Пустальга звычайная
Пустальга звычайная | |||||||||||||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||||||||
Арэал | |||||||||||||||||||||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Звычайная пустальга (Falco tinnunculus), драпежная птушка з атрада сокалападобных (Falconiformes) сямейства сакаліных (Falconidae), самая распаўсюджаная драпежная птушка Цэнтральнай Еўропы пасля звычайнага канюка. Птушка 2007 года ў Германіі, сімвал САПР (Саюз аховы прыроды Расіі) 2002 года. Добра вядомая птушка, таму што ахвотна селіцца ў гарадах і лятае адметным чынам.
Этымалогія назвы
[правіць | правіць зыходнік]Навуковая назва tinnunculus (літар. гучны, зыклівы.) паходзіць ад голасу звычайнай пустальгі, які нагадвае гукі «ці, ці, ці, ці». Тон і хуткасць голасу мяняецца ў залежнасці ад абставін.
Звычайная назва Паходжанне невядома[1]. У іншых мовах птушку называюць паводле яе іншых адметнасцяў. Напрыклад, нямецкае Turmfalke (літар. вежавы сокал) паходзіць ад таго, што звычайная пустальга ахвотна гняздуецца ў будынках, аддаючы перавагу іх верхняй частцы. Дыялектна-рэгіянальныя нямецкія назвы Rüttelfalke і Rüddelgeier (напрыклад, сокал-трапятун) перадаюць характэрныя асаблівасці палёту. Назвы сценавы, кафедральны і царкоўны сокал (ням. Mauerfalke, Domfalke, Kirchfalke) сведчаць аб найбольш тыповых месцах гнездавання на тэрыторыі паселішчаў чалавека. Сустракаецца ў нямецкай мове і назва галубіны шуляк (Taubensperber), што аднак з’яўляецца некалькі памылковай інтэрпрэтацыяй харчавальнага спектра птушкі. У адрозненні ад сапсана, галубы толькі ў выключных выпадках становяцца здабычай звычайнай пустальгі, у першую чаргу з-за значных памераў голуба.
У Беларусі, Украіне, Расіі сустракаецца таксама і назва «трасучка», якая паходзіць ад характэрнага палёту птушкі, калі яна трасецца, трапечацца ў паветры ў пошуках здабычы.[2]
Вонкавы выгляд
[правіць | правіць зыходнік]Пер’е
[правіць | правіць зыходнік]Афарбоўка пер’я звычайнай пустальгі яскрава палавы дымарфізм. Асабліва адметная розніца афарбоўкі пер’я галавы самцоў і самак. Галава самца светла-шэрая, у самкі іржава-бурага колеру. Далей, на рыжа-бурай спіне самца размешчаны невялікія чорныя і часткова ромбавідныя плямы. Верхнія крыючыя хваста, задняя спіна і хваставое пер’е аднолькавага светла-шэрага колеру. Канец з кантрасным пераходам у чорны колер, а затым у белую кайму. Ніжняя частка светла-крэмавая, у выключных выпадках з лёгкімі рыжаватымі плямамі і палоскамі. Ніжняя частка жывата і ніжнія крыючыя крылаў амаль белага колеру.
У дарослай самкі па спіне праходзяць падоўжныя цемнаватыя палосы. У адрозненні ад самца хвост таксама рыжы, з некалькімі падоўжнымі кантраснымі палоскамі. У ніжняй частцы пер’е самак значна цямнейшае чым у самцоў, з больш адметнымі плямінамі. Афарбоўка пер’я маладых птушак адпавядае каляроваму спектру самкі, але крылы выглядаюць больш скругленымі і карацейшымі чым у дарослых экзэмпляраў. Акрамя таго, акантоўка іх контурнага пер’я (Remiges primarii) значна святлейшая. Васкавіца і радужына ў дарослых асобін жоўтыя, у маладых птушак ад светла-сіняга да жаўтавата-зялёнага колеру.
У прадстаўнікоў абодвух палоў хвост закруглены, таму што вонкавыя пёры хваста карацейшыя за сярэдняе хваставое пер’е. У дарослых птушак аканечнасці крылаў даходзяць канца хваста. Ногі жоўтыя, кіпцюры чорныя.
Будова цела
[правіць | правіць зыходнік]Звычайная пустальга, тыпова для сокалаў, мае 15 шыйных пазванкоў, што дазваляе птушцы паварочваць шыю на 180°. Без павароту галавы звычайная пустальга мае погляд прыблізна ў 220°.
Велічыня цела і размах крылаў моцна вар’іруюць у залежнасці ад падвіду і індывідуума. У самцоў шырока распаўсюджанага ў Еўропе падвіду Falco tinnunculus tinnunculus звычайна сярэдняя даўжыня цела дасягае 34,5 см, у самак 36 см. Размах крылаў самца складае ў сярэднім амаль 75 см, і адпаведна 76 см у самак.
Пры ўмовах нармальнага развіцця і харчавання сярэдняя вага самцоў складае прыблізна 200 г, самкі важаць на 20 г больш. Звычайна вага самца застаецца нязменнай на працягу года, у самак жа значныя перапады; найбольшай вагі самкі дасягаюць у перыяд кладкі яек, калі могуць важыць, пры ўмове нармальнага харчавання, болей за 300 г. У буйнейшых (цяжэйшых) самак большая кладка і больш удала гадуецца патомства.
Палёт
[правіць | правіць зыходнік]Палёт звычайнай пустальгі вызначаецца вельмі хуткімі ўзмахамі крылаў. Нават недасведчаны чалавек без цяжкасцей распазнае звычайную пустальгу з гэтага характэрнага трапятлівага палёту. У такім палёце птушка быццам «стаіць» у паветры на вышыні 10-20 м, падпільноўваючы здабычу. Узмахі крылаў надзвычай частыя, хвост пры гэтым пераважна шырока распластаны і трохі схілены ўніз. Рух крылаў адбываецца амаль што ў вертыкальнай плоскасці, пры ўзмахах крыламі ўверх і ўніз перамяшаюцца прыблізна аднолькавыя аб’ёмы паветра. Убачыўшы магчымую здабычу (напрыклад, палявую мыш), птушка стрымгалоў кідаецца на яе і хапае, прычым тармажэнне адбываецца толькі перад самай зямлёй.
Хуткасць палёту звычайнай пустальгі можа дасягаць 60 км/г.
Голас
[правіць | правіць зыходнік]Пры даследаваннях былі выяўлены 11 розных галасавых адценняў у самак і больш за 10 у самцоў. Крыкі ўмоўна падзяляюцца на некалькі тыпаў, пры гэтым вышыня, тон, моц і частата крыку мяняюцца залежна ад сітуацыі. Самцы і самкі змяняюць галасавое адценне, напрыклад, у час вывядзення патомства. У самак гэта асабліва прыметна ў такавальны перыяд альбо калі яна падае сігнал самцу аб недахопе корму ў перыяд выседжвання птушанят.
Гукі, якія нагадваюць «ці, ці, ці» альбо «кі, кі, кі» — прыкмета ўзбуджэння, чуваць іх у першую чаргу тады, калі птушка занепакоена ў гняздзе. Варыянты гэтага крыку сустракаюцца і незадоўга да перадачы здабычы самцом у гняздо з самкай.
Гл. таксама Голас звычайнай пустальгі (фармат mp3), працягласць 1 мін. 12 сек.
Распаўсюджанасць
[правіць | правіць зыходнік]Звычайная пустальга — шырока распаўсюджаная птушка ў Еўропе, Азіі і Афрыцы, дзе засяляе практычна ўсе кліматычныя зоны палеарктычнага, эфіопскага, і арыентальнага рэгіёнаў. У межах жыццёвага арэалу адрозніваюць шэраг падвідаў звычайнай пустальгі, але дакладную іх колькасць вызначыць цяжка, бо не існуе адзінай думкі вучоных па падвідавай класіфікацыі. Наступныя акрэсленні падвідаў пераважна паводле П’ехокі (1991):
- Falco tinnunculus tinnunculus: намінатная форма, насяляе практычна ўсю Палеантарктыку. Гнездавальны арэал сягае ад 68° паўночнай шыраты (Скандынавія) і 61° паўночнай шыраты (Расія) да астравоў Міжземнага мора і Паўночнай Афрыкі. Падвід распаўсюджаны таксама на Брытанскіх астравах.
- Falco tinnunculus alexandri: радзімай падвіду з’яўляюцца астравы Зялёнага Мыса, Falco tinnunculus neglectus: сустракаецца на поўначы астравоў. Гэтым падвідам характэрна больш каларытная афарбоўка ў параўнанні з намінатнай формай, а таксама некалькі меншыя крылы.
- Falco tinnunculus canariensis: селіцца на захадзе Канарскіх астравоў, сустракаецца таксама на Мадэйры. Falco tinnunculus dacotiae: распаўсюджаны на ўсходзе Канарскіх астравоў
- Falco tinnunculus rupicolaeformis: сустракаецца ад Егіпта і паўночнага Судана да Аравійскага паўвострава.
- Falco tinnunculus interstinctus: жыве ў Японіі, Карэі, Кітаі, Бірме, Асаме і Гімалаях.
- Falco tinnunculus rufescens: насяляе афрыканскія саванны паўднёвей Сахары да Эфіопіі.
- Falco tinnunculus archeri: сустракаецца ў Самалі і на паўднёвым узбярэжжы Кеніі.
- Falco tinnunculus rupicolus: селіцца ад Анголы на ўсход да Танзаніі і на поўдзень да Капландыі.
- Falco tinnunculus objurgatus: жыхар паўднёвай і ўсходняй Індыі, а таксама Шры Ланкі.
Зімоўка
[правіць | правіць зыходнік]Пры дапамозе кальцавання птушак былі высветлены асноўныя рысы пералётных паводзінаў звычайнай пустальгі. З шматлікіх знаходак кольцаў вядома, што звычайная пустальга можа паводзіць сябе і як пералётная, і як аселая, і як качэўная птушка. Пералётныя паводзіны птушкі змяняюцца пераважна ў залежнасці ад колькасці ежы ў адпаведным жыццёвым арэале.
Птушкі, якія гняздуюцца ў Скандынавіі або краінах Прыбалтыкі, адлятаюць у большасці выпадкаў у вырай ў Паўднёвую Еўропу. Тады, калі градацыя палявой мышы надзвычай высокая, і, адпаведна, пошукі корму птушку не турбуюць, яна застаецца на зімоўку ў месцы свайго гнездавання. Так, напрыклад, нават на паўднёвым захадзе Фінляндыі назіраліся выпадкі, калі звычайная пустальга заставалася зімаваць і не адлятала ў вырай, таксама як касматаногі канюк і звычайны канюк. У выніку падрабязных даследаванняў высветлілася таксама, што птушкі, якія гняздуюцца ў Цэнтральнай Швецыі адлятаюць у вырай у Іспанію, часткова ў Паўночную Афрыку. Птушкі ж, якія гнездзяцца ў Паўднёвай Швецыі, адлятаюць у вырай перш усяго ў Польшчу, Германію, Бельгію і Паўночную Францыю.
Звычайныя пустэльгі, якія гнездзяцца ў Германіі, Нідэрландах і Бельгіі, з’яўляюцца аселымі і качэўнымі птушкамі. Толькі невялікая колькасць індывідаў адважваецца на далёкую вандроўку і зімуе ў рэгіёнах, у якія адлятаюць птушкі з Скандынавіі. Птушкі Паўночнай Азіі і Усходняй Еўропы адлятаюць на паўднёвы ўсход, пры гэтым малодшыя асобіны відавочна адлятаюць значна далей, выбіраючы за свае зімовыя кватэры побач з Паўднёвай Еўропай таксама Афрыку, дзе яны дасягаюць тэрыторый, якія мяжуюць альбо пераходзяць у трапічныя джунглі. Звычайныя пустэльгі, якія гнездзяцца ў еўрапейскай частцы Расіі, адлятаюць у вырай таксама і ва ўсходнія рэгіёны Міжземнамор’я.
Зімавальныя тэрыторыі азіяцкіх папуляцый прасціраюцца ад прыкаспійскіх тэрыторый і паўднёвай Цэнтральнай Азіі да Ірака і паўночнага Ірана. Сюды таксама адносіцца і паўночная частка пярэдняй Індыі. Таксама і азіяцкія папуляцыі з’яўляюцца аселымі і качэўнымі птушкамі, калі жыццёвы арэал забяспечвае неабходную колькасць здабычы ў зімовы перыяд.
Пералётныя паводзіны
[правіць | правіць зыходнік]Звычайная пустальга з’яўляецца т.зв. шырокафронтнай пералётнай птушкай, не трымаючыся традыцыйных пералётных маршрутаў. Гэтыя птушкі звычайна адлятаюць у вырай паасобку, а не групамі. Так, напрыклад, у 1973 годзе над Гібралтарскім пралівам сярод каля 210 тыс. сокалападобных праляцела 121 тыс. звычайных асаедаў, у той жа час звычайных пустэльгаў было ўсяго толькі 1237. Гэтыя лічбы сведчаць, па-першае, аб тым, што шырокараспаўсюджаная ў Еўропе звычайная пустальга толькі ў невялікай колькасці адлятае ў вырай у Афрыку, і, па-другое, аб тым, што праз Міжземнамор’е гэтыя птушкі пралятаюць больш шырокім фронтам.
Падчас пералёту звычайныя пустэльгі лятуць адносна нізка і звычайна на вышыні ад 45 да 100 метраў. Пералёт птушка працягвае нават пры неспрыяльным надвор’і, бо, у адрозненне ад іншых сокалападобных, звычайная пустальга не залежыць ад спрыяльнай тэрмікі. Таму птушка перасякае нават Альпы, што амаль што немагчыма для, напрыклад, звычайнага канюка, які здольны на гэта толькі ў выключных выпадках. Падчас пералёту над Альпамі звычайная пустальга карыстаецца пераважна пераваламі, але пралятае таксама і над вяршынямі і леднікамі.
Жыццёвы арэал
[правіць | правіць зыходнік]Тыповыя жыццёвыя арэалы
[правіць | правіць зыходнік]Звычайная пустальга адносіцца да відаў, якія лёгка адаптуюцца да навакольных умоў, таму жыццёвыя арэалы птушкі вельмі разнастайныя. Птушка звычайна не селіцца ў густых закрытых лясных масівах, а таксама на бяздрэўных сцяпных ландшафтах. У Цэнтральнай Еўропе звычайна пустальга даволі распаўсюджана ў культурных ландшафтах, і можа жыць практычна ў любым месцы, у непасрэднай блізкасці да якой ёсць край лесу або адкрытыя тэрыторыі, парослыя дрэвамі. Для палявання птушцы трэба адкрытыя плошчы з нізкай расліннасцю. Там, дзе няма дрэў, звычайная пустальга сядае на слупы высакавольтных электрычных ліній. З 1950-х гадоў вядомы нават адзіны выпадак, калі птушка гняздзілася на Аркенійскіх астравах на тэрыторыі, дзе зусім няма расліннасці.
Акрамя існавання адпаведнага месца для гнездавання, вырашальным крытэрыем у выбары жыццёвага арэалу звычайнай пустальгі з’яўляецца дастатковая колькасць магчымай здабычы. Калі корму хапае, птушка праяўляе вялікую прыстасаванасць да ландшафтаў з амаль што любым вышынным дыяпазонам. Так, напрыклад, у Гарцы і ў Рудных гарах існуе прамая залежнасць паміж прысутнасцю асноўнай здабычы птушкі, палявой мышы, і вышынным дыяпазонам, на якім сустракаецца звычайная пустальга. У Гарцы, пачынаючы з вышынь ~600 м, птушка сустракаецца ўсё радзей, а вышэй за 900 м амаль не бывае. У Альпах жа, дзе ў птушкі істотна іншы спектр здабычы, за паляваннем драпежніка можна назіраць на альпійскіх лугах нават на вышыні 2 000 метраў. На Каўказе птушка сустракаецца на вышынях да 3 400 метраў, на Паміры на вышыні звыш 4 000 метраў. У Непале пустальгу можна ўбачыць як у даліннай мясцовасці, так і на вышыні звыш 5 000 метраў. У Тыбеце птушку неаднойчы заўважалі ў высакагорных зонах на вышыні да 5 500 метраў.
Звычайная пустальга ў гарадскіх ландшафтах
[правіць | правіць зыходнік]Звычайная пустальга таксама ахвотна селіцца ў межах вялікіх і малых гарадоў. Відавочна, што тэрыторыі палявання і месца гнездавання для птушкі не абавязкова павінны быць ідэнтычнымі. Пустальга, якая гняздзіцца ў межах горада, павінна пакрываць вялікія дыстанцыі, каб здабыць сваіх традыцыйных мышэй. Так, напрыклад, птушкі, якія жывуць у Фрауэнкірхскай вежы ў Мюнхене, па кожную здабытую мыш мусяць пралятаць найменей 3 км. Даследаванні паказалі, што звычайная пустальга можа вытрымліваць пяцікіламетровую адлегласць да сваіх паляўнічых месцаў. У некаторых птушак, якія гняздзяцца ў гарадах, назіраюцца перамены ў формах палявання, а таксама ў спектры здабычы. Больш падрабязная інфармацыя аб той з’яве змешчана ў частцы артыкула формы палявання.
Прыклад заселенага звычайнай пустальгой горада гэта Берлін. Берлінская даследчая група аб’яднання па ахове прыроды Германіі вывучае з пачатку 1980-х гадоў паводзіны і асаблівасці птушак, што жывуць у гарадскіх умовах. Сярэдняя колькасць гнездавальных пар птушак у Берліне дасягае 200—300, але асабліва пасля халодных зім гарадская папуляцыя значна памяншаецца. У мэтах павелічэння папуляцыі штучна ствараюцца месцы патэнцыяльнага гнездавання пустальгі праз стварэнне гнездавальных пляцовак у грамадскіх будынках: цэрквах, школах альбо ратушах. «Натуральнымі» магчымымі месцамі гнездавання з’яўляюцца сценавыя нішы пераважна старых архітэктурных помнікаў. Аднак у выніку санацыі колькасць такіх дамоў год ад году значна памяншаецца. У большасці сучасных высотных дамоў няма сценавых праёмаў і ніш, таму яны мала прыгодныя для месцаў гнездавання звычайнай пустальгі. Каля 60 працэнтаў папуляцыі птушак у Берліне гняздуецца сёння на спецыяльных, падрыхтаваных чалавекам, пляцоўках.
Адначасова гарады небяспечныя для птушак. Звычайныя пустэльгі рэгулярна трапляюць у аўтамабільныя аварыі альбо разбіваюцца аб шкленне сучасных дамоў. Акрамя таго, калі-нікалі маладыя птушкі выпадаюць з гнездавых ніш і моцна аслабеўшы трапляюць на спецыяльныя станцыі. Так, берлінская даследчая група штогод даглядае і апякае каля 50 птушак на дзвюх станцыях па ахове звычайнай пустальгі.
Корм і асаблівасці палявання
[правіць | правіць зыходнік]Здабыча
[правіць | правіць зыходнік]Гарадскія папуляцыі звычайнай пустальгі палююць пераважна на вераб’ёў і іншых дробных птушак. На адкрытых ландшафтах у дзённы рацыён птушкі ўваходзяць найперш невялікія млекакормячыя: палявыя мышы, рыжыя палёўкі, землярыйкі, паўхі ды іншыя палёўкавыя. Дамінантнае месца той ці іншай здабычы ў рацыёне звычайнай пустальгі вызначаецца ў першую чаргу лакальнымі ўмовамі адпаведнага жыццёвага арэалу. Так, у выніку навуковых даследаванняў было выяўлена, што пустэльгі, якія насяляюць востраў Амрум, кормяцца пераважна вадзянымі палёўкамі (Arvicola terrestris). У Паўднёвай Еўропе звычайная пустальга палюе і на казюрак — конікаў і жукоў, а таксама на рэптылій, напр., яшчарак. Калі значна паніжаюцца папуляцыі дробных сысуноў, на гэтую здабычу пераходзяць таксама і птушкі, якія насяляюць Цэнтральную Еўропу. Маладыя птушкі, якія толькі пачынаюць вучыцца лятаць, кормяцца спачатку казюркамі і толькі набыўшы неабходны вопыт і сілу, пачынаюць весці паляванне на дробных сысуноў.
Дзённы рацыён, які звычайна трэба здаровай птушцы, адпавядае 25 % масы яе цела. У выніку анатаміравання загінуўшых птушак было выяўлена, што ў страўніку звычайнай пустальгі ў сярэднім знаходзіцца каля дзвюх напалову ператраўленых мышэй.
Формы палявання
[правіць | правіць зыходнік]Паводле паводзін у час палявання звычайную пустальгу можна аднесці да так званых захопнікаў: cхапіўшы здабычу, птушка ўтрымлівае яе кіпцюрамі, а затым дабівае каршнём (моцным ударам) па патыліцы, прабіваючы яе дзюбай альбо ломячы шыю ахвяры. Такая форма палявання, якая пераважае пры паляванні на мелкіх сысуноў, з’яўляецца тыповай для ўсіх сокалападобных.
Часам звычайная пустальга палюе ў форме т.зв. падсцерагання: падпільноўвае здабычу, седзячы на ўзвышшах: палявых шулах, тэлеграфных слупах альбо галінках дрэў. Але самая характэрная і незвычайная рыса палявання звычайнай пустальгі — яе адметны тыповы трапятлівы палёт. Гэта высокаспецыялізаваная форма грэблевага палёту, пры якім птушка некаторы час «стаіць» у паветры над вызначаным месцам. Такая форма палёту, пры якой птушка незвычайна часта б’е крыламі ў паветры, надзвычай энергаёмістая. Пры моцным сустрэчным ветры птушка выкарыстоўвае яго энергію, максімальна зберагаючы сваю ўласную. Галава пры гэтым застаецца нерухомай, а цела слізгае назад, пакуль шыя не выцягваецца на максімальную даўжыню. Затым птушка махамі крылаў ізноў актыўна ляціць наперад, пакуль шыя не выгінаецца альбо не ўцягваецца ў цела. Такая форма палёту дазваляе птушцы зберагаць каля 44 % энергіі ў параўнанні са звычайным махавым палётам. Такім палётам птушка заўсёды карыстаецца, напрыклад, над тымі мясцінамі, дзе разлічвае на асабліва вялікую колькасць здабычы, па многіх, лёгка прыметных воку пустальгі слядах мачы.
Паляванне з паветра — адна з формаў палявання звычайнай пустальгі, якая практыкуецца птушкай толькі пры асаблівых умовах. Выкарыстоўваецца пераважна гарадскімі папуляцыямі для нечаканага нападу на касякі альбо вялікія групы пеўчых птушак, а таксама на сельскагаспадарчых мурагах, дзе адначасова збіраецца даволі вялікая колькасць дробных птушак. Некаторыя асобіны з гарадскіх папуляцый пад прымусам знешніх умоў перайначваюць свае тыповыя паляўнічыя звычкі і палююць пераважна альбо выключна на птушак, каб выжыць у ўрбанізаваных жыццёвых арэалах. Прынамсі некаторыя рэгулярна палююць акрамя гэтага на маладых птушанят у гнёздах здзічэлых свойскіх галубоў.
Часам маладыя птушкі на свежаўзараных палях капаюць зямлю нагамі і збіраюць дажджавых чарвякоў.
Аптымізацыя энергазатрат: параўнанне форм палявання
[правіць | правіць зыходнік]Седзячы альбо падпільноўваючы звычайная пустальга палюе пераважна зімой. Так, у Вялікабрытаніі ў снежні і ў студзені на форму палявання седзячы прыходзіцца каля 85 %, на паляванне ў паветры толькі каля 15 % агульнага паляўнічага часу. З мая па жнівень на абедзве формы палявання птушка адводзіць прыблізна аднолькавы час. Пры гэтым форма седзячы значна менш удалая ў параўнанні з іншай; адпаведна статыстыцы, толькі 9 % ад агульнай колькасці рыўкоў на патэнцыяльную здабычу былі ўдалымі зімой і 20 % улетку. Пры паляванні з паветра 16 % рыўкоў на здабычу канчаюцца ўдала зімой і каля 21 % летам. Аднак рашучым фактарам у змене формы палявання з’яўляюцца энергетычныя затраты птушкі, звязаныя з трапятлівым палётам у час палявання. Улетку энергетычныя затраты на здабычу кожнай мышы аднолькавыя для дзвюх формаў палявання. Аднак зімой колькасць затрачанай энергіі на здабычу адной мышы са становішча седзячы складае толькі палову затрат для палявання з паветра, нават калі ўдаласць першай паляўнічай формы значна ніжэйшая. Са зменай формы палявання звычайная пустальга аптымізуе свае энергетычныя затраты.
Размнажэнне
[правіць | правіць зыходнік]Такаванне
[правіць | правіць зыходнік]За такавальным палётам звычайнай пустальгі ў Цэнтральнай Еўропе можна назіраць з сакавіка па красавік. Самцы выконваюць пры гэтым рыўковыя махі крыламі ў паветры, амаль што пераварочвацца ўздоўж і потым імгненна саслізгваюць у піке. Гэтыя палёты, галоўная мэта якіх — пераважна заява правоў птушкі на сваю тэрыторыю, суправаджаюцца ўзбуджанымі заклікамі самца.
Заклікае да спаравання пераважна самка, якая знаходзіць сабе прытулак у аблюбаваным самцом жыццёвым арэале ў час такавання, і падае яму сімвалічныя знакі голасам, запрашаючы да спароўвання. Пасля спаравання самец ляціць да выбранага ім месца гнездавання і зазывае туды самку голасам (гукі, якія нечым нагадваюць яснае, высакаватае «цык»). У самім гняздзе назіраюцца два розныя тыпы такавальных паводзін, адзін з якіх пераходзіць у другі. Няспынна выкрыкваючы сваё «цык» самец прыладжваецца ў гняздзе, нібыта збіраючыся класці яйкі і выседжваць птушанят, клапатліва грабецца ў гняздзе кіпцюрамі і пашырае гнездавое паглыбленне. Калі на акрайку гнязда з’яўляецца самка, самец раптоўна выпростваецца ў гняздзе ва ўзбуджаным стане. Пры гэтым ён звычайна трымае ў дзюбе спецыяльна прыгатаваную ім раней здабычу, прапаноўваючы яе самцы.
Месцы гнездавання
[правіць | правіць зыходнік]Звычайная пустальга гнездіцца пераважна на скалах, аддаючы перавагу шчылінам і невялікім пячорыстым паглыбленням у скале. Як і іншыя сокалы, звычайная пустальга не будуе гнёзды самастойна. У рэгіёнах з адсутнасцю альбо невялікай колькасцю скал звычайная пустальга займае гнёзды іншых птушыных відаў, напрыклад, варон. Звычайна пустальзе не хапае сілы, каб прагнаць варон з іх свежапабудаваных гнёздаў, таму птушцы не застаецца нічага іншага як займаць старыя шматгадовыя альбо пакінутыя гнёзды. Сустракаліся таксама выпадкі, калі звычайная пустальга зганяла з наседжаных гнёздаў здзічэлых свойскіх галубоў. Селіцца таксама і на адкрытых ландшафтах, некаторыя індывідуумы гняздзяцца ў дуплах дрэў.
Звычайная пустальга ўрбанізаваных раёнаў выкарыстоўвае для гнездавання разнастайныя паглыбленні рэльефу будынкаў і сценавыя нішы, гняздзіцца таксама на царкоўных вежах і высотных дамах. Перавагу ў апошнім выпадку птушка аддае верхняй частцы вертыкальнай структуры будынкаў, тым самым значна памяншаючы ўласную небяспечнасць.
Калі колькасць корму ў адпаведным жыццёвым арэале больш чым дастатковая, звычайныя пустэльгі, таксама як і стэпавая пустальга, збіраюцца ў даволі вялікія гнездавальныя калоніі. Так, у Эрдынскіх забалочаных мясцінах непадалёк ад Мюнхена ў 1930-х адначасова гнездаваліся 20 пар гракоў і 15 гнездавальных пар звычайнай пустальгі ў незвычайнай блізасці адной пары ад другой. Пры гэтым звычайныя пустэльгі карысталіся пакінутымі альбо старымі гнёздамі шэрай вароны. Да жорсткай абароны свайго гнязда пустальга пераходзіць толькі пры вельмі блізкім набліжэнні да гнязда.
Вывядзенне птушанят
[правіць | правіць зыходнік]У кладцы двухгадовых асобін звычайна ад 3 да 6 яек, з’яўляюцца пераважна з сярэдзіны красавіка. Яйкі, ад жаўтаватага да аліўкава-зялёнага колеру, маюць вялікую колькасць рыжых цёмных плямаў, даўжыня яек — ад 3,4 да 4,4 сантыметраў. Кладкі час ад часу разрабоўваюць шэрыя вароны і іншыя птушкі. Аднак самая вялікая небяспекая — аб’ектыўная немагчымасць для самца забяспечыць неабходнай колькасцю здабычы самку, якая сядзіць у гняздзе з кладкай, у выніку чаго самка мусіць пакідаць гняздо альбо наогул адмовіцца ад далейшага выседжвання патомства. Выседжванне пачынаецца незадоўга перад кладкай яек ці адразу пасля.
Птушаняты вылупляюцца звычайна пасля 27-29 дзён з моманту кладкі. У першыя дні самка вельмі пільна даглядае маладое патомства і пакідае гняздо толькі на вельмі кароткі час, які неабходны для таго, каб самец перадаў самцы здабычу. Калі гэта мышына, птушаняты атрымліваюць ад маці лепшыя часткі — мускульнае мяса, сама ж самка корміцца скурай альбо кішкамі. Калі птушаняты дасягаюць двухтыднёвага ўзросту, самка пачынае пакідаць гняздо і бацькі кормяць маладое патомства незалежна адно ад аднаго. У гэтым узросце маленькія птушаняты пачынаюць упершыню станавіцца на ногі. Птушаняты незвычайна хутка дасягаюць вялікай масы цела. Так, ужо ў трохтыднёвым узросце, вага цела маладой птушкі прыблізна адпавядае масе дарослай птушкі. Сваю першую вопратку — пух, птушаняты змяняюць на адзенне маладой птушкі толькі ў чатырохтыднёвым узросце.
Працягласць жыцця
[правіць | правіць зыходнік]Узрост найстарэйшых птушак на свабодзе, вызначаны па кальцаванні,16 гадоў. Верагоднасць таго, што маладая птушка перажыве аднагадовы ўзрост, складае аднак усяго 50 працэнтаў. Высокая смяротнасць адзначаецца ў студзені і ў лютым, калі як маладыя, так і дарослыя птушкі паміраюць ад голаду. Прычына гэтага ў неспрыяльных умовах надвор’я, якое замінае птушцы здабываць неабходную колькасць корму.
Папуляцыя віду
[правіць | правіць зыходнік]Пасля звычайнага канюка звычайная пустальга — самы распаўсюджаны від птушак Цэнтральнай Еўропы. У Германіі, напрыклад, папуляцыя гэтай птушкі складае каля 34.000 пар. Важную ролю ў рэгуляванні колькасці папуляцый займае колькасць месцаў для патэнцыяльнага гнездавання, а таксама дастатковая колькасць здабычы. У залежнасці ад апошняга фактара, на 100-кіламетровай плошчы можа гняздзіцца каля 90 пар.
Звычайная пустальга ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь звычайная пустальга абносіцца да ахоўных відаў і ўваходзіць у «Чырвоную кнігу» краіны (пачынаючы з другога выдання). На Беларусі звычайная пустальга ахоўваецца ў біялагічным заказніку «Званец», сустракаецца ў нацыянальным парку «Нарачанскі», арніталагічным заказніку «Дымаўшчына» на Віцебшчыне, у Прыпяцкім запаведніку, Белавежскай пушчы, заказніку «Налібоцкая пушча». На тэрыторыі Мінскага ўзвышша назіраецца дастаткова рэдка, але практычна ва ўсіх раёнах.[3] Уваходзіць у склад палявога арнітакомплексу Брэстчыны: у Брэсцкім і Івацэвіцкім раёнах колькасць асобін звычайнай пустальгі на квадратны кіламетр летам на перыяд 1990—2003 года скдадала 3,4 ас./км². Вядомыя таксама рэдкія выпадкі зімавання птушкі на Брэстчыне (0,1 ас./км² за той жа перыяд).[4] Птушка насяляе ў Беларусі таксама і гарадскія тэрыторыі. Так, напрыклад, у Мінску звычайная пустальга — адзін з заўважаных у сталіцы 34-х ахоўных відаў птушак другога выдання Чырвонай кнігі.[5]
Звычайная пустальга — птушка года Беларусі 2010.
Звычайная пустальга ў літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]Віталій Біянкі: «Мышаня Пік» Надзвычай дакладнае апісанне паводзін птушкі даецца ў дзіцячай аповесці «Мышаня Пік» рускага аўтара Віталія Біянкі ў частцы «Хвост-чаплялка і поўсць-нявідка» (вытрымка са скарачэннямі): «… Трасучка — птушка велічынёй з галуба, толькі танчэйшая, — нерухома вісела ў пустым паветры, быццам падвешаная да неба на вяроўчыне. Толькі крылы ў яе крыху трэсліся, ды галаву яна варочала з боку ў бок. Ён і не ведаў, якія зоркія вочы ў трасучкі… Пік тады толькі зразумеў небяспеку, калі трасучка раптам кінулася і стралой паляцела на яго. Уцякаць было позна. У мышонка ад перапуду адняліся ногі. Ён грудзьмі ўціснуўся ў зямлю і затаіўся. Трасучка даляцела да яго і раптам завісла ў паветры, ледзь бачна трапечучы вострымі крыламі…» [6]
Бары Хайнс: «Пустальга для прыслужніка» (A Kestrel for a Knave) У 1968 годзе брытанец Бары Хайнс апублікаваў кнігу «Пустальга для прыслужніка». Сюжэт адбываецца ў Барнслі ў Ёркшыры. Галоўны герой — Білі Каспер, малады хлопец з рабочага класа, адзіныя шчаслівыя моманты жыцця якога — час, які ён праводзіць з пустальгой Кэс. У творы шмат эпізодаў, у якіх апісана птушка і яе паводзіны. Трагічны канец. Трохі пазней, у 1969 годзе, па сюжэту твора ў Вялікабрытаніі было пастаўлена кіно «Кэс». Гл. таксама Фотаздымкі з фільма
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Этымалагічны слоўнік беларускай мовы
- ↑ Пустельга (Falco tinnunculus) Архівавана 24 кастрычніка 2006. (на рускай мове)
- ↑ http://www.pap.edu.pl/biologia/aleksandrovich/download/42 Архівавана 27 верасня 2007.
- ↑ «Актуальные проблемы экологии» Материалы I Международной научной конференции Архівавана 30 верасня 2007. (на рускай мове)
- ↑ В Брюсселе попугаи, в Минске — соловьи, Вечерний Минск, 19 июня 2003 г., № 134 (10229) (на рускай мове)
- ↑ Віталій Біянкі, Мышаня Пік на lib.ru (на рускай мове)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам. статус віду не вызначаны |
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пустальга звычайная
- Звычайная пустальга, старонка Мінскага заапарка Архівавана 24 жніўня 2007.
- On-line трансляцыя з гнязда сокала-пустальгі 24г на суткі
- Звычайная пустальга на slounik.org
- Звычайная пустальга: фотаздымкі і інфармацыя на birds.kz Архівавана 8 верасня 2007. (на рускай мове)
- Пернатые хищники России: обыкновенная пустельга (на рускай мове)
- Этымалогія слова пустальга Архівавана 14 чэрвеня 2006. (на рускай мове)
- Падрабязныя біялагічныя звесткі па расійскіх рэгіёнах (на рускай мове)
Відэаматэрыялы
[правіць | правіць зыходнік]- YouTube: Палёт звычайнай пустальгі (Даўжыня 1:12)
- YouTube: Самец звычайнай пустальгі са здабычай (Даўжыня 00:45)
- YouTube: Спроба звычайнай пустальгі злавіць невялікую птушку (Даўжыня 00:55)
- YouTube: Звычайная пустальга корміць малых птушанят (Даўжыня 00:16)
- Online-трансляцыя з гнязда звычайнай пустальгі ў Брэсце, Беларусь, 2011 г..
- Online-трансляцыя з гнязда звычайнай пустальгі ў Брэсце, Беларусь, 2012 г..
- Online-трансляцыя з гнязда звычайнай пустальгі ў Брэсце, Беларусь, 2013 г..