Аўтапартрэт
Аўтапартрэт (ад аўта… + партрэт) — выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.
Віды аўтапартрэта
[правіць | правіць зыходнік]Мастацтвазнаўца Галіна Васільева-Шляпіна вылучае два асноўных віда аўтапартрэта:
- прафесійны — на якім мастак намаляваны за працай
- асобасны — які адчыняе маральныя і псіхалагічныя рысы.
Яна таксама прапануе больш дэталёвую класіфікацыю:
1) «устаўны аўтапартрэт» — мастак намаляваны ў групе персанажаў нейкага сюжэту;
2) «прадстаўніцкі або сімвалічны аўтапартрэт» — мастак адлюстроўвае сябе ў вобразе гістарычнай асобы або рэлігійнага героя;
3) «групавы партрэт» — мастак намаляваны з членамі сям'і або іншымі рэальнымі асобамі;
4) «асобны або натуральны аўтапартрэт» — мастак намаляваны адзін.
Аўтапартрэт у заходнееўрапейскім выяўленчым мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння — Рафаэля і Альбрэхта Дзюрэра (1471—1528), які напісаў больш за пяцьдзесят аўтапартрэтаў. Першы (малюнак сярэбраным алоўкам) быў створаны, калі мастаку было трынаццаць гадоў. Дваццацідвухгадовы Дзюрэр намаляваны таксама на «Аўтапартрэце з чартапалохам» (1493, Луўр). Мадрыдскі «Аўтапартрэт» (1498, галерэя Прада) адлюстроўвае Дзюрэра чалавекам самавітага дастатку, якія дабіліся прызнання. На наступным аўтапартрэце мастак адлюстраваў сябе ў вобразе Хрыста (Мюнхен, Старая Пінакатэка).
«Аўтапартрэт з чартапалохам», 1493 | 1498 | 1500 | паміж 1500 і 1512 |
Аўтапартрэт маньерызму (XVI стагоддзе) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры.
Франчэска Парміджаніна, аўтапартрэт у выпуклым люстэрку, 1523—1524 | Джузэпэ Арчымбольда, 1570 | Барталамеа Шпрангер, 1580—1585 | Эль Грэка, 1595—1600 |
Аўтапартрэт ХVII стагоддзя меў спавядальны характер, у ім раскрываецца сацыяльнае аблічча мастака (Нікала Пусэн, Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце ХVIII стагоддзя падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж. Б. Шардэн, Дж. Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы ХIХ—ХХ стагоддзяў жанр аўтапартрэта часта выбіраўся для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (Поль Сезан, Вінцэнт ван Гог, Міхаіл Урубель). У ХХ стагоддзі вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.
Аўтапартрэт у беларускім выяўленчым мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]У беларускім выяўленчым мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Францыскам Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з'явіліся ў 2-й палове ХVIII стагоддзя. У ХIХ стагоддзі выдатныя аўтапартрэты стварылі Казімір Альхімовіч, Валенцій Ваньковіч, Ян Дамель, Юзаф Пешка, Альфрэд Ромер, Канут і Баляслаў Русецкія, Нікадзім Сілівановіч, Францішак Смуглевіч, Януар Сухадольскі;
1890-я | 1922 | 1924 | 1932 |
У пачатку ХХ стагоддзя аўтапартрэты пісалі Юдэль Пэн, Фердынанд Рушчыц, Якаў Кругер, Марк Шагал.
1889 | 1899 | 1922 | 1931 |
У 1920—1930-х гадах аўтапартрэты былі адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (Павел Гаўрыленка, Пётра Сергіевіч, Мікола Тарасікаў).
У 1940—1960-я гады ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асноўная ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (Іван Ахрэмчык, Віктар Грамыка, Натан Воранаў, Раіса Кудрэвіч, Леў Лейтман, Монас Манасзон, Фёдар Мадораў, Пётр Раманоўскі, Мікола Тарасікаў, Уладзімір Кухараў). У 1970-я гады да аўтапартрэты звярталіся Гаўрыла Вашчанка, Віктар Варламаў, Надзея Варвановіч, Віктар Грамыка, Леанід Дударэнка, Генадзь Лойка і інш.
У 1980-я гады ў жанры аўтапартрэта сталі з'яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступаў у пэўным амплуа (Фелікс Янушкевіч, Генрых Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэта былі ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (Міхаіл Савіцкі «Вязень № 32815», Гаўрыла Вашчанка «Роздум», Васіль Сумараў «Мой свет», Мікалай Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазщыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Леанід Шчамялёў «Нядзеля», Эдуард Белагураў «Сямейны партрэт», Ігар Бархаткоў «Бацька і сын»).
Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхалагічнай асновы, філасофскага падтэксту.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).