Перайсці да зместу

Будынак першай мінскай публічнай бібліятэкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Будынак першай мінскай публічнай бібліятэкі

53°54′16″ пн. ш. 27°33′37″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы пачатак XIX ст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Будынак першай мінскай публічнай бібліятэкі — будынак у Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, размешчаны па адрасе Інтэрнацыянальная вуліца, 31. Пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя. Помнік архітэктуры класіцызму.

Валокі Полацкія. Ю. Пешка, каля 1800 г.

Комплекс жылых будынкаў па Валоцкай вуліцы (дамы № 31 і 31а) сфарміраваўся ў 2-й палове XVIIIXIX стагоддзяў. Упершыню мураваная забудова на гэтым месцы была пазначана на двух планах Мінска 1797 года. Галоўны мураваны будынак усяго комплексу, які сваім галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Валоцкую, быў пазначаны на планах горада пачатку XIX стагоддзя[1].

План, фасад і разрэз дома. 1848
Фасад дома з боку дома Ваньковічаў. 1859
Праект на рэканструкцыю мураванага трохпавярховага жылога дома. 1888

Самая ранняя выява гэтага будынка ёсць на акварэлі Юзафа Пешкі, якая датуецца пачаткам ХІХ стагоддзя, але не пазней 1810 года. Гэтая акварэль зафіксавала забудову Валоцкай (Інтэрнацыянальнай) вуліцы з боку сучаснай вуліцы Янкі Купалы. На малюнку вельмі добра відаць, што за сядзібай Друцкіх-Любецкіх (пазней Ваньковічаў) знаходзіўся высокі мураваны будынак у стылі класіцызму, накрыты двухсхільным дахам[1].

Першым вядомым уладальнікам гэтага пляца і ўсяго комплексу пабудоў быў дваранін, лекар Іосіф Ліаншон, які згадваецца ў дакументах у пачатку ХІХ стагоддзя. У 1817 годзе лекару Ліаншону належаў вялікі зямельны пляц, на якім стаялі 3 мураваныя і адзін драўляны будынкі. Пасля яго смерці на працягу ХІХ стагоддзя гэты дом, хоць і пераходзіў да іншых уладальнікаў, часта называўся «па-ліаншонаўскім»[1]

Партрэт Схаластыкі Карказовічавай з роду Уняхоўскіх. Зянон Ленскі, 1885—1890

У 1819 годзе паводле пастановы эксдывізарскага суда нерухомая маёмасць, якая некалі належала доктару Ліаншону, была падзелена паміж яго крэдыторамі на асобныя часткі. Былая маёмасць Ліаншона была набыта ў яго крэдытораў памешчыцай Схаластыкай Карказевіч паводле двух купчых, учыненых у Мінскай грамадзянскай палаце 21 кастрычніка 1833 года і 4 чэрвеня 1847 года[1]

У 1848 годзе мінскім губернскім архітэктарам Казімірам Хршчановічам было складзена падрабязнае «Інвентарнае апісанне мураванага дома і флігеля памешчыцы Слуцкага павета Схаластыкі, народжанай Уніхоўскай Карказевічевай», які знаходзіўся ў горадзе Мінску ў 1-й частцы і ў 1-м квартале па Валоцкай вуліцы пад № 220. Акрамя падрабязнага інвентара ўсяго домаўладання Карказевіч, архітэктарам былі зроблены і чарцяжы ўсіх мураваных пабудоў[1]

Дом № 31 — галоўны мураваны будынак з боку вуліцы меў тры паверхі, а збоку двара — чатыры. Скляпы і ніжнія паверхі мелі мураваныя скляпенні. На другім паверсе была вялікая парадная зала, аздобленая роспісамі і архітэктурнымі дэкаратыўнымі дэталямі. Большасць памяшканняў будынка была прыстасавана пад жылыя пакоі. У будынку меліся галандскія печы з прыгожай паліванай кафлі. Увесь будынак быў накрыты дахоўкай. У двары знаходзілася вялікая двухпавярховая афіцына, якая выходзіла на Музычны завулак. Акрамя мураваных будынкаў на тэрыторыі комплексу было некалькі драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў[1]

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя галоўны мураваны будынак па вуліцы Валоцкай быў часткова рэканструяваны: замест дахоўкі будынак перакрылі жалезам, у вокнах пастаўлена новая сталярка, часткова была зменена планіроўка першага паверха. У 1848 годзе была моцна разбудавана афіцына, якая выходзіла на Музычны завулак. Яна, фактычна, ператварылася ў новы вялікі жылы дом[1]

Партэт Зянона Ленскага. Юзаф Брант, 1900-я

У канцы ХІХ стагоддзя пляц Карказевічаў па Валоцкай вуліцы (у 1865 годзе перайменавана ў Хрышчэнскую) разам з усімі пабудовамі перайшоў у валоданне дваранкі Ленскай, а ў 1907 годзе пасля яе смерці да Зянона Ленскага. Новыя ўладальнікі ў канцы ХІХ стагоддзя вырашылі пабудаваць на месцы драўляных жылых і гаспадарчых будынкаў вялікія мураваныя дамы, каб здаваць іх у арэнду розным установам[1]

З боку вуліцы Хрышчэнская з’явіўся 3-павярховы будынак з чырвонай цэглы (№ 29), у якім былі змешчаны розныя службы ўпраўлення Лібава-Роменскай чыгункі. Тут працаваў беларускі паэт Янка Лучына (Я. Неслухоўскі). Другі 3-павярховы мураваны будынак быў пабудаваны з боку Музычнага завулка (№ 29а)[1]

Дом у 1926 годзе

У 1904 годзе ў старым доме Ленскіх была размешчана Мінская гарадская публічная бібліятэка імя А. С. Пушкіна[1]

У пачатку XX стагоддзя ў склад савета бібліятэкі ўваходзілі ў асноўным прадстаўнікі прагрэсіўных колаў горада. Першым кіраўніком савета быў вядомы беларускі публіцыст і крытык Уладзімір Самойла, у склад савета ўваходзіў перакладчык і крытык Дарафей Бохан. Чытальная зала бібліятэкі штодзённа прымала 150—200 наведвальнікаў. Сярод актыўных чытачоў бібліятэкі былі Янка Купала і Максім Багдановіч, які ў 19161917 гады «… у вольны ад службы час або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, ці дома займаўся літаратурнай працай»[1]

У час рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гадоў Мінская публічная бібліятэка імя Пушкіна стала адным з палітычных цэнтраў горада, месцам сустрэчы рэвалюцыянераў. Тут працавала падпольная друкарня партыі эсэраў[1]

Паводле інвентарнага апісання 1910 года, бібліятэка займала ўвесь другі паверх, а астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры[1]

Пасля 1920 года ў доме № 31 працягвала размяшчацца гарадская бібліятэка, якой былі перададзены ўсе памяшканні. У 1938 годзе яна была рэарганізавана ў Мінскую абласную бібліятэку імя А. С. Пушкіна. Сур’ёзных рамонтаў і перабудоў у будынку бібліятэкі ў 1920-1930-х гадах не праводзілася[1]

У гады Другой сусветнай вайны будынак бібліятэкі не пацярпеў і амаль цалкам захаваўся да канца XX стагоддзя[1]

Дамы №№ 31, 33
У двары, дом № 31 справа. Удалечыні дом № 31а, колішняя афіцына, якая выходзіць галоўным фасадам на Музычны завулак
Будынак з боку сядзібы Вайньковічаў. На пярэднім плане дом № 33

Двухпавярховы з высокім цокальным паверхам пад двухсхільным дахам будынак, тарцы якога прыкрываюць трохвугольныя франтоны (тымпаны з лучковымі вокнамі ў паўцыркульных нішах). Галоўны сіметрычны па кампазіцыі фасад зрокава расчлянёны карнізам на 3 ярусы. Плоскасці сцен прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Другі ярус апрацаваны рустам, трэці завершаны антаблементам, які мае фрыз з невялікімі прамавугольнымі вокнамі і карнізам з сухарыкамі. Дваровы фасад аформлены галерэяй з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё)[2].

Да асноўнага аб’ему прыбудаваны 2—1-павярховы Г-падобны ў плане аб’ём, пакрыты двухсхільным дахам[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о БУДЫНАК ПЕРШАЙ МІНСКАЙ ПУБЛІЧНАЙ БІБЛІЯТЭКІ
  2. а б 81. Забудова вуліцы Інтэрнацыянальнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy