Перайсьці да зьместу

Беларускае Палесьсе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларускае Палесьсе — складовая частка Палескай нізіны на тэрыторыі Беларусі. На захадзе паступова пераходзіць у Прыбужанскую раўніну, на ўсходзе — у Прыдняпроўскую нізіну, на поўначы — у пагорыста-раўнінную частку Беларусі, на поўдні — ва Ўкраінскае Палесьсе. Займае вялікую частку Берасьцейскай, Гомельскай, невялікую частку на поўдні Менскай і крайнім паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласьці. Працягласьць з захаду на ўсход больш за 500 км, з поўначы на поўдзень каля 200 км.

Фізыка-геаграфічныя раёны (паводле В. А. Дзяменцьева): Берасьцейскае Палесьсе, Загародзьдзе, Мазырскае Палесьсе, Прыпяцкае Палесьсе, Гомельскае Палесьсе.

Асноўныя формы рэльефу ўтварыліся ў выніку дзейнасьці дняпроўскага і сожаўскага ледавікоў і асабліва адталых водаў, што выцякалі з-пад іх, і водаў паазерскага ледавіка (паступалі па далінах Зальвянкі, Шчары, Бярэзіны, Дняпра і іншых). Антрапагенавыя адкладаньні — водна-ледавіковыя, старажытныя і сучасныя алювіяльныя і азёрныя супескі і пяскі, эолавыя пяскі, лёсападобныя суглінкі. Вялікую ролю ў фармаваньні рэльефу адыграла акумуляцыйная дзейнасьць Прыпяці і яе галоўных прытокаў, працэсы забалочваньня паніжаных дзялянак у галацэне. Адрозьніваецца спрыяльнымі ўмовамі для гідраўлічнай сувязі глыбінных ваданосных гарызонтаў з павярхоўнымі.

Паверхня Беларускага Палесься — водна-ледавіковая і азёрна-алювіяльная пясконая нізіна са старажытнымі надабалонавымі тэрасамі, слабым нахілам на паўднёвы усход, на невялікай дзялянцы на захадзе (у басэйне Заходняга Буга), з блізкім да паверхні ўзроўнем заляганьня грунтавых водаў. Абсалютныя вышыні 100—150 м, у найбольш паніжанай частцы з амаль плоскім рэльефам знаходзяцца балоты (найвялікшыя масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Загальскі масіў) і забалочаныя дзялянкі зь пясковымі выдмамі, невялікімі грудамі, азёрнымі лагчынамі і старажытнымі берагавымі валамі Прыпяці і яе прытокаў, часткова перапрацаванымі эолавымі працэсамі. Сустракаюцца асобныя краявыя ледавіковыя ўтварэньні — Мазырская града, Хойніцка-Брагінскія вышыні, Юравіцкае ўзвышша і іншыя.

Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, абалонавыя дзярнова-балотныя, тарфяна-балотныя нізінныя і верхавыя, абалонавыя дзярнова-глеевые, дзярновыя і дзярновыя пергнойна-карбанатныя.

Клімат цёплы, няўстойліва-вільготны, на паўднёвым усходзе пераходны да лесастэпавага. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад -4,4 на захадзе да -7°С на ўсходзе (мінімальная -36°С), ліпеня — ад +18 да 19°С (максымальная +38°С). Вэгетацыйны пэрыяд 193—208 дзён. Ападкаў 540—645 мм у рок.

Асноўныя рэкі — Прыпяць зь яе прытокамі, Дняпро зь Бярэзінай і Сожам, Заходні Буг з Мухаўцом. Малыя ўхілы рэчышчаў і іх шырокія абалоны ўтвораць спрыяльныя ўмовы для акумуляцыі рачной вады ў пэрыяд паводкі і летніх залеўных паводак. Нараўне з буйнымі азёрамі (Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае, Белае) шмат невялікіх азёраў (старыцаў) у абалонах рэчак. Створаныя буйныя вадасховішчы (Салігорскае, Лактышы, Пагост), шчыльная сетка мэліярацыйных каналаў.

Пад лесам каля 43 % тэрыторыі; хваёвыя і шырокалістава-хваёвыя лясы распаўсюджаныя на водападзелах у надабалонавых тэрасах, невялікія дзялянкі шырокалістава-яловых лясоў разьмешчаныя на паўночнай ускраіне Беларускага Палесься, шырокаліставыя лясы, пераважна дубровы, што пераходзяць на ўвільготненых урадлівых дзялянках у ясянёва-дубовыя і ясянёвыя — на марэнавых узвышшах, раўнінах і надабалонавых тэрасах, масівы чорнаалешнікавых і пушхнатабярозавых лясоў — на нізінных балотах. На высечках бярозавыя й асінавыя, у абалонах рэчак дубовыя і алешнікавыя лясы. Лугі заліўныя рознатраўна-зёлкавыя, асотава-рознатраўныя і рознатраўна-бабовыя і нізінныя зёлкава-асотава-рознатраўныя і рознатраўна-асотава-мховыя. Нізінныя лугі малапрадукцыйныя, патрабуюць карэннага паляпшэньня.

Маляўнічыя ляндшафты выкарыстоўваюцца для адпачынку. Дзейнічаюць зоны адпачынку дзяржаўнага і мясцовага значэньня, курорты Горваль, Белы Бераг, Чонкі, Возера Белае. На тэрыторыі Беларускага Палесься Прыпяцкі ляндшафтна-гідралягічны запаведнік, Целяханская запаведна-паляўнічая гаспадарка, 12 заказьнікаў.

  • Природа Белоруссии. Популярная энциклопедия. — Мн.: БелЭн 1986. — 600с.: ил.
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy