Content-Length: 323852 | pFad | http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D1%80%D1%8B%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%86%D0%B5%D0%BB%D1%8C

Арыстоцель — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Арыстоцель

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Арыстоцель
стар.-грэч.: Ἀριστοτέλης[1]
Дата нараджэння 384 да н.э.[2][3][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 322 да н.э.[2][3][…]
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Нікамах[d][6]
Жонка Піфіяда[d][6]
Дзеці Нікамах[d][6] і Піфія[d]
Род дзейнасці філосаф
Навуковая сфера філасофія[6] і Натурфіласофія
Альма-матар
Школа/традыцыя Перыпатэтычная школа, Арыстатэлізм
Кірунак Антычная філасофія
Асноўныя інтарэсы біялогія, заалогія, фізіка, метафізіка, логіка, этыка, рыторыка, музыка, паэзія, тэатр, палітыка
Значныя ідэі
Аказалі ўплыў Парменід, Сакрат, Платон, Геракліт, Дэмакрыт
Зведалі ўплыў Практычна ўсе наступныя заходнія філосафы, хрысціянскія філосафы і папярэднікі эпохі асветніцтва
Вядомыя вучні Аляксандр Македонскі[6], Тэафраст[6][7][…], Арыстаксен[d][8], Дыкеарх[d], Эўдэм Радоскі[d][9][10], Клеарх з Сол[d], Фаній Эрэскі[d], Хамелеонт[d], Нелей з Скепсія[d], Кліт з Мілета[d][11] і Менон[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Арысто́цель (стар.-грэч.: Aristotelēs/Ἀριστοτέλης; 384 да н.э., Стагіра, Грэцыя — 322 да н.э., Халкіда на Эўбеі, Грэцыя) — старажытнагрэчаскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, заснавальнік шэрагу навуковых дысцыплін, заснавальнік асобнай філасофскай плыні і фармальнай логікі. Паводле энцыклапедыі «Брытаніка» «Арыстоцель быў першым сапраўдным навукоўцам у гісторыі… [і] кожны вучоны ў абавязку перад ім».

Нарадзіўся ў македонскім горадзе Стагіра на паўвостраве Халкідзікі на паўночнай перыферыі Класічнай Грэцыі ў грэчаскай калоніі ў Фракіі. Паходзіў з высакароднай сям'і. Яго бацька, Нікамах, быў лекарам македонскага караля Аміны ІІІ, маці — Фестыда. Бацька памёр калі Арыстоцель быў дзіцём, пасля чаго яго апекуном стаў Праксен. У васямнаццаць гадоў ён уступіў у акадэмію Платона ў Афінах і заставаўся там да трыццаці сямі (347 да н.э.).

Каля 20 гадоў правёў у Афінскай акадэміі, філасофскай школе Платона, спачатку вучнем, а пасля паўнапраўным членам. Тэмы яго работ ахопліваюць мноства прадметаў — у тым ліку фізіку, біялогію, заалогію, метафізіку, логіку, этыку, эстэтыку, паэзію, тэатр, музыку, рыторыку, лінгвістыку, палітыку, такім чынам стварыўшы першую комплексную сістэму Заходняй філасофіі.

Неўзабаве пасля смерці Платона [347 да н.э.), Арыстоцель пакінуў Афіны і па просьбе Філіпа Македонскага ў 343 да н.э. на тры гады стаў настаўнікам яго сына Аляксандра. Выхаванне працягвалася каля трох гадоў, пасля яго заканчэння Арыстоцель быў шчыра ўзнагароджаны царом.

У 335 да н.э. адкрыў у Афінах філасофскую школу — Лікей (адсюль назва навучальнай установы ліцэй). Заняткі Арыстоцель праводзіў, гуляючы па алеях саду, таму яго вучняў сталі называць «перыпатэтыкамі» (тыя, што прагульваюцца). Падчас выкладання ў Лікеі займаўся логікай, эпістэмалогіяй, фізікай біялогіяй, паліталогіяй, этыкай, эстэтыкай.

Пасля смерці Аляксандра Македонскага ў 323 г. да н.э. Арыстоцель быў вымушаны пакінуць Афіны, бо праз свае былыя стасункі з Македоніяй не карыстаўся сімпатыяй у афінян. Больш за тое, ён ратаваўся ад пераследу па абвінавачванні ў злачынстве супраць рэлігіі. Праз год, у 322 да н. э., ён памёр у г. Халкідзе на востраве Эўбеі.

Арыстоцель, які пад уплывам свайго настаўніка прытрымліваўся поглядаў Платанізму, пасля смерці Платона пагрузіўся ў эмпірыстычныя даследаванні і паступова перайшоў ад Платанізму да эмпірызму. Ён верыў, што канцэпцыі і веды ўсіх людзей заснаваны на асабістым пачуццёвым досведзе.

Арыстоцель лічыў, што ўсе рэчы, якія рэальна існуюць, створаны з формы і матэрыі. Паводле яго, матэрыя — субстанцыя без формы, якая ёсць матэрыялам для ўсіх рэчаў. Форма ж робіць матэрыю нейкім канкрэтным прадметам, іншымі словамі — гэта сутнасць кожнай рэчы. Форма не можа існаваць без матэрыі і наадварот. Пачаткам усяго існага ёсць Бог. Арыстоцель сістэматызаваў і развіў практычна ўсе галіны тагачасных ведаў — логіку, філасофію, фізіку, прыродазнаўства, гісторыю, палітыку, этыку, літаратуру, эстэтыку.

Ім напісаны сотні кніг («Катэгорыі», «Аналітыкі», «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Палітыка», «Паэтыка»), з якіх захавалася 47 твораў. Арыстоцель лічыў, што людзі пачалі філасофстваваць, каб пазбавіцца ад няведання, і неабходна стварыць асаблівую навуку, якая б даследавала «пачаткі і прычыны». Пазней гэта навука была названа «метафізікай». Арыстоцель крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі як першакрыніцу рэальнага свету. У аснове быцця бачыў чатыры пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэты. Паводле яго вучэння форма (актыўны пачатак) пераўтварае матэрыю (пасіўны пачатак) як магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і найвышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Гэта абумовіла аб’ектыўна-ідэалістычны характар яго філасофіі. У касмалогіі Арыстоцель стаяў на пазіцыях геацэнтрызму (Зямля — цэнтр). Прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл.

Працэс пазнання ён разумеў як рух ад адчуванняў да агульных паняццяў, паколькі «ўсялякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». Разглядаючы ўзаемаадносіны індывіда і грамадства, прыйшоў да высновы, што чалавек — «істота палітычная, …, грамадская». Таму важную ролю адводзіў дзяржаве. Найлепшай формай дзяржаўнага ладу лічыў такую ўладу, пры якой выключаліся б злоўжыванне ўладай, падаўленне свабодаў грамадзян, прычыненне шкоды дабрабыту і годнасці людзей. Але пры гэтым ён апраўдваў рабаўладальніцкі характар антычнага грамадства і лічыў, што рабства існуе «ад прыроды».

У эстэтычных трактатах развіваў тэорыю мастацтва, якое набліжаецца да рэальнасці. Вылучаў мастацтвы рухомыя (паэзія, музыка, танец) і нерухомыя (архітэктура, жывапіс, скульптура), распрацаваў канцэпцыю катарсісу. Яго вучэнне моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі і амаль 2 тыс. гадоў існавала як плынь арыстоцелізму ў філасофіі і прыродазнаўстве. Арыстоцель стаў заснавальнікам фармальнай логікі, стваральнікам сілагістыкі, якія паслужылі філасофскай асновай схаластыкі.

Шматлікія працы Арыстоцеля ахопліваюць амаль усе вобласці тагачасных ведаў, якія ў ягоных працах атрымалі больш глыбокае філасофскае абгрунтаванне, былі прыведзены ў строгі, сістэматычны парадак, і яго эмпірычны базіс значна вырас. Некаторыя з гэтых твораў не былі выдадзеныя ім самім пры жыцці, а многія іншыя фальсіфікавана прыпісаныя яму пазней. Але нават некаторыя месцы тых твораў, якія бясспрэчна належаць яму, можна паставіць пад сумнеў, і ўжо старажытныя стараліся растлумачыць сабе гэтую няпоўнасць і ўрыўкавасць складанасцю лёсу рукапісаў Арыстоцеля. Паводле падання, якое захавалася ў Страбона і Плутарха, Арыстоцель завяшчаў свае сачыненні Тэафрасту, ад якога яны перайшлі да Нэлія са Скепсіса. Спадчыннікі Нэлія схавалі каштоўныя рукапісы ад прагных пергамскіх цароў ў склеп, дзе яны моцна пацярпелі ад вільгаці і цвілі. У I стагоддзі да н. э. яны былі прададзеныя за высокую цану багацею і аматару кніг Апелікону ў самым убогім стане, і ён пастараўся аднавіць пацярпелыя месцы рукапісаў сваімі ўласнымі прыпіскамі, але не заўсёды ўдала. Пасля, пры Суле, яны патрапілі ў ліку іншай здабычы ў Рым, дзе Тыраніян і Андронік Радоскі выдалі іх у іх цяперашнім выглядзе[12]..

Арыстоцель імкнуўся не толькі вызначыць прадмет кожнай паасобнай навукі, але і правесці між імі мяжу. Ён дасягнуў падобнай дэмаркацыі, увёўшы адрозненне паміж прыкладной матэматыкай, якая ўжываецца ў складаных навуках, і чыстай матэматыкай, якая мае дачыненне да абстрактных лікаў і лічбаў[13].

Творы Арыстоцеля былі вядомыя на Русі, ў XIVXV ст. распаўсюджваліся зборнікі, што ўключалі ўрыўкі яго твораў. У Вялікім Княстве Літоўскім цікавасць беларускай грамадскай думкі да ідэй Арыстоцеля ўзрасла ў эпоху Адраджэння. Глыбока ведаў яго творы Францыск Скарына, які пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі ВКЛ асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і эстэтычным дактрынам Арыстоцеля (Сымон Будны, Лаўрэнцій Зізаній, Андрэй Волан і інш.). У 1568 годзе Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». Элементы філасофіі Арыстоцеля вывучаліся ў брацкіх школах. У XVIIXVIII ст. у навучальных установах ВКЛ вучэнне Арыстоцеля трактавалася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі; у той жа час значна ўзрасла цікавасць да яго прыродазнаўчых канцэпцый. Эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. Але ў канцы XVIII ст. адбыўся адыход навуковай думкі ад схаластызаванага арыстоцелізму.

Творы Арыстоцеля перакладаў арабскі філосаф і лекар, прадстаўнік арабскага арыстоцелізму Авероэс.

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]
  1. а б в Aristotle Праверана 25 жніўня 2018.
  2. а б Лосев А. Ф. Аристотель // Краткая литературная энциклопедияМ.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 1.
  3. а б Berry A. A Short History of AstronomyLondon: John Murray, 1898.
  4. Arithmetizations of Syllogistic à la Leibniz — 2012.
  5. Isocrates and Aristotle on Rhetoric
  6. а б в г д е ё ж Aristotle Праверана 25 жніўня 2018.
  7. Любкер Ф. Theophrastus // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 1375.
  8. Аристоксен // Анрио — Атоксил — 1926. — Т. 3. — С. 326.
  9. Любкер Ф. Eudemus // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 500.
  10. Э. Р. Эвдем Родосский // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1904. — Т. XL. — С. 127.
  11. Clytus Milesius 4./3. Jh. v. Chr — 1987. Праверана 13 студзеня 2020.
  12. Алымова Е. В. Предисловие переводчика // Аристотель. Протрептик. О чувственном восприятии. О памяти. / Пер. Е. В. Алымовой. СПб.: Издательство СПбГУ, 2004. 184 стр.
  13. Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995. С.23
  • Арыстоцель // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 138. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.










ApplySandwichStrip

pFad - (p)hone/(F)rame/(a)nonymizer/(d)eclutterfier!      Saves Data!


--- a PPN by Garber Painting Akron. With Image Size Reduction included!

Fetched URL: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D1%80%D1%8B%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%86%D0%B5%D0%BB%D1%8C

Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy