Content-Length: 270025 | pFad | http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%B0%D0%BA%D1%80%D0%B0%D1%82

Сакрат — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Сакрат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сакрат
стар.-грэч.: Σωκράτης
Дата нараджэння 469 да н.э.[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 15 лютага 399 да н.э.[2]
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Sophroniscus[d]
Маці Phaenarete[d]
Жонка Ксанціпа і Myrto[d]
Дзеці Lamprocles[d] і Menexenus[d]
Род дзейнасці філосаф, настаўнік, пісьменнік, этык
Навуковая сфера філасофія, эпістэмалогія і этыка
Школа/традыцыя Класічная грэчаская філасофія, сакратычная
Асноўныя інтарэсы Эпістэмалогія, Этыка
Аказалі ўплыў Анаксагор, Парменід, Продзік
Зведалі ўплыў Платон, Ксенафонт, Арыстоцель, большасць заходніх філосафаў
Вядомыя вучні Платон, Ксенафонт, Антысфен, Арыстып, Ісакрат, Euclid of Megara[d], Федан з Эліды, Aeschines of Sphettus[d], Chaerephon[d], Simmias of Thebes[d], Cebes[d], Menexenus[d], Apollodorus[d] і Алківіяд
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сакрат (469, Алапека (Атыка) — 399 да н.э.) — старажытнагрэчаскі філосаф. Вызначыў новую задачу філасофіі як пазнанне чалавека ва ўсёй разнастайнасці яго духоўнага быцця, а не пазнанне прыроды.

Выступаў за духоўнае развіццё чалавека, яго маральнае і інтэлектуальнае самаўдасканальванне. Пазнанне чалавека звязваў з самапазнаннем сябе як грамадскай і маральнай істоты. Ён не пакінуў аніводнага напісанага радка, тым не менш погляды Сакрата моцна паўплывалі на далейшае развіццё філасофскай думкі. Прадаўжальнік яго ідэй — Платон.

Сакрат жыў у Афінах. Меў простае паходжанне, бацькамі філосафа былі скульптар Сафраніск і павітуха Фенарэта. Выглядаў цяльпукаватым і непрыгожым. Удзельнічаў у ваенных дзеяннях, пасяджэннях «савета пяцісот», выконваў іншыя грамадскія абавязкі.

Сакрат казаў, што ён займаецца той жа справай, што і ягоная маці, але ў адрозненне ад маці ён дапамагае нараджацца духу. Свае ідэі выкладаў вусна ў выглядзе размоў, дыскусій. Лічыў, што напісаны тэкст «мёртвы» і ў значнай ступені скажае думку.

Вёў жыццё вулічнага філосафа. У час філасофскіх гутарак і спрэчак збіраў вакол сябе мноства людзей, некаторыя з іх сталі яго вучнямі. Лічыў неабходным «бударажыць» грамадства, не дазваляючы грамадзянам займацца толькі звычайнымі справамі (узбагачэннем, кар’ерай і інш.). Сакрат перш за ўсё імкнуўся абудзіць у сваіх вучнях пачуццё праўдзівага. На думку Сакрата, суразмоўца сам павінен прыйсці да разумення недастатковасці тых меркаванняў, якія ён раней уважаў за праўдзівыя, і скіраваць сваю свядомасць на пошукі праўды як такой.

Паводле канонаў антычнасці яго нельга было лічыць выдатным прамоўцам. У свой час Сакрат, звяртаючыся да Піфіі, сказаў: «Я ведаю, што я анічога не ведаю». Пасля гэтага Піфія абвясціла яго наймудрым чалавекам у Афінах.

Абвінавачаны ў бязбожнасці, разбэшчванні моладзі Сакрат быў асуджаны на пакаранне смерцю. Але сапраўдная прычына была ў тым, што Сакрат да ўсяго ставіўся крытычна. Ен ставіў пад пытанне характар і правы ўлады, рэлігію, багоў, цноты, дабро і справядлівасць, зло і несправядлівасць. Такая пазіцыя філосафа, відавочна, адмоўна ўплывала на палітычную стабільнасць. Гэтым тлумачыцца, чаму суддзі палічылі Сакрата небяспечнай асобай для грамадства.

«Смерць Сакрата» паводле Жака Луі Давіда

Асуджаны на смерць, Сакрат трапіў за краты. Калі ён знаходзіўся ў турме, ягоныя вучні падрыхтавалі ўцёкі. Але Сакрат адмовіўся ад дапамогі і прыняў атруту. Стары філосаф узяў у рукі шклянку з цыкутай. Па-сяброўску падзякаваў турэмшчыку, што прынёс яму атруту, і, не марудзячы, выпіў. Цела яго пачало дранцвець, Сакрат лёг і прадоўжыў размову са сваімі вучнямі.

Платон, які ў той момант знаходзіўся ля ног Сакрата, адразу ж пасля смерці свайго настаўніка надоўга пакінуў Афіны. Аб светапоглядзе Сакрата вядома з дыялогаў Платона, звесткі пра Сакрата можна знайсці і ў іншых яго сучаснікаў.

У Сакрата была жонка Ксантыпа, якая нарадзіла яму трох сыноў: Лемпокла, Сафраніска і Менексена. Традыцыйна, Ксантыпу лічыцца зласлівай мегерай, у асноўным дзякуючы яе характарыстыцы ў Ксенафонта.

Сакрат нічога не напісаў. Цяжка вызначыць, каму належаць словы ў дыялогах Платона, нават калі дыялог вядзецца ад імя Сакрата. Магчыма, частку думак Платона трэба вярнуць Сакрату, ці наадварот.

Сакрат не верыў у магчымасць праўды, якая выступае асобна ад таго, хто яе кажа, і ад той сітуацыі, у якой яна сцвярджаецца. Ён абгрунтаваў і распрацаваў метад дыялога як асноўны сродак вызначэння ісціны і такія яго складаныя кампаненты, як іронія, маеўтыка, індукцыя.

Сакрат пытаецца, размаўляе і слухае. Часцей за ўсё ён пачынае так: «Скажы мне, чым, на тваю думку, ёсць Прыгожае?» Гэтак жа Сакрат пытаецца наконт Дабра, Справядлівасці і г.д. Ягоны суразмоўца дае свой адказ. Сакрат адразу ж пагаджаецца з гэтым адказам, і распачынаецца дыялог: «Калі ўсё так, як ты толькі што сказаў, дык з гэтага вынікае, што…? А калі так, то адсюль мы прыходзім да таго, што…?» Такім чынам адбываецца паслядоўная выбудова ланцуга фактаў, аж покуль суразмоўцы не дойдуць да бясспрэчнай высновы. Тады Сакрат вяртаецца да пачатку гаворкі, і ўжо іншы ланцужок разважанняў разгортваецца на аснове таго самага першага адказу, але на гэты раз суразмоўцы прыходзяць да высновы, якая адрозніваецца ад папярэдняй. І вось Сакрат пачынае рахункаваць вынікі размовы: «Але як гэта магчыма? Раней мы прыйшлі да адной высновы, а цяпер мы атрымалі зусім іншую. Дык як жа стасаваць гэтыя дзве высновы?» Суразмоўца ўрэшце ўсведамляе ступень свайго няведання — у філасофіі такі шлях пошуку праўды атрымаў назву сакратавай іроніі. Сутнасць гэтага метаду ў тым, каб прытрымлівацца думкі суразмоўцы, але накіроўваць яе так, што суразмоўца ў рэшце пачынае разумець усю супярэчлівасць свайго меркавання, а пасля ўжо і не ведае, якой была яго думка. Сакратаўская іронія прадугледжвае выяўленне няведання, дасягненне поўнай расчараванасці, а потым — вяртанне да пачатку і новы пошук праўды.

Філасофская праўда ў разуменні Сакрата не з'яўляецца сцвярджэннем, што дакладна адпавядае пэўнаму стану аб’ектыўнай рэальнасці і пры гэтым не залежыць ад таго, хто яго выказвае. Яна з'яўляецца сцвярджэннем, праз якое чалавек, цалкам яго ўсвядоміўшы, знаходзіць гэтую праўду, робіць яе сваёй праз уласнае ўразуменне. Для Сакрата тэарэтычная праўда адначасова ёсць праўдай практычнай. І гэтая праўда знаходзіцца ў залежнасці ад таго, якім спосабам чалавек спрабуе яе дазнацца — сёння Сакратаву праўду назвалі б экзістэнцыйнай.

«Я ведаю, што я анічога не ведаю», — гэтыя словы Сакрата азначаюць, што ягонае пачуццё праўдзівага дасягнула такой ступені, што ўжо больш не можа задаволіцца тымі відавочнасцямі, якія ўважаюцца часам за праўду. Чалавек валодае толькі імкненнем да праўды, але зусім не самой праўдай. Тут бачыцца радыкальная розніца паміж думкай Сакрата і поглядамі папярэдніх філосафаў. Сакрат скіроўвае свае пошукі не на вытлумачэнне сутнасці свету альбо спасціжэнне быцця як такога, а на чалавека, які спрабуе зразумець самога сябе. Разам з тым, тыя ўяўленні, што чалавек мае пра навакольны свет, яшчэ таксама патрабуюць дазнання. Але найперш неабходна спасцігнуць сваю ўласную свядомасць. Погляды Сакрата дазваляюць вызначыць ягонае вучэнне як педагогіку творчае веды, якая дзейнічае праз выкрыццё ўласнага няведання і абуджэнне пачуцця праўды як такой, праўды ў яе аўтэнтычнасці.

Ягонае вучэнне абуджае ў суразмоўцы пачуццё праўды, што дадзена кожнаму чалавеку, але звычайна знаходзіцца ў дрымотным стане, і яго неабходна абуджаць. Такая пазіцыя Сакрата грунтуецца на глыбокай веры ў асобу чалавека. Ягоны суразмоўца, як чалавек, мае гэтае пачуццё праўды. А таму дастаткова толькі дапамагчы яму нарадзіцца.

Сакрата цікавіла, як неабходна жыць, каб жыць у адпаведнасці з дабром. У адрозненне да папярэдніх мысляроў, ён упешыню звярнуў увагу на неабходнасць скіроўваць жыццё і ўчынкі чалавека на асягненне дабра. А шляхі да гэтай мэты чалавек павінен знайсці сам.

Як лічыць Сакрат, дзейнасць чалавека абумоўліваецца імкненнем дасягнуць тых мэтаў, якія ён уважае за дабро. Гэта пасуе і да найгоршага з выпадкаў, калі размова ідзе пра злачынцу. Бо злачынца таксама ставіць сабе за мэту дамагчыся таго, што мяркуе добрым для сябе. Тут выключэннем можа быць толькі псіхічна безадказная асоба, вар’ят. Кожны нармальны чалавек сваімі ўчынкамі спрабуе дасягнуць добрых, на яго ўласны розум, вынікаў, а зло паходзіць ад таго, што чалавек памыляецца ў сваім разуменні дабра. Несапраўднае дабро чалавек лічыць сапраўдным і робіць выбар на карысць памылковага, адхіляючы праўдзівае. Атрымліваецца, што зло вынікае з няведання чалавека. Адсюль сваёй галоўнай задачай Сакрат лічыць абуджэнне і падтрымку памкненняў да спасціжэння праўды. На гэтым і трымаецца маеўтыка Сакрата як майстэрства вызвалення мыслення з зародкавага стану.

Каб адшукаць сапраўднае дабро, патрабуецца ўнутранае пераўтварэнне чалавечай душы. Няведанне, якое прыводзіць да дрэннага ўчынку, не з’яўляецца аб’ектыўным няведаннем, якое можна пераадолець праз большае фармальнае веданне або дадатковую інфармаванасць. Сутнасць такога няведання ляжыць глыбей, і пачынаецца яно з унутранай няздольнасці чалавека адрозніваць дабро і зло. Пазнанне сапраўднага дабра з’яўляецца маральным актам, каб дасягнуць такога пазнання, неабходна выказаць пэўнае жаданне. Адзіным прыдатным спосабам ён лічыў абуджэнне і развіццё глыбокага пачуцця праўды. Пра гэта кажа і славутае выслоўе Сакрата: «Спазнай сябе сам». Гэта азначае выявіць у сабе найбольш глыбокія карані разумення праўды, а разам з тым вызначыць слабыя і заганныя бакі ў сваёй глыбіннай аснове. Спазнаць самога сябе — гэта вызначыць сваё няведанне, свае тэндэнцыі да стварэння ілюзорных уяўленняў, сваю схільнасць да самападману. Сакрат прапануе не проста зазірнуць у люстэрка рэфлексіі, але дзейнічаць.

Нягледзячы на апрычонасць Сакрата, шмат рысаў звязваюць яго з дасакратыкамі. Гэта, напрыклад, прынцып тоеснасці, вядомы ў Парменіда. Але гаворка ў Сакрата не ідзе пра саматоеснасць аб’екта альбо пра тоеснасць лагічна звязанай размовы. Сакрат прапануе самаадпаведнасць думкі. «Ці згодны ты з самім сабой?». На думку Сакрата, абсалютнай праўды, якая б існавала і захоўвала сваё значэнне асобна ад таго, хто яе мысліць, не існуе.

Яго палітычныя погляды заснаваны на перакананні, што дзяржавай павінны кіраваць «лепшыя» — мудрыя і справядлівыя грамадзяне. Сакрат быў упэўнены, што ён карысны для грамадства, і дзяржава павінна была б узнагародзіць яго. Але, знаходзячыся ў турме, Сакрат адмовіўся ад дапамогі, хоць і лічыў вынесены яму прысуд несправядлівым. Сваю адмову ад уцёкаў тлумачыў тым, што яго асудзілі ў адпаведнасці з існымі ў дзяржаве законамі. Існаванне ж дзяржавы, поліса, магчымае толькі на аснове гэтых законаў. Менавіта дзякуючы ім ён сам стаўся тым, кім ён ёсць цяпер. Сваім існаваннем ён абавязаны полісу і ягоным законам. Зрабіўшыся ўцекачом, ён здрадзіў бы ўсяму таму, чаму сам вучыў. А таму ён вырашае застацца ў турме і падпарадкавацца прысуду. З гэтай нагоды ён сказаў: закон ёсць мой бацька і мая маці.

Платон апавядае пра апошнюю сустрэчу Сакрата са сваімі вучнямі. Падчас гэтай сустрэчы Сакрат выказаў цэлы шэраг доказаў несмяротнасці душы. Але ніводнага з іх не хапае, каб засведчыць яе неўміручы характар, — калі за такі бясспрэчны доказ не лічыць саму смерць Сакрата. Гэты доказ быў прыведзены пасля ўсіх іншых і стаўся апошнім у жыцці Сакрата. Апошнімі словамі Сакрата былі: «Мы павінны ахвяраваць пеўня Эскулапу…» Эскулап у Старажытнай Грэцыі быў богам медыцыны. З гэтых слоў можна зрабіць выснову, што Сакрат лічыў смерць збавеннем.

Сакрат і малады Ксенафонт, дэталь фрэскі Рафаэля «Афінская школа» у Ватыкане.

Сакрат не стварыў цэласнай філасофскай сістэмы, але яго уплыў на сусветную філасофію і духоўную культуру вельмі значны. Жыццёвы шлях Сакрата, яго асноўныя ідэі зафіксаваны ў працах старажытнагрэчаскіх філосафаў Платона, Ксенафонта, Дыягена Лаэрцкага і інш.

Шэраг кірункаў у старажытнагрэчаскай філасофіі грунтаваліся на вучэнні Сакрата. Вучні Сакрата заснавалі асобныя школы, да якіх належаць: платонаўская Акадэмія (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат і інш.), кінікі (Антысфен, Дыяген Сінопскі, Кратэт і інш), кірэнская школа (Арыстып, Арыстып Малодшы, Арэта, Феодар і інш.), мегарская школа (Эўклід, Стылпон, Эўбулід і інш.), эліда-эратрыйская школа (Федон з Эліды, Менедэм і інш.).

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Record #118615270 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  2. http://www.rubicon.hu/magyar/oldalak/kr_e_399_februar_15_szokratesz_kiissza_a_meregpoharat/
  3. Czech National Authority Database Праверана 8 лютага 2024.
  4. Istituto dell'Enciclopedia Italiana Enciclopedia on line










ApplySandwichStrip

pFad - (p)hone/(F)rame/(a)nonymizer/(d)eclutterfier!      Saves Data!


--- a PPN by Garber Painting Akron. With Image Size Reduction included!

Fetched URL: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%B0%D0%BA%D1%80%D0%B0%D1%82

Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy