Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы | |
---|---|
Дата заснавання | 1957 |
Год рэарганізацыі | 2012 |
Дырэктар | Ягор Аляксеевіч Ненадавец |
Метро | Акадэмія навук |
Юрыдычны адрас |
Беларусь, 220072 Мінск, вул. Сурганава, 1, корп. 2 |
Сайт | imef.basnet.by |
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — акадэмічны інстытут Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Інстытут створаны 11 ліпеня 1957 года Пастановай Савета Міністраў БССР на базе сектара мастацтва Інстытута літаратуры і мастацтва і сектара этнаграфіі і народнай творчасці Інстытута гісторыі АН БССР. Першым дырэктарам Інстытута стаў акадэмік АН БССР Пятро Фёдаравіч Глебка.
Інстытут імкліва рос і развіваўся. У 1967 годзе ў інстытуце было 5 сектароў: этнаграфіі; фальклору; тэатру і кіно; музычнага мастацтва; выяўленчага мастацтва. За першае дзесяцігоддзе існавання Інстытутам было апублікавана 328 манаграфій, 6 зборнікаў навуковых артыкулаў, 12 зборнікаў фальклорных твораў, вялізная колькасць навукова-папулярных брашур і артыкулаў у газетах і часопісах. У складзе Інстытута было 77 супрацоўнікаў, з іх 4 дактары навук, 25 кандыдатаў навук, 1 член-карэспандэнт і 1 акадэмік АН БССР.
Пасля пастановы Дзяржаўнага камітэта па навуцы СССР і Прэзідыўма АН БССР у 1969 годзе для падрыхтоўкі Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі быў утвораны адпаведны сектар. У 1976 годзе аформіліся сектар тэатральнага мастацтва і сектар кінамастацтва.
Сабраныя падчас навуковых экспедыцый помнікі мастацкай і матэрыяльнай культуры Беларусі пры непасрэдным актыўным удзеле Юрыя Хадыкі сталі асновай музейнай калекцыі сектара старажытнабеларускай культуры, якая ў 1979 годзе аформілася ў Музей старажытнабеларускай культуры. У далейшым Музей адыграў ключавую ролю ва ўратаванні і захаванні помнікаў народнай матэрыяльнай і духоўнай культуры раёнаў Беларусі, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У 1981 годзе ў Інстытуце працавалі 174 чалавекі, сярод іх 3 члены-карэспандэнты АН БССР, 6 дактароў навук і 40 кандыдатаў навук.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 1992 года № 447 Інстытуту прысвоена імя Кандрата Крапівы. У 1997 годзе, праз 40 год пасля стварэння, у Інстытуце працавала 105 супрацоўнікаў, з іх 4 члены-карэспандэнты, 21 доктар навук і 35 кандыдатаў навук.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 2001 года № 137 калекцыя фальклорных запісаў і калекцыя аддзела старажытнабеларускай культуры аднесены да аб’ектаў, якія складаюць нацыянальны здабытак.
У 2012 годзе Інстытут увайшоў на правах філіяла ў склад Цэнтра даследаванняў беларускай кульутры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Лакотка перайшоў на пасаду дырэктара новаўтворанага Цэнтра, а дырэктарам Інстытута стаў доктар мастацтвазнаўства Валерый Іванавіч Жук. 3 2021 года дырэктарам з’яўляецца кандыдат мастацтвазнаўства Таццяна Георгіеўна Гаранская, з 2024 — Ягор Аляксеевіч Ненадавец.
Сучасная структура
[правіць | правіць зыходнік]- Аддзел архітэктуры
- Аддзел экалогіі традыцыйнай культуры
- Аддзел выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
- Аддзел народазнаўства
- Аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў
- Аддзел экранных мастацтваў
- Аддзел музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі
- Аддзел музычна-выканаўчага мастацтва
- Аддзел тэатральнага мастацтва
- Аддзел старажытнабеларускай культуры
- Рэспубліканская лабараторыя гісторыка-культурнай спадчыны
Навуковыя школы
[правіць | правіць зыходнік]- тэатразнаўства — Р. Б. Смольскі, А. В. Сабалеўскі
- этналогіі — М. Ф. Піліпенка
- выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — Я. М. Сахута, В. І. Жук
- архітэктуры — А. І. Лакотка
- музычнага мастацтва — Т. Г. Мдывані
- этнамузыкалогіі — З. Я. Мажэйка
- кіно і тэлемастацтва — А. В. Красінскі
Найбольш значныя фундаментальныя працы, выдадзеныя Інстытутам
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская народная творчасць (у 45 тт.)
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (у 7 тт.)
- Гісторыя беларускага мастацтва (у 6 тт.)
- Гісторыя беларускага тэатра (у 4 тт.)
- Музычны тэатр Беларусі (у 5 тт.)
- Гісторыя кінатэлемастацтва Беларусі (у 4 тт.)
- Архітэктура Беларусі (у кантэксце ўсходнеславянскай і еўрапейскай культур)
- Турыстычная мазаіка Беларусі
- Экалогія чалавека і яго біякультурная адаптацыя
- Беларуская народная творчасць (гісторыка-тэарэтычнае даследаванне) (у 6 тт.)
- Гарады і вёскі Беларусі (шматтомнае выданне)
- Беларусы. Сучасныя этнакультурныя працэсы
Дырэктары
[правіць | правіць зыходнік]- Пятро Фёдаравіч Глебка (1957—1969)
- Васіль Кірылавіч Бандарчык (1969—1976)
- Станіслаў Віктаравіч Марцэлеў (1976—1994)
- Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (1994—2004)
- Аляксандр Іванавіч Лакотка (2004—2012)
- Валерый Іванавіч Жук (2012—2021)[1]
- Таццяна Георгіеўна Гаранская (з 26 лютага 2021 па 21 мая 2024)[1]
- Ягор Аляксеевіч Ненадавец (з 21 мая 2024)[2]
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Музей старажытнабеларускай культуры
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі
- Мастацтвазнаўства
- Кандрат Крапіва
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- В. Ф. Купревич. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. — 3-е, дополненное, изд. — Мн.: Наука и техника, 1968. — 240 с.
- А. І. Лакотка, В. І. Жук. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі // Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (да 75-годдзя з дня заснавання) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; рэдсавет: А. А. Каваленя (старш.) і інш. — Мн.: Беларуская навука, 2011. — С. 238—257.