Перайсьці да зьместу

Выкрут-22

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выкрут-22
Catch-22
Жанр: чорны гумар, абсурд, сатыра, ваенная фантастыка, гістарычная фантастыка
Аўтар: Джозэф Гэлер
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 11 лістапада 1961
Выдавецтва: Simon & Schuster
Ілюстратар: Пол Бэкан
Носьбіт: папера
Наступны твор: Час закрыцьця (1994)
ISBN: 0-684-83339-5

«Вы́крут-22» (па-ангельску: Catch-22) — сатырычны антываенны раман амэрыканскага пісьменьніка Джозэфа Гэлера, выдадзены ў 1961. Твор часта называюць адной з найвыдатнейшых літаратурных працаў XX стагодзьдзя[1]. Ён уключаны ў сьпіс найлепшых раманаў усіх часоў(en) паводле вэрсіі часопісу «Time»[2], BBC[3] і вэрсіяў іншых выданьняў[4][5].

У аснову рамана пакладзены ўласны досьвед удзелу аўтара ў Другой сусьветнай вайне. Падзеі «Выкруту-22» разгортваюцца ў 1943[6], напісаньне раману пачалося ў 1953 і было скончанае ў 1961 року. Аповед вядзецца ў своеасаблівай нехраналягічнай манэры ад усёведнай трэцяй асобы, апісваючы падзеі з пунктаў гледжаньня розных пэрсанажаў і бязладна, такім чынам выбудоўваючы часавую шкалу разам з сюжэтам. Галоўны герой капітан Джон Ясар’ян (анг. John Yossarian) — пілёт бамбавіка B-25 ВПС ЗША. Падзеі ў асноўным адбываюцца падчас дысьлякацыі выдуманага 256-га швадрону на востраве Піяноза ў Міжземным моры на захад ад Італіі. Раман апісвае намаганьні Ясар’яна й іншых вайскоўцаў лягеру выконваць усе службовыя даручэньні і пры гэтым ня страціць глуздоў з тым, каб вярнуцца дадому жывымі-здаровымі.

Кніга высьмейвае бюракратычную сыстэму, у гратэскным маштабе апісвае бэссэнсоўнасьць і абсурд вайны і вайсковага жыцьця амэрыканскага вайсковага падразьдзяленьня, эгаізм і карысьлівасьць камандзіраў, якія дамагаюцца прасоўваньня па службе коштам жыцьцяў маладых пілётаў.

Вайсковае правіла №22 дазваляла звар’яцелым пілётам ня браць удзелу ў вылетах, аднак тыя, хто спасылаўся на гэтае правіла, тым самым дэманстравалі жаданьне жыць, што ўласьціва для псыхічна здаровых людзей, і таму не маглі гэтым правілам скарыстацца. Пасьля выхаду раману выраз выкрут-22 стаў у ангельскай мове крылатай фразай, якая характарызуе «безвыходную сытуацыю, дзеля разьвязаньня якой трэба выканаць пэўную ўмову, аднак адначасна існуе пэўны варунак, які выключае магчымасьць выкананьня гэтай умовы» (замкнёнае кола)[7].

У 1970 року рэжысэр Майк Нікалс зьняў па кнізе аднайменны фільм.

«Выкрут-22» лічыцца адным з найлепшых твораў амэрыканскай літаратуры XX стагодзьдзя. Раман Гэлера не атрымаў прэміяў, аднак заставаўся ў друку цягам дзесяцігодзьдзяў. Пік папулярнасьці прыйшоў на час вайны ў Віетнаме, калі тэматыка абсурднасьці вайны набыла асабліва вострае значэньне ў амэрыканскім грамадзтве. Маладое пакаленьне амэрыканцаў пачало разумець і падзяляць погляд і ідэалы галоўнага героя Джона Ясар’яна. Асаблівую папулярнасьць набыў лёзунг моладзі 60-х «Ясар’ян жыве!»

  1. ^ What is Catch-22? And why does the book matter? (анг.). BBC News (12 сакавіка 2002). Праверана 31 ліпеня 2013 г.
  2. ^ All-TIME 100 Novels (анг.) Books. Time Entertainment. Праверана 31 ліпеня 2013 г.
  3. ^ Top100 (анг.) Big Read. BBCПраверана 31 ліпеня 2013 г.
  4. ^ Robert McCrum. (12 кастрычніка 2003) The 100 greatest novels of all time: The list (анг.) Books. The GuardianПраверана 31 ліпеня 2013 г.
  5. ^ 100 Best Novels (анг.) Modern Library Праверана 31 ліпеня 2013 г.
  6. ^ Rosenbaum, Ron (2 жніўня 2011) Seeing Catch-22 Twice: The awful truth people miss about Heller's great novel (анг.). Slate Magazine. Праверана 31 ліпеня 2013 г.
  7. ^ catch-22 (анг.) Merriam-Webster Праверана 31 ліпеня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy