Малдова
| |||||
Гімн: «Limba noastră» | |||||
Заснавана | 1359 | ||||
Дата незалежнасці | 27 жніўня 1991 (ад СССР) | ||||
Афіцыйныя мовы | румынская[1][2] | ||||
Сталіца | Кішынёў | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Кішынёў, Ціраспаль[3], Бельцы, Бендэр[3], Рыбніца[3], Кахул | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм’ер-міністр Прэзідэнт Парламента |
Мая Санду Дорын Рэчан Ігар Гросу | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
138-я ў свеце 33.846 км² 1,4 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Перапіс (2014) • Шчыльнасць |
3.474.121 чал. 2.998.535[4] чал. 105 чал./км² (101-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$21,260 млрд[5] $6.000 | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2013) • На душу насельніцтва |
$7,935 млрд $2.229 | ||||
ІРЧП (2015) | ▲0,699 (сярэдні) (107-ы) | ||||
Этнахаронім | Малдаване | ||||
Валюта | Малдаўскі лей | ||||
Інтэрнэт-дамен | .md | ||||
Код ISO (Alpha-2) | MD | ||||
Код ISO (Alpha-3) | MDA | ||||
Код МАК | MDA | ||||
Тэлефонны код | +373 | ||||
Часавыя паясы | UTC+2 |
Малдо́ва (рум.: Moldova) — краіна ва Усходняй Еўропе. Мяжуе з Румыніяй і Украінай. Непасрэднага выхаду да мораў не мае. Сталіца — горад Кішынёў. Праз тэрыторыю краіны працякае рака Днестр, на ўсходнім беразе якой знаходзіцца самаабвешчаная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка. Прыднястроўе займае 12,3 % тэрыторыі Малдовы і не кантралюецца Кішынёвам.
Гісторыя самастойнай Малдовы пачынаецца з XIV ст., калі на карце сярэднявечнай Еўропы паўстала Малдаўскае княства, што неўзабаве трапіла ў залежнасць ад Асманскай імперыі. У 1812 годзе ўсходняя частка княства — тое што сёння стала Малдовай — ўвайшла ў склад Расійскай імперыі пад назвай Бесарабія. Гістарычна, культурна і моўна Малдова цесна звязана з суседняй Румыніяй, у склад якой уваходзіла ў 1918—1940 гг. і падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1944—1991 была адной з 15 рэспублік СССР. У 1992 адбыўся ўзброены канфлікт у Прыднястроўі, у выніку якога рэгіён стаў дэ-факта самастойным.
Незалежная Рэспубліка Малдова — унітарная парламенцая рэспубліка з прэзідэнтам на чале дзяржавы. На поўдні краіны ёсць аўтаномны раён Гагаузія. Малдова з’яўляецца членам СНД, ГУАМ, уваходзіць у Савет Еўропы, СГА, АБСЕ.
Сённяшняя Малдова — найбольш адсталая і бедная краіна Еўропы. Гэта адзіная еўрапейская дзяржава, індэкс чалавечага развіцця якой ацэнены як «сярэдні» (2015). Эканоміка краіны носіць аграрны характкар, хаця ў выніку дэіндустрыялізацыі, што адбылася следам за распадам СССР, пераважае сфера паслуг. Моладзь актыўна мігрыруе ў Расію і краіны Еўрапейскага Саюза. Малдове належыць еўрапейскі турыстычны антырэкорд — краіну наведвае ўсяго каля 11 000 замежных турыстаў штогод[6].
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва «Малдова» паходзіць ад ракі Малдова; даліна гэтай ракі была палітычным цэнтрам у момант заснавання Малдаўскага княства ў 1359 годзе. Паходжанне назвы ракі застаецца невядомым. Храніст Дзімітр Кантэмір распавядае такую гісторыю: калі прынц Драга паляваў тура, яго знясілены пагоняю ганчак Молда патануў у рацэ, адсюль і назва. У складзе СССР краіна называлася «Малдавіяй», гэтая назва дасюль пераважае ў рускамоўнай літаратуры і публіцыстыцы.
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Малдова знаходзіцца ва Усходняй Еўропе і не мае прамога выхаду да мора, што даволі тыпова для еўрапейскіх дзяржаў такіх памераў. Пры гэтым краіна геаграфічна належыць да прычарнаморскага рэгіёну. Рэкі Днестр (непасрэдна) і Прут (праз Дунай) звязваюць краіну з Чорным морам. У Малдовы ёсць невялічкі выхад непасрэдна да Дунаю (працягласць берагавой лініі — 600 м).
Малдова займае большую частку міжрэчча Днястра і Прута а таксама вузкую паласу левабярэжжа Днястра ў яго сярэднім і ніжнім цячэнні. На захадзе мяжуе з Румыніяй, усе 450 км мяжы праходзяць па рацэ Прут. На ўсход ад Малдовы ляжыць Украіна. Даволі значны паўночны адрэзак 940-кіламетровай мяжы з ёй прыходзіцца на Днестр. Тэрыторыя Малдовы на ўсход ад Днястра — непрызнанае Прыднястроўе, якое займае 12,3 % ад плошчы краіны.
Малдова ляжыць у другім часавым поясе.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Малдова размешчана на крайнім паўднёвым захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Паверхня большай часткі Малдовы прадстаўляе сабой узгорыстую раўніну, раздзеленую рачнымі далінамі. Яе заходняя найвышэйшая частка вядомая пад назвай Кодры. На поўначы тэрыторыя ўздымаецца ў выглядзе вапняковай грады Толтры. Сярэдняя вышыня краіны над узроўнем мора — 147 м, максімальная — 429,5 м (гара Баланешты ў Кодрах). Паўднёва-ўсходняя Малдова — аднастайна плоская нізіна. Карысныя выкапні, на якія Малдова не вельмі багатая, прадстаўлены пераважна будаўнічымі матэрыяламі: вапнякі, гіпс, гліны, шкляны пясок, гравій; маюцца невялікія радовішчы нафты і газу.
Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, кароткая, лета цёплае, працяглае. Сярэдняя тэмпература студзеня −4 °C, ліпеня 21 °C. Абсалютны мінімум −36 °C, максімум 42 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ў межах 380—550 мм, памяншаючыся з поўначы на поўдзень, дзе адчуваецца дэфіцыт вільгаці. Асабліва нізкая забяспечаннасць ападкамі ў летні перыяд. Частыя засухі, якія шкодзяць сельскай гаспадарцы. Тым не менш, Малдова валодае выдатнымі агракліматычнымі рэсурсамі.
Буйнейшыя рэкі краіны — памежныя Прут і Днестр, што цякуць у глыбокіх далінах, на некаторых участках утвараючы каньёны. Большая частка краіны адносіцца да басейна Днястра, яго буйнейшыя правыя прытокі: Рэут, Ікель. Многія прытокі Днястра і Прута ў засушлівы летні перыяд перасыхаюць у нізоўях. Малдове належыць каля паўкіламетра берага Дуная з вёскай Джурджулешты — адзіным дунайскім портам краіны. Рака Ялпуг цячэ на поўдзень і ўпадае ў адзін з дунайскіх ліманаў.
Паўночная частка Малдовы належыць да лесастэпавай зоны, цэнтральная і паўднёвая — да стэпавай. Глебы пераважна чарназёмныя (75 %). Большая частка тэрыторыі Малдовы ўзараная. Карэнная стэпавая расліннасць захавалася толькі на невялікіх участках. Лясы займаюць 6 % тэрыторыі, захаваліся яны пераважна ў Кодрах. Лясное покрыва схілаў прадстаўленае пераважна грабамі і дубамі. Сустракаюцца таксама спадарожныя пароды — ліпа, ясень, клён, бук, рабіна, дзікая груша, дзікая чарэшня, кізіл.
У Малдове створана некалькі прыродных запаведнікаў: Кодры, Плаюл Фагулуй, Ягорлык; і нацыянальны парк Архей
Прыродныя раёны:
- Паўночна-малдаўскі лесастэпавы,
- Цэнтральна-малдаўскі лясны (Кодры),
- Паўднёва-малдаўскі стэпавы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя сляды чалавека на малдаўскай зямлі надзіва старажытныя. Менавіта тут знойдзена першае ў Еўропе каменнае збудаванне — «каменная выкладка» ў поймавых адкладах палеа-Днястра ўзростам каля 1 млн гадоў. Такога ж узросту і стаянка Байракі на месцы сучаснага горада Дубасары. На мяжы 5-4 тыс. да н.э. тут узнікла і развівалая на працягу 2000 гадоў Трыпольская культура. У гэты час адбыўся пераход да аселага земляробчага ладу жыцця.
Да XIV стагоддзя тэрыторыя сучаснай Малдовы была часткай уладанняў розных племянных саюзаў (гета-дакі, готы, анты) і дзяржаўных утварэнняў (Русь, Галіцкае княства, Залатая Арда). Гісторыя самастойнай Малдовы пачынаецца з XIV ст., калі на карце сярэднявечнай Еўропы паўстала Малдаўскае княства. У 1340-х да Днястра пашырылася Венгрыя і стварыла тут сваю марку, што кіравалася намеснікамі. Адзін з намеснікаў, Багдан, пасварыўся з венгерскім каралём і ў 1359 абвясціў самастойнасць Малдаўскага княства. Праз 6 гадоў Венгрыя прызнае княства. Да таго часу адносяцца беспаспяховыя спробы насадзіць на гэтых землях каталіцтва. У другой палове XV ст. пры Стэфане ІІІ Вялікім княства дасягае свай росквіту і максімальнага тэрытарыяльнага пашырэння і тады ж адзінае ў Еўропе паспяхова змагаецца з магутнай Асманскай імперыяй. Пасля смерці гаспадара Стэфана ў 1504 годзе княства вельмі хутка трапляе ў залежнасць ад туркаў.
У канцы XVIII стагоддзя Расійская імперыя ў выніку руска-турэцкай вайны анексавала левабярэжжа Днястра, у 1812 — Бесарабію, тэрыторыяю, якая і стала асновай для будучай Малдовы. У 1856 пасля паразы ў Крымскай вайне Расія вымушана была перадаць Малдове паўднёвую Бесарабію (праз тры гады яны разам ўвайшлі ў склад нованароджанай Румыніі), але ў 1878 паводле Берлінскага міру паўднёвая Бесарабія была вернута ў склад Расійскай імперыі.
У 1917 годзе ў Бесарабіі была абвешчана Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка. У 1918 яна дабраахвотна ўвайшла ў склад Румыніі. З такім развіццём падзей не згадзіўся Савецкі Саюз і ў 1924 годзе на тэрыторыі Украінскай ССР, на левым беразе Днястра ў раёнах са значнай доляй малдаўскага насельніцтва была створана Малдаўская АССР. У 1940 годзе ў выніку падпісання Пакта Молатава-Рыбентропа Румынія была вымушана саступіць Бесарабію СССР. На большай частцы Бесарабіі разам з заходняй паласой Малдаўскай АССР была ўтворана Малдаўская ССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Малдова была акупавана ў 1941—1944 гадах нямецкімі і румынскімі войскамі. Румынскай адміністрацыяй тут было створана Губернатарства Бесарабія. У канцэнтрацыйных лагерах на малдаўскай зямлі загінула каля 120 тыс. чалавек, у тым ліку 90 тыс. яўрэяў. 24 жніўня 1944, у выніку Яска-Кішынёўскай аперацыі, тэрыторыя Бесарабіі была зноў занята савецкімі войскамі.
Пасля калектывізацыі і дэпартацыі ў Сібір і Казахстан «небяспечных элементаў» грамадства (кулакоў, калабарацыяністаў), Малдова была адбудавана пры дапамозе саюзных рэспублік, разгорнутыя пры гэтым русіфікацыя і ўкараненне нетутэйшай партыйных вярхоў, у адрозненне ад іншых заходніх рэспублік, ішлі вельмі спакойна.
27 жніўня 1991 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Малдова, тады ж была зацверджана афіцыйная назва. У 1992 напружаная палітычная сітуацыя ў зоне Прыднястроўя, якое з 1990 г. увяло рэжым самакіравання, перарасла ва ўзброены канфлікт. Хаця ахвяр і не ўдалося пазбегнуць, баявыя дзеянні былі спынены дзякуючы ўмяшальніцтву Расіі. У выніку сутыкненняў рэгіён на ўсход ад Днястра здолеў абараніць самастойнасць.
Палітыка і дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]У 1994 была прынята дзеючая Канстытуцыя Малдовы. Згодна з ёй незалежная Рэспубліка Малдова — унітарная дэмакратычная парламенцая рэспубліка з прэзідэнтам на чале дзяржавы.
Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент, 101 член якога абіраюцца раз у 4 гады па партыйных спісах. Парламент можа ўносіць змены ў Канстытуцыю большасцю ў дзве траціны галасоў, за выключэннем выпадкаў вайны і нацыянальных надзвычайных сітуацый.
Прэзідэнт Малдовы ў 2000—2016 абіраўся парламентам шляхам патаемнага галасавання, для абрання было неабходна атрымаць больш за 61 голас. Такі спосаб абрання нацыянальнага лідара выклікаў наднаразовыя пратэсты і парламент у рэшце рэшт унёс змяненні ў Канстытуцыю. У 2016 рэспубліка ўпершыню за 20 гадоў абрала прэзідэнта ўсеагульным прамым галасаваннем. Ім стаў Ігар Мікалаевіч Дадон.
Адміністрацыйны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Малдова падзяляецца на 39 адміністрацыйных адзінак першага ўзроўню: 32 раёны, 5 муніцыпіі і 2 аўтаномныя ўтварэнні Гагаузія (Găgăuzia) і Прыднястроўе (Stînga Nistrului). Усяго ў Малдове 60 гарадоў і 917 вёсак.
Частку тэрыторыі краіны займае непрызнаная самаабвешчаная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка. Тэрыторыі, якія знаходзяцца пад яе кантролем, афіцыйна ўваходзяць у Аўтаномнае тэрытарыяльнае ўтварэнне з асаблівым прававым статусам Прыднястроўе, якая з’яўляецца адной з аўтаномій. Бяспеку на левым беразе Днястра сёння супольна падтрымліваюць узброеныя сілы Расіі, Малдовы, Прыднястроўя і ваенныя назіральнікі ад Украіны.
Дачыненні з Беларуссю
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя дачыненні ўрады ўстанавілі 19 лістапада 1992 года[7]. 31 кастрычніка 2018 прэм’ер-міністр Малдовы Павел Філіп наведаў Беларусь і сустрэўся з А.Лукашэнкам. Беларускі лідар выразіў упэўненасць, што тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай павялічыцца да паўмільярда долараў.[8]
Насельніцта
[правіць | правіць зыходнік]Розніца ў амаль што паўмільёна чалавек паміж колькасцю насельніцтва паводле перапісу (2,998 млн) і паводле цякучага ўліку (3,45) тлумачыцца тым, што перапіс насельніцтва ўлічвае таксама членаў сямей, што часова знаходзяцца за мяжой. Перапіс і цякучы ўлік не закранаюць тэрыторыі самаабвешчанай Прыднястроўскай Рэспублікі, дзе пражывае каля паўмільёна чалавек.
Ужо трэцяе дзесяцігоддзе насельніцтва Малдовы, як і ў астатніх постсавеціх краінах Усходняй Еўропы, змяншаецца хуткімі тэмпамі. Перапіс 2014 налічыў жыхароў Малдовы на 11,3 % менш за папярэдні, 2004 года. У 1991 у Малдаўскай ССР жыло каля 4,36 млн чалавек, сёння, наяўнае насельніцтва Малдовы і Прыднястроўе складзенае разам не дацягвае і 3,5 млн. Асноўная прычына дэпапуляцыі — вялікі міграцыйны адток насельніцтва: у 2017 годзе натуральнае змяншэнне склала −1 чалавек на 1000, міграцыйнае — −9 чалавек на 1000.[9] З’язджаюць кваліфікаваныя кадры, у першую чаргу, моладзь: складаная эканамічная сітуацыя ў краіне не дазваляе яе жыхарам знайсці працу. Малдаўская Служба інфармацыі і бяспекі падлічыла, што 600 тысяч да аднаго мільёна малдаўскіх грамадзян (амаль 25 % насельніцтва) працуюць за мяжой.[10]
Этнахаронім «малдаване» гістарычна адносіўся да жыхароў Малдаўскага княства. Пасля таго, як княства аказалася падзеленым паміж Расіяй, Румыніяй і Аўстрыяй (Букавіна), менавіта жыхары расійскай Бесарабіі працягвалі называць сябе малдаванамі (сельскія ў большай ступені, чым адукаваныя гарадскія). Сёння малдаване складаюць 75,1 % насельніцтва краіны (перапіс 2014 на кантралюемай Кішынёвам тэрыторыі), 6,6 % — украінцы (у 2004 — 8,3 %). З 2,5 да 7 % з часу папярэдняга перапісу павялічылася колькасць асоб з румынскай самаідэнтыфікацыяй[11]. Доля рускіх склала 4,1 %, і ў параўнанні з 2004 яна зменшылася на 1,9 %. Такім чынам, славянскі субстрат паступова выцясняецца раманскім. На поўдні краіны ў аўтаномнай вобласці пражывае цюркамоўны народ гагаузы, іх у Малдове 4,6 %. Дзве траціны малдаван называюць сваю родную мову малдаўскай, трэцяя частка — румынскай. Руская з’яўляецца роднай для 9,5 %, гагаузская — 4,2 %. Малдова — традыцыйна праваслаўная краіна: 96,8 % насельніцтва назвалі сябе праваслаўнымі, яшчэ каля 2 % адносяцца да пратэстанцкіх дэнамінацый.
Малдова, нягледзячы на дэпапуляцыю, застаецца адной з найбольш густанаселеных дзяржаў былога СССР, у першую чаргу, дзякуючы высокай шчыльнасці сельскага насельніцтва, раўнамерна размеркаванага па тэрыторыі краіны. Больш за палову насельніцтва краіны дагэтуль складаюць сельскія жыхары — 2034,1 тыс. чалавек, або 57,3 %, у гарадскіх паселішчах пражываюць 1516, 8 тыс. чалавек ці 42,7 %.[12]. Буйнейшы горад — сталічны Кішынёў (каля 650 тыс.), за ім ідуць Ціраспаль* (148 тыс.), Бэлць (або Бельцы, 144 тыс.), Бендэры* (93 тыс.), Рыбніца* (50 тыс.). Пазначаныя зорачкай гарады знаходзяцца ў непрызнаным Прыднястроўі, якое можна разглядаць як адносна высокаўрбанізаванае. У Малдове ж толькі ў двух агламерацыях насельніцтва перавышае 50 тыс. чал.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Сучасны стан малдаўскай эканомікі абумоўлены эканамічнымі і палітычнымі наступствамі распаду СССР. Да першых адносяцца страта вытворчых сувязяў і традыцыйных рынкаў збыту, закрыццё доступу да фактычна бясплатных энергарэсурсаў; да другіх — аддзяленне ад краіны прамыслова развітага левага берага Днястра. Цяпер 73 % ВУП краіны ствараецца ў сферы паслуг[13], але гэта ніяк не азначае постіндустрыяльнага характару эканомікі, справа ў заняпадзе прамысловасці. Што тычыцца сельскай гаспадаркі, яна, безумоўна, таксама не пазбегла крызісу, але менавіта аграрная прадукцыя і харчовая прамысловасць вызначаюць твар Малдовы ў сусветнай гаспадарцы. Малдову можна назваць адзінай аграрнай дзяржавай на еўрапейскім кантыненце, што гучыць, хутчэй, як антыкамплімент. ВУП на душу насельніцтва ў 2018 складае 6000 долараў і гэта апошняе месца ў Еўропе. 14-15 % ВУП ствараюць грашовыя пераводы з-за мяжы. Эканоміка Малдовы знаходзіцца ў моцнай залежнасці ад Расіі, у першую чаргу гаворка ідзе аб цэнах на газ, у другую — аб забаронах на імпарт віна.
Зрэшты, ліберальныя рэформы 1990-х прывялі і да станоўчых зрухаў: развіваецца прыватны бізнес, ВУП краіны даволі стабільна расце (па 4 % у 2016 і 2017).[14]
Энергетыка Малдовы традыцыйна базуецца на цеплавых электрастанцыях (86 %), гідраўлічныя станцыі на Днястры даюць больш за 12 % элетраэнергіі, на альтэрнатыўныя крыніцы прыходзіцца толькі 1,2 % (2015)[15]. У савецкія часы і сёння Малдова была і застаецца вырабніком харчовай прадукцыі шырокага асартыменту і высокай якасці. Па ўсёй СНД вядомыя малдаўскія віны і каньякі, якія вырабляюцца на прадпрыемствах як у вялікіх (Кішынёў), так і малых (Крыкова, Milestii Mici) гарадах і нават вёсках, пладовых кансерваў. У камуне Малыя Мілешты знаходзіцца буйнейшая ў свеце вінатэка з 1,5 млн бутэльткамі. Для ўнутранага рынку вырабляюцца цукар, расліннае масла. Акрамя харчовай прымысловасці, у Малдове, дзякуючы таннай працоўнай сіле, развіваецца швейная і абутковая галіны (пашыў адзення для расійскіх і еўрапейскіх брэндаў). Машынабудаванне і хімічная прамысловасць з часу распаду СССР у заняпадзе. Тым не менш, адзінкавыя прадпрыемствы выпускаюць некаторыя віды прадукцыі, напрыклад, бытавую тэхніку (пральныя машыны, лядоўні). Захавалася вытворчасць сельскагаспадарчых машын.
Багатыя глебы і умерана-кантынентальны клімат (з цёплым летам і мяккай зімой) зрабілі краіну адным з самых прадуктыўных сельскагаспадарчых рэгіёнаў і адным з асноўных пастаўшчыкоў аграрнай прадукцыі ў Паўднёва-Усходняй Еўропе. З зарневых вырошчваюцца пшаніца і кукуруза. З тэхнічных — цукровыя буракі (у лесастэпавай зоне) і сланечнік. Вінаграднікі займаюць 150 тыс. га малдаўскай зямлі. На многіх сямейных фермах вырошчваюцца ўласныя гатункі вінаграду, сакрэты догляду якіх перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Значная частка сельскагаспадарчай прадукцыі не перапрацоўваецца ў Малдове, а ідзе на экспарт.
Галоўнымі гандлёвымі партнёрамі Малдовы сёння (2016) з’яўляюцца Румынія (22,5 % экспарту і 19,5 % імпарту) на захадзе і Расія (10 % і 21,3 %) на ўсходзе. На долю Беларусі выпадае 4,6 % і 2,5 % адпаведна. 88 % малдаўскага экспарту прыходзіцца на краіны СНД і ЕС, прычым доля заходніх партнёраў у ХХІ ст стала большай за палову. Аснову экспарту складаюць сельскагаспадарчая сыравіна (цукровыя буракі, насенне сланечніка, пшаніца) і прадукцыя харчовай прамысловасці (вінаградныя віны, пладовыя кансервы). Другой важнай групай экспартных тавараў стала, пацясніўшы чорную металургію, швейная прамысловасць (майкі, паліто, касцюмы)[16]. Акрамя Румыніі і Расіі, найбуйнейшымі імпарцёрамі малдаўсіх тавараў з’яўляюцца Італія, Германія і Турцыя.
У малдаўскім імпарце ўздельная вага ўсходніх партнёраў сур’ёзна большае за кошт прыроднага газу і нафтапрадуктаў. Таксама Малдова імпартуе машыны, лекі, прадукты харчавання і інш. За Расіяй і Румыніяй у рэйтынгу пастаўшчыкоў ідуць Украіна, Германія, Турцыя[17].
Зноскі
- ↑ а б Дэкларацыя аб незалежнасці Рэспублікі Малдова — 1991.
- ↑ а б Hotărârea nr. 36 din 05.12.2013 privind interpretarea articolului 13 alin. (1) din Constituție în corelație cu Preambulul Constituției și Declarația de Independență a Republicii Moldova — 2013.
- ↑ а б в Кантралюецца непрызнаным Прыднястроўем
- ↑ http://www.statistica.md/newsview.php?l=ro&idc=30&id=5582
- ↑ http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?sy=2018&ey=2023&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=48&pr1.y=3&c=921&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
- ↑ http://www.travelersdigest.com/7402-ten-least-visited-countries-in-europe/2/ Архівавана 14 кастрычніка 2017.
- ↑ Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Рэспублікі Малдова Уладзіміра Вароніна // Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 19 лістапада 2007
- ↑ https://sputnik.by/politics/20181101/1038438798/Moldavskiy-premer-Filip-v-Minske-pervyy-perelet-vstrecha-s-Rumasom-i-plany.html
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ https://web.archive.org/web/20110514225142/http://www.outreachworld.org/Files/u_texas/Decision-Activity_Russia.pdf
- ↑ https://realist.online/news/moldova-spustya-3-goda-obnarodovala-itogi-perepisi-naseleniya-rumyn-7
- ↑ http://www.statistica.md/newsview.php?l=ru&idc=168&id=5523
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=135&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=135&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).