Перайсці да зместу

Юрка Гаўрук

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юрый Паўлавіч Гаўрук
Юрка Гаўрук. Пачатак 1970-х гг.
Юрка Гаўрук. Пачатак 1970-х гг.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 23 красавіка (6 мая) 1905
Месца нараджэння
Дата смерці 18 лютага 1979(1979-02-18) (73 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, паэт, літаратурны крытык
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юрка (Юрый Паўлавіч) Гаўрук (23 красавіка (6 мая) 1905, Слуцк Мінскай губерні, цяпер Мінскай вобласці — 18 лютага 1979, Мінск; псеўданім: С. Дробуш) — беларускі перакладчык, паэт, літаратурны крытык[1].

Горацкая філія «Аршанскага Маладняка», 1926 год. Стаяць: (злева направа) Алесь Вечар, Рыгор Мурашка, Чыжонак, Уладзіслаў Прыбыткоўскі, Калядка. Сядзяць: Мятла, Сяргейчык, Міхась Ганчарык (кіраўнік філіі), Васіль Каваль, Юрка Гаўрук, Алесь Дземідовіч.

Нарадзіўся ў сям’і служачага. З 1915 года сям’я Ю. Гаўрука ў бежанстве ў Пскове. Скончыў слуцкую школу 2-ой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве ў 1925 годзе[1]. З 1924 года запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Восенню 1925 года абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931). У 1931—1935 гадах дацэнт кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

Арыштаваны 8 лютага 1935 года ў Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 года асобай нарадай пры НКУС за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўлення волі; высланы з Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958 года. Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 гадах працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы[1]. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п’есы з сусветнай класікі.

Асабовая справа Ю. Гаўрука № 15523 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласці.

Памёр 18 лютага 1979 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска (П-1, 40/2/23).

Працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Дэбютаваў перакладам у 1925 (верш Г. Гейнэ «Ткачы[de]»). Свае творы друкаваў у часопісах «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і іншых.

У 1926 годзе выйшла першая кніга Ю Гаўрука «Вясковыя рыскі». У кнігу ўвайшлі байкі, жарты, песні, расказы сялян, апісанні «няпышнага» вяселля і «вальцаў» у вясковым «магазыне», якія Гаўрук запісваў на Случчыне «каб даведацца годаў і нягодаў гэтага жыцьця, і як гэта ўсё адбіваецца ў сялянскай песьні».

Аўтар першага на Беларусі[1] зборніка паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў»[заўв 1] (1928).

У 1969 годзе выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя»[заўв 2], у 1975 годзе — зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах»[заўв 3]. У 1990 годзе быў выдадзены паэтычны зборнік «Узвіхраны ветразь» (вершы, паэма, пераклады).

Пераклаў п’есы У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926)[1], «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла[ru]» (1954), «Канец — справе вянец[ru]» (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра[ru]» (1982). У яго перакладзе ставіліся п’есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г. Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» Н. Хікмета[ru] (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В. Гюго (1962), «Мяцеліца» Л. Лявонава?! (1965), «Дзядзька Ваня[ru]» А. Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах[ru]» Мальера (1967), «Улада цемры[ru]» Л. Талстога (1969), «Залатая карэта» Л. Лявонава (1971), «Багна[ru]» А. Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (1972), «Ноч памылак[en]» О. Голдсміта, «Выбух» І. Дварэцкага[ru][1].

Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько[ru], асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А. Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э. Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К. С. Прычард[ru] «Дачка ўрагану» (1977). Пераклаў таксама творы Ж.-Б. Мальера, Я. ШварцаСнежная каралева[ru]»), вершы П. Варанько[ru] (1976), Б. Алейніка[ru] (1977), апавяданне «За што?[ru]» Л. Талстога і балада «Парука, Шылер[de]» Ф. Шылера (1978), навелы А. Маруа і апавяданні Р. Інанішвілі[ru], Г. Гогічайшвілі (пераклаў з грузінскай мовы разам з Т. Цулукідзэ, 1979)[1][2].

На рускую мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К. Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака[1].

Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986).

Выбраная бібліяграфія

[правіць | правіць зыходнік]
  • Агні ў прасторах: Выбраныя пераклады. — Мн., 1975.
  • Ступень адказнасці: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. — Мн., 1986.
  • Узвіхраны ветразь: вершы, паэма, пераклады. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 143 с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі) — ISBN 5-340-00820-7.
  1. Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. — Мн.: Маладняк, 1928. У кнігу ўвайшлі пераклады з англійскай твораў Дж. Г. Байрана, П. Б. Шэлі, А. Тэнісана[ru], Г. Лангфела, У. Уітмена, з нямецкай — Ф. Шылера, Г. Гейнэ, Т. Кёрнера[ru], з французскай — В. Гюго, Ш. Леконта дэ Ліля[ru], Ш. Бадлера, П. Верлена, А. Тэр’е[ru], з італьянскай — Ф. Петраркі, Дж. Кардучы, А. Негры[ru], з польскай — А. Міцкевіча, У. Бранеўскага.
  2. У склад зборніка ўвайшлі пераклады твораў А. Пушкіна, А. Міцкевіча, балад Ф. Шылера.
  3. У зборнік, апроч некаторых перапрацаваных перакладаў з «Кветак з чужых палёў», увайшлі пераклады з англійскай асобных санетаў У. Шэкспіра, урыўкаў з трагедый «Гамлет», «Атэла», «Кароль Лір», камедыяў «Канец — славе вянец» і «Сон у летнюю ноч», твораў Р. Бёрнса, І. В. Гётэ, з венгерскай — твораў Б. Балашы[ru], Д. Бержэні[ru], Ш. Кішфалудзі[ru], з рускай — А. Пушкіна, В. Брусава, С. Ясеніна, Дзм. Кедрына[ru], з украінскай — П. Тычыны, М. Рыльскага, Ул. Сасюры, Л. Украінкі, з армянскай — Г. Эміна[ru].
  1. а б в г д е ё ж Белорусская ССР. Краткая энциклопедия 1982.
  2. Алеся Лапіцкая Паэт і пераклады // Літаратура і мастацтва. — Мн.: Звязда, 2015. — № 19. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy