропе канстытуцыяй. Сённяшни найвышэйшы закон гарантуе грамадзянам Польшчы абарону правоў чалавека, свабоду рэлігіі, слова і сходаў, мультыпартыйную сістэму, а таксама адмяжощваецца ад некаторых камуністычных ідэй з мэтай пабудовы рынкавай эканомікі. Згодна з Сусветным індэксам міру, Польшча ўваходзіць у лік 20 % найбольш мірных краін свету.
Заканадаўчы орган — парламент, які завецца Нацыянальнай Асамблеяй. Дзве палаты парламента — Сейм (460 дэпутатаў) і Сенат (100 дэпутатаў). Дэпутаты Сейма абіраюцца па прапарцыйнай сістэме згодна з метадам Д'Онта. Для партый, за выключэннем партый нацыянальных меншасцей, усталяваны пяціадсоткавы парог. Сенат абіраецца адначасова з Сеймам, але па сістэме адноснай большасці. Разам дзве палаты парламента збіраюцца толькі ў трох выпадках: на ўрачыстай клятве новага Прэзідэнта, калі Прэзідэнт трапляе пад трыбунал і калі ён не можа выконваць сваіх абавязкаў.
Найбольш значныя палітычныя партыі — Грамадзянская платформа, Права і справядлівасць, Саюз дэмакратычных левых сіл, Польская народная партыя, Рух Палікота. У бягучым складзе як Сейма, так і Сената абсалютную большасць мае партыя Права і Справядлівасць.
Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Прэзідэнт, які абіраецца на 5 гадоў прамым галасаваннем, і Савет міністраў на чале з Прэм'ер-міністрам (як правіла, з правячай кааліцыі ў Сейме). Кабінет прызначаецца Прэзідэнтам па прапанове Прэм'ер-міністра. У траўні 2015 палякі абралі Прэзідэнтам Анджэя Дуду. Пасаду Прэм'ера ў 2017 заняў Матэвуш Маравецкі (абодва прадстаўляюць партыю Права і Справядлівасць).
Судовая галіна грае важную ролю ў прыняцці рашэнняў. Яе галоўныя інстытуты ўключаюць Вярхоўны суд (Sąd Najwyższy); Вярхоўны Адміністрацыйны суд (Naczelny Sąd Administracyjny); Канстытуцыйны Трыбунал (Trybunał Konstytucyjny); і Дзяржаўны Трыбунал (Trybunał Stanu).
Знешняя палітыка
[правіць | правіць зыходнік]У ХХІ стагоддзі Польшча пашырыла свой удзел у міжнародным супрацоўніцтве — як з суседзямі па ЕС і астатняй Еўропе, так і з краінамі ў іншых частках свету. Польшча актыўна абараняе правы этнічных палякаў на прасторах былога СССР.
Пасля распаду сацлагера Польшча стала на шлях супрацоўніцтва са старымі і новымі суседзямі. У 1994 годзе Польшча атрымала статус асацыяванага члена ЕС, у сакавіку 1999 уступіла ў НАТА, у траўні 2004 стала паўнавартым сябрам Еўрапейскага Саюза. У Еўрапарламент Польшча дэлегуе 51 дэпутата. Таксама Польшча з’яўляецца членам Шэнгенскага пагаднення, Вышаградскай групы, Веймарскага трохвугольніка, Савета Еўропы, АБСЕ, Савета дзяржаў Балтыйскага мора. Разам з Украінай Польшча правяла Чэмпіянат Еўропы па футболе 2012 года. Завыразны заходні палітычны вектар пагоршыў адносіны Польшчы з Расіяй.
Адносіны з Беларуссю
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўсталяваныя 2 сакавіка 1992 года. 23 чэрвеня 1992 года старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч падпісаў у Варшаве Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве на 15 год, паводле якога бакі пацвердзілі граніцу, якая існавала паміж абедзвюма дзяржавамі.
У 1992 годзе ў Мінску было адкрыта пасольства Польшчы, а ў 1993 годзе было адкрыта пасольства Беларусі ў Варшаве. Паслом Польшчы ў Беларусі з 2018 года з’яўляецца Артур Міхальскі. З 12 лютага 2019 года паслом Беларусі ў Польшчы з'яўляецца Уладзімір Чушаў. «Гэта не чужы нам народ», — нагадаў Уладзіміру Чушаву прэзідэнт Беларусі.[27] Дзейнічаюць два генеральных консульствы Беларусі — у Беластоку і Гданьску, а таксама консульства ў Бяла-Падлясцы і часовы пункт консульскага прыёму ў Аўгустове. У Беларусі, акрамя пасольства, працуюць два генеральных консульствы — у Гродне і Брэсце.
1 кастрычніка 2003 года ў сувязі з уваходам у Еўрапейскі Саюз польскі ўрад увёў візавы рэжым для беларускіх грамадзян[28]. 18 студзеня 2011 года МЗС Польшчы забараніў ўезд у краіну А. Лукашэнку і шэрагу беларускіх чыноўнікаў за падаўленне акцыі пратэсту 19 снежня 2010 і наступны пераслед апазіцыі.[29]
Адміністрацыйны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Паводле апошняга адміністрацыйнага падзелу (1999), Польшча падзяляецца на 16 ваяводстваў:
- Куяўска-Паморскае ваяводства — Быдгашч — Торунь
- Велікапольскае ваяводства — Познань
- Малапольскае ваяводства — Кракаў
- Лодзьскае ваяводства — Лодзь
- Ніжнесілезскае ваяводства — Уроцлаў
- Люблінскае ваяводства — Люблін
- Любушскае ваяводства — Гожаў Велькапольскі
- Мазавецкае ваяводства — Варшава
- Апольскае ваяводства — Аполе
- Падляскае ваяводства — Беласток
- Паморскае ваяводства — Гданьск
- Падкарпацкае ваяводства — Жэшаў
- Сілезскае ваяводства — Катавіцы
- Свентакшыскае ваяводства — Кельцы
- Вармінска-Мазурскае ваяводства — Ольштын
- Заходнепаморскае ваяводства — Шчэцін
Ваяводствы адпавядаюць і названы паводле гістарычных рэгіёнаў краіны. Самае маленькае ваяводства — Апольскае (менш за 10 000 км²), самае вялікае — Мазавецкае (больш за 35 000 км²). Мясцовая ўлада дзеліцца паміж ваяводам, якога прызначае дзяржава, і рэгіяналнай палатай (сеймікам), абіранай народам. На чале сеймікаў стаяць маршалкі. Ваяводствы дзеляцца на паветы (іх 360), паветы — на гміны (іх 2,478). Вялікія гарады ў адміністрацыйным плане адначасова з'яўляюцца і паветамі, і гмінамі.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]дэмаграфія | |||
---|---|---|---|
год | насельніцтва | год | насельніцтва |
1370 | 1 900 000 | 1950 | 25 008 000 |
1582 | 7 500 000 | 1960 | 29 776 000 |
1634 | 11 000 000 | 1970 | 32 642 000 |
1800 | 9 000 000 | 1978 | 35 061 000 |
1846 | 11 107 000 | 1988 | 37 879 000 |
1911 | 22 110 000 | 1990 | 38 183 000 |
1921 | 27 177 000 | 1995 | 38 610 000 |
1931 | 32 107 000 | 2000 | 38 654 000 |
1938 | 34 849 000 | 2005 | 38 191 000 |
1946 | 23 930 000 | 2009 | 38 167 329 |
2017 | 38 433 600 | ||
дадзеныя:GUS |
Па колькасці насельніцтва (38,4 млн чал.) Польшча з’яўляецца восьмай краінай ў Еўропе і пятай у Еўрасаюзе (без Вялікабрытаніі). У рэгіёне Цэнтральная і Усходняя Еўропа Польшча займае 3-е месца пасля Расіі і Украіны. Цягам апошніх 30 гадоў колькасць насельніцтва застаецца практычна нязменнай і вагаецца ў межах 38 і 39 млн чалавек, аднак узроставая структрура трансфармуецца. Для краіны характэрны нізкі натуральны прырост насельніцтва і паступовае яго старэнне. У асобныя гады смяротнасць перавышае нараджальнасць. Для Польшчы характэрна высокая ўдзельная вага насельніцтва ў працаздольным узросце. Такім чынам, дэмаграфічныя працэсы тут падобныя да агульнаеўрапейскіх, за выключэннем таго, што для Польшчы характэрны нізкі міграцыйны прырост. Польшча пазіцыянуе сябе як транзітную для мігрантаў краіну.
Выключэнне робіцца для асобаў з польскімі каранямі ў краінах Усходняй Еўропе — ім дастаткова атрымаць карту паляка і стаць паўнавартым членам польскага грамадства. Пасля ўступлення Польшчы ў ЕС вялікая колькасць працоўных мігрантаў (каля 2 млн чалавек) выехала ў краіны Заходняй і Паўночнай Еўропы. Асабліва вялікая польская дыяспара ў Вялікабрытаніі, Ірландыі і Ісландыі. У 2010-х, калі заробкі ў Польшчы дасягнулі 70 % ад сярэдніх па ЕС, гэты трэнд зменшыўся. Польская дыяспара, што сфармавалася цягам апошніх стагоддзяў — адная з самых шматлікіх у свеце: паводле найбольш смелых ацэнак колькасць палякаў за мяжой складае 20 млн чалавек, з якіх большасць прыходзіцца на ЗША, Германію, Бразілію, Францыю.[30]
Сучасная Польшча — адна з самых монанацыянальных дзяржаў свету. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2011 года, 96,88 % насельніцтва Польшчы аднеслі сябе да этнічных палякаў. Астатнюю частку складаюць іншыя нацыянальнасці — этнічныя меншасці і дыяспары, якія кампактна пражываюць на прыгранічных тэрыторыях (сілезцы, беларусы, літоўцы, немцы). Да іншых нацыянальнасцей аднеслі сябе 1,23 % працэнта насельніцтва краіны, з іх самыя значныя этнічныя групы — роднасныя палякам сілезцы (1,13 %, а ў 2002 — усяго 0,45 %!), немцы (0,09 %), беларусы (0,1 %), украінцы (0,1 %), цыганы, яўрэі, польска-літоўскія татары[31]. Беларуская дыяспара ў Польшчы адна з найбольш шматлікіх — каля 30 тысяч чалавек паводле перапісу 2011 (згодна з іншымі ацэнкамі, у пачатку 1990-х у Польшчы жылі ад 215 да 230 тыс. беларусаў). 1,35 % насельніцтва адмовіліся даць адказ на пытанне аб нацыянальнасці. Варта дадаць, што прыведзеная статыстыка не ўключае легальных украінскіх працоўных мігрантаў, якіх апошнім часам паболела — каля 1,7 млн чалавек у 2017![32]
Больш за 98 % жыхароў краіны размаўляюць на польскай мове — найбуйнейшай заходнеславянскай мове. Польскі алфавіт сканструяваны на лацінскай аснове і мае 9 дадатковых сімвалаў (ą, ć, ę, ł, ń, ó, ś, ź, ż); літары q, v, і x ужываюцца толькі ў запазычаных словах. Не менш за 1,4 % жыхароў Польшчы карыстаюцца сілезскай гаворкай (самі сілезцы або шлянзакі лічаць сваю гаворку асобнай мовай і дамагаюцца для яе афіцыйнага статусу; на сілезскай мове ствараюцца літаратурныя творы, выдаюцца газеты). Да рэгіянальных моў аднесена кашубская — заходнеславянская мова, родная для 366 000 чалавек, размаўляе на ёй каля 108 000 чалавек. У раёнах кампактнага пражывання кашубаў — пераважна на захад ад Гданьска — выкарыстоўваюцца двухмоўныя ўказальнікі, шыльды і т. п. Цікава, што ў адрозненні ад сілезцаў, кашубы ідэнтыфікуюць сябе як палякі. 16 моваў, у тым ліку, беларуская, маюць статус моваў нацыянальных меншасцяў.
Рэлігія ў Польшчы займае даволі значнае месца ў грамадскім жыцці. Самаю ўплывоваю рэлігіяй у краіне з’яўляецца хрысціянства (рымскае каталіцтва), прыхільнікамі якога, па розных ацэнках, з’яўляюцца ад 75 да 95 працэнтаў насельніцтва[33]. Каталіцкая царква аказвае вялікі ўплыў на жыццѐ палякаў і палітыку дзяржавы. Палякам быў 264-ы Папа Рымскі Ян Павел II (Караль Вайтыла). Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі некалькіх іншых канфесій: праваслаўныя, лютэране, грэкакатолікі, кальвіністы і іудзеі, сведкі Іеговы.
Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва складае 122 чалавекі на км². Па ўзроўні ўрбанізацыі (62 %) Польшча саступае большасці еўрапейскіх дзяржаў (у тым ліку Беларусі). Шмат у чым гэта абумоўлена сялянскім характарам сельскай гаспадаркі. Палова гараджан — жыхары вялікіх гарадоў. Найбуйнейшыя гарады Польшчы: Варшава (1,77 млн), Кракаў (770 тыс), Лодзь (690 тыс), Уроцлаў (640 тыс), Познань (537 тыс)[34], Катавіцы, Бельска-Бяла, Быдгашч, Беласток, Торунь, Гданьск, Гдыня, Сопат (апошнія тры ўтвараюць агламерацыю, якую неафіцыйна называюць Труймяста). Месца гарадоў у рэйтынгу з цягам часу можа змяніцца: так Лодзь, што быў вялікім цэнтрам прамысловасці, за апошніх 30 гадоў траціў каля 100 тыс чалавек і саступіў другую прыступку Кракаву. Дзесяць найбуйнейшых агламерацый — Варшаўская, Верхнесілезская (Катавіцкая), Кракаўская, Труймяста і інш. канцэнтруюць 25 % грамадзян краіны.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Эканоміка Польшчы — адна з найбольш дынамічных у Еўропе, асабліва сярод дзяржаў былога сацлагера. На яе развіцці адбілася правядзенне рыначных рэформ і ўступленне Польшчы ў ЕС. Сёння эканоміка Польшчы рыначная. Большая частка маёмасці, у тым ліку, банкаўскага сектару, прыватызаваная. Нацыянальная валюта — злоты, аднак Польшча рыхтуецца да ўвядзення еўра. Варшаўская фондавая біржа — найбуйнейшая ў Цэнтральнай Еўропе, самыя значныя польскія кампаніі фармуюць на ёй індэкс WIG30. З 500 найбуйнейшых кампаній Цэнтральнай Еўропы, 200 — польскія (PKN Orlen — нафтаперапрацоўка, PGE Polska — энергетыка і інш.). Польшча з'яўляецца рэгіянальным лідарам па прыцягненні замежных інвестыцый, аб'ём жа польскіх інвестыцый за мяжу на 2014 склаў каля 300 млрд. злотых.
На сферу паслуг прыходзіцца 57,4 % ВУП, унёсак прамысловасці — 40 %, у сельскай гаспадарцы, дзе занята 11 % эканамічна актыўнага насельніцтва, ствараецца ўсяго 2,5 % ВУП. Тэмпы росту ВУП у 2015-17 гадах складалі ад 3 да 5 % штогод — адзін з найлепшых паказчыкаў у ЕС, інфляцыя — 2 % у 2017 і -0,6 % у 2016.[35] Польскі ВУП (паводле ППЗ) у 2017 склаў 70 % ад сярэдняга па ЕС, у 2004 гэтая доля была ўсяго 50 %.[36]
Да моцных бакоў эканомікі Польшчы адносяцца: шматлікая і якасная працоўная сіла, ёмісты ўнутраны рынак, малы узровень беспрацоўя, невялікая знешняя запазычанасць, стабільная валюта, разнастайны экспарт.
Прамысловасць
[правіць | правіць зыходнік]Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне, чорная і каляровая металургія, паліўная, хімічная і лёгкая. Большасць машынабудаўнічых прадпрыемстваў з’яўляюцца даччынымі падраздзяленнямі вядучых заходніх кампаній. Польшча займаецца вытворчасцю адзення, электронікі, аўтамашын, аўтобусаў, верталётаў, лакаматываў, самалётаў, караблёў, ваеннай тэхнікі, лекаў, ежы. Польшча займае адно з першых месцаў у свеце па вытворчасці рыбалоўных суднаў, таварных і пасажырскіх вагонаў, цеплавозаў і электравозаў. Харчовая прамысловасць у Польшчы адна з найбольш буйных у Еўрасаюзе.
У энергетыцы Польшчы асаблівае месца займае вугальная прамысловасць. Штогод здабываецца каля 100 млн тон вугалю (кампаніі Węglokoks, Kompania Węglowa and JSW). Па здабычы каменнага вугалю Польшча лідзіруе ў Еўропе. Значная частка яго экспартуецца. Асноўны каменнавугальны басейн — Верхнесілезскі. Запасы нафты і прыроднага газу параўнальна малыя. Уся спажываемая краінай нафта — імпартная. Частка яе паступае па нафтаправодзе з Расіі, а частка дастаўляецца марскімі шляхамі. Вялікі нафтаперапрацоўчы завод працуе ў Плоцку. Імпартуецца з Расіі і прыродны газ. На вугалі, пераважна бурым, базуецца электраэнергетыка. У 2017 на ўзнаўляльных крыніцах (уключаючы ГЭС) стваралася 10,9 % электраэнергіі. Да 2020 іхнюю долю плануецца давесці да 15 %.
Нягледзячы на агульны спад вытворчасці ў чорнай металургіі, Польшча застаецца буйным вытворцам (больш за 10 млн тон у 2017 і 2018) і экспарцёрам сталі. Галоўныя камбінаты чорнай металургіі размешчаны ў Верхняй Сілезіі. Жалезная руда імпартуецца з Расіі, Украіны і Бразіліі. Значная частка сталі выплаўляецца з металалому. Каляровая металургія прадстаўлена свінцова-цынкавай і меднай галінамі. Па выплаўцы рафінаванай медзі і срэбра Польшча — еўрапейскі лідар (кампанія KGHM Polska Miedź з штаб-кватэрай у Любіне)
У машынабудаванні вядучыя пазіцыі належаць транспартнаму, які выпускае легкавыя і грузавыя аўтамабілі, марскія судны, лакаматывы і вагоны. Асноўныя прадпрыемствы размяшчаюцца ў буйных гарадах (Варшава, Познань). Легкавыя аўтамабілі вырабляюць прадпрыемствы вядомых фірм («Фіат», «Фальксваген», «Опель» і г. д.). Суднабудаванне сканцэнтравана на поўначы краіны, у Гдыні, Шчэціне, Гданьску.
Хімічная прамысловасць базуецца на ўласнай сыравіне (вуглі, прыроднай серы, паваранай солі). Вырабляе серную кіслату, фосфарныя і азотныя ўгнаенні, лекавыя сродкі. Вядучая галіна лёгкай прамысловасці — тэкстыльная, канцэнтруецца ў раёне горада Лодзь. Прадукцыя швейнай і абутковай прамысловасці пастаўляецца на знешнія рынкі.
Сельская гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]За сацыялістычным часам польскае земляўласцніцтва, у адрозненні ад астатніх сфер гаспадаркі, заставалася прыватным. Былыя землі нешматлікіх дзяржаўных прадпрыемстваў сёння здадзеныя ў арэнду фермерам, якім увогуле належыць больш за 90 % угоддзяў. Прадукцыйнасць сучаснай сельскай гаспадаркі адносна невысокая. Фермы невялікія (сярэдні памер каля 8 га) і часта цераспалосныя. Больш за палову фермераў працуюць выключна на здавальненне сваіх патрэбаў. Затое 9 % гаспадароў з надзеламі больш за 15 га трымаюць амаль палову зямлі.
Польшча з’яўляецца адным з еўрапейскіх лідараў па плошчы раллі і вытворчасці многіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Дамінуе развядзенне свіней і буйной рагатай жывѐлы. Свінагадоўля забяспечвае каля паловы вытворчасці ўсёй прадукцыі жывёлагадоўлі. Значную ролю адыгрывае птушкагадоўля (вытворчасць курыных яек). Польскія жывёлаводы моцна залежаць ад імпарту кармавой пшаніцы, фуражу, расліннага масла і бялковай мукі, якімі краіна не забяспечвае сябе ў поўным аб'ёме.
У раслінаводстве вядучае месца займае вытворчасць збожжавых культур — пшаніцы і жыта. Вялікія плошчы заняты пад ячмень і авёс, кармавыя культуры, бульбу, рапс, цукровыя буракі. Польшча займае першае ў ЕС па валавым зборы бульбы і жыта, адно з першых — па цукровых бураках, першае ў свеце — па трыцікале, шостае ў свеце па зборы і экспарце яблыкаў.
Польшча пастаўляе на экспарт мясапрадукты і жывую жывёлу, клубніцы і іншыя ягады, яблыкі, агародніну, тытунёвыя вырабы, цукар, бульбу, алкагольныя і іншыя напоі.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Становішча Польшчы ў цэнтры Еўропы прадвызначыла важную ролю транзітнага транспарту ў гаспадарцы. Тэрыторыю Польшчы ва ўсіх напрамках перасякаюць найважнейшыя транс’еўрапейскія магістралі.
Аўтамабільны транспарт адыгрывае важную ролю ва ўнутраных грузавых і пасажырскіх перавозках, у замежнагандлёвых сувязях з еўрапейскімі краінамі.Краіна мае густую сетку аўтамабільных дарог (найважнейшыя з іх пазначаны літарамі і лічбамі: A1, A2, A4, A6, A8, A18). На 2017 працягласць новых хуткасных аўтастрад складала 3421 км. Апроч гэтага, у краіне дзейнічае праграма мадэрнізацыі рэгіянальных і мясцовых дарог.
Важнае месца ў транспартнай сістэме краіны займае чыгуначны транспарт. На 2015 год працягласць чыгунак складае 19 000 км. Высокі ўзровень электрафікаванасці чыгунак. Кампанія Польская Дзяржаўная чыгунка (PKP) праводзіць мадэрнізацыю як шляхоў зносін, так і рухомага складу, які будзе мець магчымасць разганяцца да 200 км/гадз на усіх участках. А паміж галоўнымі гарадамі чыгуначнікі з 2015 ладзяць хуткаснае спалучэнне (да 300 км/гадз).
Па ўсім балтыйскім узбярэжжы цягенецца ланцужок партоў. Пры гэтым вылучаюцца два марскія партовыя комплексы: Гданьск — Гдыня і Шчэцін — Свінауйсце. У Гданьска-Гдыньскім комплексе збудавана глыбакаводная гавань для буйнатанажных (акіянічных) суднаў — гэта адзіны падобны партовы комплекс на Балтыцы. Круглагадовыя паромныя пераправы злучаюць Польшчу з краінамі Паўночнай Еўропы. З унутраных водных шляхоў краіны самы важны — рака Одра. Яна звязана каналамі з Верхнесілезскім басейнам і марскім портам Свінауйсце, з рачной сеткай Германіі і Віслай. Вісла ад Варшавы да Гданьска даступная для суднаў грузападымальнасцю больш за 500 т.
У Польшчы выключна добра развіты паветраны транспарт. Найбуйнейшы аэрапорт — Варшаўскі аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапена, хаб для нацыянальнай авіякампаніі LOT, што з'яўляеца адной з найстарэйшых авіякампаній свету: год заснавання — 1929. Да самых вядомых міжнародных аэрапортаў краіны адносяца Кракаўскі імя Яна Паўла ІІ, Уроцлаўскі імя Каперніка і Гданьскі імя Леха Валенсы.
Турызм
[правіць | правіць зыходнік]Турызм з'яўляецца адным з найважнейшых сектараў сферы паслуг. Ад часу ўступлення ў ЕС у 2004 паскорана развіваецца міжнародны турызм. Найбольш прывабныя для адпачынку горныя раёны Польшчы, узбярэжжа Балтыйскага мора, Мазурскія азёры і Белавежская пушча, гістарычныя цэнтры (Кракаў, Варшава, Люблін). Усяго ў Польшчы 15 аб'ектаў Сусветнай спадчыны з іх 14 культурных. Самы папулярны сярод турыстаў горад — Кракаў — старая сталіца і месца каранацыі ў далейшым, цэнтр Залатога веку польскага Адраджэння. Цалкам зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны стары горад у Варшаве быў адноўлены і з'яўляецца галоўнай славутасцю стаіцы. Вялікую прывабнасць мае Уроцлаў — у ансамбль вялікай Рынкавай плошчы ўваходзяць ажно дзве ратушы, ўроцлаўскі заапарк налічвае ўжо больш за 150 гадоў гісторыі і надзвычай багатую калекцыю відаў, на кожным кроку турыстаў сустрэнуць мілыя гномы.
У Польшчы звыш 100 замкаў, большая іх частка захавалася ў Ніжняй Сілезіі і уздоўж Шляху арліных гнёздаў паміж Кракавам і Чэнстаховай. Яснагурскі манастыр у Чэнстахове штогод кліча да сябе сотні тысяч паломнікаў-каталікоў. Сярод відаў актыўнага турызму ў Польшчы шырока прадстаўлены гарналыжны турызм, водныя віды, хайкінг і склалазанне. Развіваецца аграрны (сельскі) турызм.
Знешні гандаль
[правіць | правіць зыходнік]Найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі Польшчы з'яўляюцца Германія, Чэхія, Вялікабрытанія, Францыя і Італія. Польшча славіцца экспартам вырабаў харчовай прамысловасці: шакаладу, молочнай прадукцыі, вэнджанай рыбы, мясных прадуктаў, марожанай гародніны і садавіны.
Па выніках 2016 года тавараабарот Польшчы з Беларуссю склаў $ 2 млрд. Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы адзначыў, што ёсць патэнцыял для дасягнення $ 3 млрд. Асноўныя пазіцыі экспарту з Беларусі ў Польшчу - нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, пліты ДСП, неапрацаваныя лесаматэрыялы, мінеральныя ўгнаенні; з Польшчы ў Беларусь — яблыкі, таматы, малако і вяршкі, лекі і інш.[37]
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Нацыянальнае свята незалежнасці; Гл. Гісторыя Польшчы.
- ↑ Згодна з законам, прынятым 6 студзеня 2005 года, у гмінах, дзе не менш 20 % насельніцтва прадстаўлена нацыянальнымі меншасцямі, у дзяржаўных установах можа ўводзіцца другая мова. Закон датычыцца беларускай, літоўскай, кашубскай і нямецкай моў.
- ↑ Таксама .eu, як член Еўрасаюза.
- ↑ Дакладней, тэрыторыю, на якой знаходзіцца сучасная Славацкая рэспубліка.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ An official website of the European Union (англ.)(недаступная спасылка). European Union. — Старонка, прысвечаная Польшчы на афіцыйным сайце Еўрапейскага Саюза. Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2020. Праверана 22 красавіка 2022.
- ↑ Statistics Poland Statistical Bulletin No 2/2021 .
- ↑ Główny Urząd Statystyczny. Ludność. Stan i struktura ludności oraz ruch naturalny w przekroju terytorialnym w 2014 r. Stanu w dniu 30 VI 2014 r [1] Архівавана 2 снежня 2014.
- ↑ Human Development Indices and Indicators 2019 (англ.). Праграма развіцця ААН. — Справаздача аб чалавечым развіцці на сайце Праграмы развіцця АА.
- ↑ У адпаведнасці з класіфікацыяй статыстычнага аддзела ААН.
- ↑ У адпаведнасці з некаторымі іншымі класіфікацыямі.
- ↑ Інфармацыя пра Польшчу на сайце «www.mir-geo.ru» (руск.)
- ↑ Статыстычная дэмаграфічная інфармацыя польскага ўрада на 30 верасня 2014 г. Архівавана 26 снежня 2018.
- ↑ Narodowy Bank Polski. Kursy średnie walut obcych (польск.)
- ↑ ZMIANY W ZAKRESIE WIARY I RELIGIJNOŚCI POLAKÓW PO ŚMIERCI JANA PAWŁA II (польск.)
- ↑ Jan Miodek. Słownik ojczyzny polszczyzny. Wrocław: Wydawnictwo EUROPA, 2002. ISBN 83-87977-92-6. (польск.)
- ↑ Tomasz Panfil. Orzeł na denarze Bolesława Chrobrego — pochodzenie i znaczenie symbolu.
- ↑ Tadeusz Lehr-Spławiński. Język polski. Warszawa 1978, s. 64. (польск.)
- ↑ а б Krystyna Długosz-Kurczabowa. Jaka jest etymologia słowa Polska (nazwa kraju)? (польск.)
- ↑ Teresa Michałowska. Średniowiecze. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1995, s. 228—229, seria: Wielka Historia Literatury Polskiej. ISBN 83-01-11452-5. (польск.)
- ↑ Jerzy Nalepa. Polska — pochodzenie i wiek nazwy (cz. II). Język Polski. 1994, nr 4/5 (LXXIV 4-5) (wrzesień/grudzień), s. 241 i n. (польск.)
- ↑ Jan M. Burdukiewicz. U źródeł Polski (do roku 1038), red. Marek Derwich i Adam Żurek, Wydawnictwo Dolnośląskie, Wrocław 2002, ISBN 83-7023-954-4, p. 18, 20. (польск.)
- ↑ Jan M. Burdukiewicz. U źródeł Polski (do roku 1038), red. Marek Derwich i Adam Żurek, Wydawnictwo Dolnośląskie, Wrocław 2002, ISBN 83-7023-954-4, p. 20. (польск.)
- ↑ Piotr Kaczanowski, Janusz Krzysztof Kozłowski. Najdawniejsze dzieje ziem polskich (do VII w.), Oficyna Wydawnicza «Fogra», Kraków 1998, ISBN 83-85719-34-2. s. 59—69. (польск.)
- ↑ Jan M. Burdukiewicz. U źródeł Polski (do roku 1038), red. Marek Derwich i Adam Żurek, Wydawnictwo Dolnośląskie, Wrocław 2002, ISBN 83-7023-954-4, pp. 86—121. (польск.)
- ↑ Jerzy Wyrozumski. Historia Polski do 1505, Wyd. PWN, Warszawa (1988), s. 28. (польск.)
- ↑ Szczur Stanisław. Historia Polski średniowiecze, Wydawnictwo Literackie 2002, ISBN 83-08-03272-9. s. 30. (польск.)
- ↑ Szczur Stanisław. Historia Polski średniowiecze, Wydawnictwo Literackie 2002, ISBN 83-08-03272-9. s. 34. (польск.)
- ↑ Jerzy Wyrozumski. Historia Polski do 1505, Wyd. PWN, Warszawa (1988), s. 85. (польск.)
- ↑ Jerzy Wyrozumski. Historia Polski do 1505, Wyd. PWN, Warszawa (1988), s. 90. (польск.)
- ↑ Jerzy Wyrozumski. Historia Polski do 1505, Wyd. PWN, Warszawa (1988), s. 90, s. 93. (польск.)
- ↑ https://www.belta.by/president/view/predstojaschie-gody-dlja-belorussko-polskih-otnoshenij-budut-opredeljajuschimi-na-bolshuju-perspektivu-336298-2019/
- ↑ Баляслаў Хмяліньскі. Польшча — Беларусь: 15 гадоў міждзяржаўных адносін// Журнал международного права и международных отношений. 2007 — № 1
- ↑ http://www.elections-ices.org/russian/news/textid:9104/ Архівавана 6 красавіка 2019.
- ↑ http://culture.polishsite.us/articles/art79fr.htm Архівавана 4 верасня 2010.
- ↑ https://stat.gov.pl/files/gfx/portalinformacyjny/pl/defaultaktualnosci/5670/22/1/1/struktura_narodowo-etniczna.pdf
- ↑ https://poland-today.pl/filling-polands-labour-gap/ Архівавана 12 мая 2022.
- ↑ Религия в Польше Архівавана 1 красавіка 2019.
- ↑ https://bdl.stat.gov.pl/BDL/start
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pl.html Архівавана 18 чэрвеня 2018.
- ↑ https://euobserver.com/economic/139415
- ↑ https://www.belta.by/economics/view/belarus-i-polsha-dolzhny-uvelichit-tovarooborot-do-3-mlrd-rusyj-264095-2017/
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Церашковіч П. Польшча: краіна і людзі (Геаграфія Польшчы). - Мн.: Зміцер Колас, 2016. - 144 с., іл