Перайсьці да зьместу

Нарымонт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нарымонт
лац. Narymont
Нарымонт (уяўны партрэт)
Князь полацкі
1335 — 1345
Папярэднік Воін
Наступнік Андрэй Альгердавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1294
Памёр 2 лютага 1348[1]
Дынастыя Гедзімінавічы

Нарымонт Гедзімінавіч (у праваслаўі Глеб; каля 1294 — 2 лютага 1348) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь полацкі (1335—1345).

Нормунд (Normundus[2], Normund) — імя германскага паходжаньня[3][4]. Іменная аснова -нар- (-нор-) (імёны ліцьвінаў Нарэла, Нарвід, Ашнар; германскія імёны Narelo, Norvid, Asinar) паходзіць ад гоцкага nasjan 'захоўваць, ратаваць'[5], стараверхненямецкага -neri 'уратаваньне, утрыманьне'[6], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Жыгімонт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sigimunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[7] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[5]. Такім парадкам, імя Нарымонт азначае «захаваньне палкасьці»[8].

Адпаведнасьць імя Нармонт германскаму імю Nor(d)mund (*Norimund) сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[9].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Reussen könig Norman (Хроніка Віганда)[10]; Narmanthe rex Rutenorum (Хроніка Лівоніі Германа Вартбэрга)[11]; Narimuth[a] або Нарамонтъ[b] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх); Narimunth (Ян Длугаш)[12]; Наримонтъ Гедиминовичь (Наўгародзкі чацьверты летапіс)[13]; Наримонтъ Гедименовичь (Сафійскі першы летапіс)[14]; Наримонтъ Гедименовичь[15] або Наримантъ Гедимановичь[16][17] (Ніканаўскі летапіс); Наримонт… Наримунт (Хроніка літоўская і жамойцкая)[18].

Пячаць Нарымонта з Пагоняй, 1330 г.

Паводле Раўданскага рукапісу, Нарымонт нарадзіўся ў 1277 годзе і быў другім сынам Гедзіміна ад першай жонкі Віды. Упершыню выступае ў гістарычных крыніцах у 1331 годзе, калі Гедзімін затрымаў на Валыні наўгародзкага архіяпіскапа Васіля, адпусьціўшы з умовай абраньня Нарымонта князем Вялікага Ноўгараду. Імаверна, тады ж атрымаў праваслаўнае імя Глеб.

Прыбыў у Ноўгарад у кастрычніку 1333 году, атрымаў у «кармленьне» гарады Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 году зьехаў з Ноўгараду, хутчэй за ўсё, каб заняць полацкі сталец па сьмерці князя Воіна (у праваслаўі Васіля, брата Гедзіміна). Пакінуў у Ноўгарадзе замест сябе сына Аляксандра. У 1338 годзе адмовіўся прыехаць на дапамогу наўгародцам дзеля адбіцьця швэдзкай агрэсіі і нават адклікаў Аляксандра з Арэшка. Намесьнікі Глеба-Нарымонта, аднак, заставаліся ў Арэшку да 1348 году.

Каля 1338 году Глеб-Нарымонт разам з полацкім япіскапам Грыгорам падпісаў дамову з Рыгай (захаваўся адно дадатак, які варуе вольны гандаль Дзьвіной; раней памылкова датаваўся 1330 годам). Да дадатку прымацоўваецца пячатка з выявай Пагоні — адна з найранейшых вядомых выяваў гэтага гербу[19]. Ускосна ўпамінаецца як полацкі князь («кароль») у дамове Смаленску з Рыгай (каля 1340 году).

Паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», згодна з тэстамэнтам Гедзіміна атрымаў Пінскае княства «за ўсемі акалічнасьцямі над Прыпяцю ракою аж да Дняпра», якое заставалася за яго нашчадкамі да канца XIV стагодзьдзя.

У час княжаньня князя Яўнута (1341—1345) быў найбуйнейшым землеўладальнікам і, відаць, найбольш уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута выступілі браты Альгерд і Кейстут, па захопе Альгердам вялікакняскага стальцу ў 1345 годзе Нарымонт уцёк да цара Залатой Арды Джанібека, а Альгерд перадаў Полацкае княства свайму сыну Андрэю Полацкаму.

Нарымонт вярнуўся ў ВКЛ каля 1346 году, у 1347 годзе браў удзел у выправе супраць Тэўтонскага Ордэна. Імаверна, ачольваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на рацэ Стрэве (2 лютага 1348 году), у якой і загінуў.

На думку гісторыка Юзэфа Пузыны, князь Глеб быў сынам Нарымонта-Давыда (тоеснага нібы Давыду Гарадзенскаму), сына Гедзіміна, але гэтае меркаваньне не пацьвярджаецца крыніцамі.

Захавалася некалькі пячацяў Нарымонта з гербам Пагоняй і славянамоўным (рускім) надпісам на адваротным баку: «ПЕЧАТЬ КNѦЖѦ ГЛѢБОВА» («ПЕЧА/ТЬ КНЯ/ЖЯ ГЛЕ/БОВА»): асобнік пры грамаце Полацку Лівонскаму ордэну і Рызе датуецца 1338—1341 гадамі і мае повязь з полацкім княжаньнем, асобнік з Старой Ладагі, відаць, мае повязь з пэрыядам панаваньня ў Ноўгарадзе (1333—1335 гады) або з часам дзейнасьці ў ім Нарымонтавых намесьнікаў (да 1345 году), знойдзены каля Старога Капылю асобнік зьвязваюць з княжаньнем у Пінску і датуюць 1341—1348 гадамі[20].

  1. ^ Паводле Origo regis Jagyelo et Wytholdi ducum Lithuanie
  2. ^ Паводле Віленскага сьпісу
  3. ^ У кнізе аналягічным партрэтам ілюструюцца яшчэ некалькі гістарычных асобаў
  1. ^ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 366.
  2. ^ Gerchow J. Die Gedenküberlieferung der Angelsachsen. — Berlin; New York, 1988. P. 401.
  3. ^ Stemshaug O. Norsk Personnamnleksikon. — Oslo, 1982. S. 190.
  4. ^ Normund, Nordic Names
  5. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  6. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 187.
  7. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
  8. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
  9. ^ Schmittlein R. L’anthroponyme germanique employé d’une façon absolue en fonction toponymique // Revue internationale d’onomastique. Nr. 3, 1961. P. 203.
  10. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 508.
  11. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 76.
  12. ^ Joannis Długossii seu longini canonici Cracoviensis Historiae Polonicae libri XII. T. 3. L. 9, 10. — Cracoviae, 1876. P. 406, 491.
  13. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 53.
  14. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 220.
  15. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 206.
  16. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 216.
  17. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 178.
  18. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 32.
  19. ^ Юргенсон У. (Мінск) Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 8. С. 47—52.
  20. ^ Сідаровіч В., Касюк А. Пячатка князя Глеба Нарымонта XIV ст. з в. Стары Капыль // Беларуская даўніна. Вып. 3, 2016. С. 45—46.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy