Перайсці да зместу

Аўтапартрэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валенцій Ваньковіч, аўтапартрэт, 1-я пал. XIX стагоддзя

Аўтапартрэт (ад аўта… + партрэт) — выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.

Віды аўтапартрэта

[правіць | правіць зыходнік]

Мастацтвазнаўца Галіна Васільева-Шляпіна вылучае два асноўных віда аўтапартрэта:

  • прафесійны — на якім мастак намаляваны за працай
  • асобасны — які адчыняе маральныя і псіхалагічныя рысы.

Яна таксама прапануе больш дэталёвую класіфікацыю:

1) «устаўны аўтапартрэт» — мастак намаляваны ў групе персанажаў нейкага сюжэту;

2) «прадстаўніцкі або сімвалічны аўтапартрэт» — мастак адлюстроўвае сябе ў вобразе гістарычнай асобы або рэлігійнага героя;

3) «групавы партрэт» — мастак намаляваны з членамі сям'і або іншымі рэальнымі асобамі;

4) «асобны або натуральны аўтапартрэт» — мастак намаляваны адзін.

Аўтапартрэт у заходнееўрапейскім выяўленчым мастацтве

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў АдраджэнняРафаэля і Альбрэхта Дзюрэра (1471—1528), які напісаў больш за пяцьдзесят аўтапартрэтаў. Першы (малюнак сярэбраным алоўкам) быў створаны, калі мастаку было трынаццаць гадоў. Дваццацідвухгадовы Дзюрэр намаляваны таксама на «Аўтапартрэце з чартапалохам» (1493, Луўр). Мадрыдскі «Аўтапартрэт» (1498, галерэя Прада) адлюстроўвае Дзюрэра чалавекам самавітага дастатку, якія дабіліся прызнання. На наступным аўтапартрэце мастак адлюстраваў сябе ў вобразе Хрыста (Мюнхен, Старая Пінакатэка).

Альбрэхт Дзюрэр, аўтапартрэты
«Аўтапартрэт з чартапалохам», 1493 1498 1500 паміж 1500 і 1512

Аўтапартрэт маньерызму (XVI стагоддзе) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры.

Маньерызм
Франчэска Парміджаніна, аўтапартрэт у выпуклым люстэрку, 1523—1524 Джузэпэ Арчымбольда, 1570 Барталамеа Шпрангер, 1580—1585 Эль Грэка, 1595—1600

Аўтапартрэт ХVII стагоддзя меў спавядальны характер, у ім раскрываецца сацыяльнае аблічча мастака (Нікала Пусэн, Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце ХVIII стагоддзя падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж. Б. Шардэн, Дж. Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы ХIХ—ХХ стагоддзяў жанр аўтапартрэта часта выбіраўся для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (Поль Сезан, Вінцэнт ван Гог, Міхаіл Урубель). У ХХ стагоддзі вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.

Аўтапартрэт у беларускім выяўленчым мастацтве

[правіць | правіць зыходнік]

У беларускім выяўленчым мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Францыскам Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з'явіліся ў 2-й палове ХVIII стагоддзя. У ХIХ стагоддзі выдатныя аўтапартрэты стварылі Казімір Альхімовіч, Валенцій Ваньковіч, Ян Дамель, Юзаф Пешка, Альфрэд Ромер, Канут і Баляслаў Русецкія, Нікадзім Сілівановіч, Францішак Смуглевіч, Януар Сухадольскі;

Аўтапартрэты Юдэля Пэна
1890-я 1922 1924 1932

У пачатку ХХ стагоддзя аўтапартрэты пісалі Юдэль Пэн, Фердынанд Рушчыц, Якаў Кругер, Марк Шагал.

Аўтапартрэты Якава Кругера
1889 1899 1922 1931

У 1920—1930-х гадах аўтапартрэты былі адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (Павел Гаўрыленка, Пётра Сергіевіч, Мікола Тарасікаў).

У 1940—1960-я гады ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асноўная ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (Іван Ахрэмчык, Віктар Грамыка, Натан Воранаў, Раіса Кудрэвіч, Леў Лейтман, Монас Манасзон, Фёдар Мадораў, Пётр Раманоўскі, Мікола Тарасікаў, Уладзімір Кухараў). У 1970-я гады да аўтапартрэты звярталіся Гаўрыла Вашчанка, Віктар Варламаў, Надзея Варвановіч, Віктар Грамыка, Леанід Дударэнка, Генадзь Лойка і інш.

У 1980-я гады ў жанры аўтапартрэта сталі з'яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступаў у пэўным амплуа (Фелікс Янушкевіч, Генрых Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэта былі ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (Міхаіл Савіцкі «Вязень № 32815», Гаўрыла Вашчанка «Роздум», Васіль Сумараў «Мой свет», Мікалай Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазщыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Леанід Шчамялёў «Нядзеля», Эдуард Белагураў «Сямейны партрэт», Ігар Бархаткоў «Бацька і сын»).

Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхалагічнай асновы, філасофскага падтэксту.

pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy