Канстантын Астроскі
Канстантын Астроскі | |
Герб «Астроскі» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1460 |
Памёр | 11 верасьня 1530 |
Пахаваны | |
Род | Астроскія |
Бацькі | Іван Астроскі Марыя Бельская[d][2] |
Жонка | Тацяна Ганна з Гальшанскіх Аляксандра з Алелькавічаў |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Ільля ад 2-га шлюбу: Канстантын Васіль, Соф’я |
Дзейнасьць | дыплямат, палітык, вайскавод |
Канстанты́н Астро́скі (1460 — 11 верасьня 1530) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Найвышэйшы гетман (1497—1500 і з 1507), кашталян віленскі (1511—1522), ваявода троцкі (з 1522)[3].
Колькасьцю падданых быў другім землеўладальнікам у Вялікім Княстве Літоўскім (пасьля Альбэрта Гаштольда), з усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных ваяроў[4][5]. Валодаў вялікімі абшарамі на Валыні (Астрог і інш.), атрымаў ад вялікага князя Дубну, Красілаў, Зьдзецел (1498), Тураў (1508), Балажэвічы, Шастовічы і Капцэвічы ў Мазырскім павеце (1512), Дарагабуж на Валыні (1514), Смаляны (1522), Копысь і інш. Як пасаг атрымаў ад жонкі частку Гальшанаў і Глуску, Смалявічы і Жыцін на Меншчыне, Шашолы і Сьвіраны на тэрыторыі сучаснай Летувы, як спадчыну — Славенск каля Ашмянаў, Лемніцу і Палонну каля Воршы, набыў Тарасаў каля Менску (1516), Азяраны і возера Сьвіцязь (1516), Нізгалаў і Сушу на Полаччыне (1526)[6]. Быў старостам брацлаўскім, віньніцкім (1497—1500 і з 1507) і луцкім (з 1507).
Канстантын Астроскі — выдатны вайскавод, якога высока цанілі сучасьнікі: з 35 праведзеных бітваў прайграў толькі дзьве. Па сьмерці яго называлі «другім Ганібалам» (М. Стрыйкоўскі) і «рускім Сцыпіёнам».
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З княскага роду Астроскіх гербу ўласнага, магчыма, нашчадак тураўскіх князёў, якія з канца XIV ст. мелі галоўнай рэзыдэнцыяй горад Астрог на Валыні. Сын Івана, князя астроскага, і Васілісы, дачкі князя бельскага Івана. Пэўны час ідэнтыфікацыя асобы маці была спрэчнай, пакуль гэтае пытаньне не разьвязаў прывілей[a] ад 20 або 21 сьнежня 1522 году, які называе поўнае імя маці К. Астроскага і перадае яе «двор» Смальяны ў Аршанскім павеце Канстантыну і ягонаму сыну Ільлі.
Рана страціў бацькоў. Вайсковую службу распачаў удзелам у змаганьні з крымскімі татарамі і Маскоўскай дзяржавай. За перамогу пад Ачакавым над войскамі Махмэт-Гірэя 10 жніўня 1497 году атрымаў булаву гетмана найвышэйшага. Быў першым, хто атрымаў гэты ўрад. Правёў некалькі ўдалых вайсковых кампаніяў супраць крымскіх татараў і Маскоўскае дзяржавы.
Прайграўшы 14 ліпеня 1500 году бітву на рацэ Вядрошы, патрапіў у палон да маскоўцаў. У 1506 годзе мусіў прысягнуць на вернасьць маскоўскаму князю Васілю ІІІ, але скарыстаў свабоду руху і ўцёк на радзіму, дзе яму вярнулі ўрад гетмана найвышэйшага.
У 1508 годзе пад Слуцкам і 28 красавіка 1512 годзе ў бітве пры Вішняўцы разграміў крымскіх татараў. Асабліва слаўнай была перамога над амаль утрая большым маскоўскім войскам на рацэ Крапіўне пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Бітва пад Воршай увайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалае тактыкі змаганьня з нашмат перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вызначальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі.
У 1517 годзе ваяваў на Пскоўшчыне. 2 жніўня 1519 году пад Сокалам атрымаў паразу ад татараў. У 1524 годзе супольна з гетманам вялікім каронным Мікалаем Фірлеем імкнуўся спыніць набегі крымскіх татараў на Валынь і Падольле, аднак яны ня мелі дастаткова сілаў. 2 ліпеня таго ж году разьбіў туркаў пад Церабоўляй[7]. 27 студзеня 1527 году перамог татараў у бітве пад Альшаніцай.
У 1511 годзе атрымаў урад кашталяна віленскага, у 1522 годзе — ваяводы троцкага. Увесну 1518 году быў паслом ад паноў-рады ў Каралеўства Польскае. Заняў нэўтральную пазыцыю ў канфлікце паміж Альбэртам Гаштольдам і Мікалаем Радзівілам. Быў пасярэднікам паміж імі. Меў напружаныя стасункі з А. Гаштольдам па выбарлах 4 сьнежня 1522 году, добрыя — зь вялікай княгіняй Бонай Сфорцай.
Мэцэнат, галоўны апякун Праваслаўнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1507 годзе атрымаў ад Жыгімонта Старога ў кіраваньне Жыдычынскі манастыр на Валыні, таго ж году дамогся Магдэбурскага права Астрогу. У 1511 годзе атрымаў дазвол на перабудову Віленскай Прачысьценскай саборнай царквы, у 1514 годзе — на пабудову ў Вільні цэркваў Сьвятой Тройцы і Сьвятога Мікалая (Перанясенскай) у гонар бітвы пад Воршай, збудаваў цэрквы ў Дубне (1492), Смалявічах (каля 1520), Астрогу (1521[8]). Рабіў падараваньні цэрквам Вільні, Наваградку, Турава, Дзярманскаму і Межырэцкаму манастырам, Кіеўска-Пячорскаму манастыру. У 1511 годзе дамогся ад Жыгімонта Старога пацьверджаньня Праваслаўнай царкве права на незалежны суд і забароны сьвецкім асобам прызначацца на царкоўныя пасады. Кіраваў маёнткамі Кіеўскай мітраполіі па сьмерці мітрапаліта Язэпа Солтана ў 1521 годзе.
Першы раз ажаніўся з Тацянай Ганнай (пам. 1522 або 12.7.1531[9]), дачкой князя Сямёна Гальшанскага і Анастасіі Нясьвіцкай-Збараскай. У шлюбе меў сына Ільлю (1510—1539), старосту брацлаўскага і віньніцкага. Другі раз пабраўся шлюбам з Аляксандрай (пам. па 1555), дачкой князя Сямёна Алелькавіча і князёўны амсьціслаўскай Ганны. У шлюбе нарадзіліся сын Канстантын Васіль (1526—1608), ваявода кіеўскі, і дачка Соф’я.
Памёр у Вільні, спачыў у Кіеўска-Пячэрскай лаўры.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малярства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, 1579 г.
-
Копія партрэта 1579 г.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, копія сярэдзіны XVIII ст. з партрэта XVII ст.
-
К. Александровіч, XVIII ст.
-
Копія з К. Александровіча, XVIII ст. (?)
-
Копія з К. Александровіча, XIX ст.
-
F. Klose, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Страчаны партрэт невядомага мастака
-
Копія з А. Маўрына, 1910 г.
Графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, XVII—XVIII стагодзьдзі
-
J. Frenzel, 1816 г.
-
Ю. Свабода, 1849 г.
-
Перад Жыгімонтам Старым. А. Аляшчынскі, 1829 г.
-
Невядомы мастак, 1830 г.
-
К. Рачынскі, 1838 г.
-
А. Маўрын, 1856 г.
-
Невядомы мастак, 1863 г.
Меркаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Усё сваё жыцьцё Канстантын Астроскі аддаў вернаму служэньню Радзіме, бесьперапыннаму змаганьню зь яе ворагамі. Расейскі гісторык Мікалай Карамзін пісаў пра яго:
Напраўду, ніхто ня служыў Літве і Польшчы стараньней за Астроскага, брата расейцаў у царкве, але страшэннага ворага іх у полі. Адважны, бадзёры, славалюбівы, гэты ваявода адушавіў палкі Літоўскія, шляхецкія паны і шараговыя ваяры ахвотна ішлі зь ім у бой. | ||
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вуліца Канстантына Астроскага ў горадзе Дняпро[10] (Украіна)
- 30-я асобная мэханізаваная брыгада імя князя Канстантына Астроскага (Украіна)
- Летувіска-польска-ўкраінская брыгада імя князя Канстантына Астроскага (Украіна, НАТА)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 12 (1522—1529): Užrašymų knyga 12 / Parengė D. Antanavičius ir A. Baliulis. — Vilnius, 2001. P. 192—193; AS. Т. III. № CCXLVIII. — Lwów, 1890. S. 242—243.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 4.
- ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін Іванавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 260.
- ^ Юхо Я., Насевіч В. Астрожскія // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 223.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 149.
- ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін Іванавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 261.
- ^ Пекалід С. Про Острозьку війну під П’яткою проти низових… // Українська поезія XVI століття. — К., 1987. С. 210.
- ^ Wojtkowiak Z. Ostrogski Konstanty Iwanowicz książę (ok. 1460—1530) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1979. — Tom XXIV/3, zeszyt 102. S. 488.
- ^ Калнофойскій А. Эпитафіи фундаторам лавры / Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей // Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей. — К. : типографія Е. Я. Федорова, 1874. С. 32.
- ^ Нові назви вулиць Дніпра (Дніпропетровск)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Казакоў, А. Эксперымент гетмана Астрожскага // Наша гісторыя. № 1, 2018. С. 44-47. ISBN 2617-2305.
- Сагановіч Г. Айчыну сваю баронячы (Канстанцін Астрожскі, 1460-1530). — Менск: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-01109-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Бендюк М. Мистецтвознавчий аналіз колекції Острозького музею в довоєнний період // Наукові записки Рівненського обласного краєзнавчого музею. Збірник наукових праць. Вип. 14, 2016.
- Бендюк М. Портрети князя Костянтина Івановича Острозького: спроба атрибуції // Острозька давнина. Вип. 3, 2014.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
- Нарадзіліся ў 1460 годзе
- Нарадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім
- Памерлі 11 верасьня
- Памерлі ў 1530 годзе
- Памерлі ў Тураве
- Пахаваныя ў Кіеве
- Гетманы вялікія літоўскія
- Канстантын Астроскі
- Кашталяны віленскія
- Удзельнікі літоўска-маскоўскай вайны 1500—1503 гадоў
- Нарадзіліся ў Астрогу
- Удзельнікі літоўска-маскоўскай вайны 1507—1508 гадоў
- Ваяводы троцкія
- Сьвецкія сэнатары Вялікага Княства Літоўскага
- Старосты брацлаўскія
- Удзельнікі маскоўска-літоўскай вайны 1512—1522 гадоў (літоўска-польскі бок)
- Асобы на марках
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы
- Старосты віньніцкія
- Старосты зьвянігародзкія
- Старосты луцкія
- Старосты ўпіцкія
- Маршалкі Валынскай зямлі
- Пахаваныя ў Кіева-Пячэрскай лаўры