Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава
Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава | |
---|---|
Заснаваны | 1867 |
Месцазнаходжанне | пл. Славы 1, Магілёў, Беларусь |
Наведвальнікі |
|
Памеры фонду | 126 362 |
Агульная плошча | 2200 м² |
Выставачная плошча | 120 м² |
Дырэктар | Віктар Мікалаевіч Аненкаў[d] |
Адкрыты | з 9.30 да 17.30 (каса - да 17.00) |
mogilewmuseum.by | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава — краязнаўчы музей у Магілёве, размешчаны па адрасе Савецкая плошча, 1.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснаваны ў Магілёве ў 1867 г. паводле рашэння губернатарскага праўлення як губернскі музей. У 1918 г. аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем (адкрыты ў 1897 г.).
У маі 1919 года ў будынку пазямельна-сялянскага банка быў адкрыты Дзяржаўны гістарычны музей пралетарскай культуры. У 1924 годзе музей пралетарскай культуры страціў свой незалежны статус і стаў аддзяленнем Беларускага дзяржаўнага музея (БДМ) у Магілёве. Новы статус вымагаў правядзення структурных і ідэалагічных пераўтварэнняў, якія мусіў ажыццяўляць навуковы калектыў музея, які складаўся з трох чалавек на чале з 21-гадовым выпускніком чэрыкаўскай гімназіі У. Л. Вянюковым, прызначаным на пасаду загадчыка аддзялення ў снежні 1924 г. З дапамогай мясцовых краязнаўцаў была складзена карта глеб акругі. Музейныя калекцыі папоўніліся помнікамі эпохі неаліту з гарадзішча Нямкі, нумізматыкай са знойдзеных на Магілёўшчыне скарбаў, магістрацкімі актамі і кнігамі, старажытнымі гравюрамі з відамі горада, работамі Вато, а таксама мясцовымі царкоўнымі старажытнасцямі, кшталту шлюбных вянкоў, карон, званоў, рыз, крыжоў, у тым ліку плашчаніцы 1566 г. з Чарэйскага манастыра, асабістымі рэчамі Г. Каніскага і інш[2].
Навуковыя супрацоўнікі распрацавалі структуру экспазіцыі музея, якая складалася з 12 аддзелаў. Падчас яе абмеркавання на радзе БДМ у Мінску экспазіцыя адразу ж падверглася крытыцы з боку П. В. Харламповіча і І. A. Сербава за «ўсёабдымнасць», у прыватнасці, за спробы стварэння аддзелаў электрыфікацыі, асавіяхіма, антырэлігійнага і некаторых іншых. Колькасць аддзелаў у 1927 годзе была зменшана адпаведна галоўнай задачы, якая стаяла перад музеем — вывучэнне мінуўшчыны і прыроды краю[2].
Музей меў наступную структуру:
- Мастацкі аддзел — карціны рускіх мастакоў Васняцова, Макоўскага, Айвазоўскага, Паленава, Ярашэнкі, Мясаедава, Баравікоўскага, некалькі карцін заходнееўрапейскіх мастакоў, а таксама прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з фарфору, серабра, бронзы. Перспектывы развіцця аддзела былі звязаны з адлюстраваннем старажытнага і сучаснага беларускага мастацтва, у прыватнасці, з вытворчасцю мастацкай мэблі, чым славіўся Магілёў.
- Этнаграфічны аддзел — манекены, апранутыя ў беларускія сялянскія строі, старажытныя прылады працы, народнае пляценне і вышыўка, хатняе начынне з гліны, дзіцячыя цацкі, батлейка, фотаздымкі мясцовых этнаграфічных тыпаў. Папаўненне аддзела планавалася ажыццяўляць праз экспедыцыйную дзейнасць.
- Гісторыка-археалагічны аддзел — шкілет маманта, археалагічныя знаходкі каменнага і жалезнага вякоў, старажытная зброя, 1115 расійскіх і заходнееўрапейскіх манет.
- Прыродазнаўчы аддзел — мінералогія, арніталогія, 20 акварыумаў, біястанцыя, прэпаратная майстэрня. Самы багаты аддзел, яго папаўненне планавалася праз правядзенне штогадовых экспедыцый.
- Прамыслова-эканамічны аддзел — узоры вытворчасці мясцовых прадпрыемстваў, узоры парод дрэў, мадэлі машын, дыяграмы, малюнкі.
- Аддзел рэўруху — каля 2 тыс. копій дакументаў і фотаздымкаў, зробленых у розных архівах.
- Аддзел «Старажытны Магілёў».
- Бібліятэка — другая па колькасці кніг у БССР (каля 70 тыс. тамоў).
Развіццё Магілёўскага музея стрымлівалася рашэннем гарадскіх улад, прынятым яшчэ ў пачатку 1920-х гг., аб выдзяленні часткі памяшканняў Сялянскага банка пад жыллё. Вядома, што У. Л. Вянюкоў на працягу доўгага часу вёў беспаспяховую барацьбу з магілёўскім выканкамам за высяленне з музейнага будынка жыхароў. У 1927 г. з-за неасцярогі жыхароў у музеі здарыўся пажар[2].
У лістападзе 1929 года кіраўніцтва БССР прыняло рашэнне аб перамяшчэнні каштоўнасцей са сталіцы рэспублікі ў Магілёў, далей ад магчымай лініі фронту. Тады з БДМ у магілёўскае аддзяленне былі перавезены крыж Еўфрасінні Полацкай, рукапіснае Евангелле першай трэці XVI стагоддзя, шэраг жывапісных палотнаў. З антыкварнага фонду СССР былі перададзены залатыя ўпрыгожванні з раскопак Пампеі, сярэбраная булава Жыгімонта III, старажытныя келіхі, тытунёўкі, гадзіннікі, пярсцёнкі з каштоўных металаў, абразы, старадрукі[2].
У 1932 г. дырэктар Магілёўскага краязнаўчага музея У. Л. Вянюкоў пераехаў у Мінск. У тым жа годзе ў будынку былога банка размясціўся Магілёўскі абкам УКП(б). Падчас кароткатэрміновага выканання абавязкаў дырэктара І. Х. Юшчанка, у 1933 г. па загаду мясцовага партыйнага кіраўніцтва музей адміністрацыйна высялілі з будынка былога Сялянскага банка. З дапамогай міліцыі і студэнтаў фондавыя калекцыі і разманціраваную экспазіцыю са значнымі стратамі за 24 гадзіны перавезлі ў невялікі, непрыстасаваны будынак па вул. Леніна. Праз непрацяглы час там была разгорнута экспазіцыя па гісторыі савецкага грамадства. Але прадметы старажытнасці (крыж Еўфрасінні Полацкай, Слуцкае Евангелле і іншыя кнігі, іконы, ювелірныя вырабы і інш.) засталіся ў браніраваным пакоі-сейфе на першым паверсе банкаўскага будынка[2]. Гэта спецсховішча дзейнічала ў магілёўскім акругкаме КП(б)Б да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У студзені 1934 г. на пасаду дырэктара музея быў прызначаны 32-гадовы архіварыус партархіва ЦК КП(б)Б І. С. Мігулін, які кіраваў музеем да чэрвеня 1941 г. Ва ўмовах жорсткага ідэалагічнага дыктату і адсутнасці адпаведнага экспазіцыйнага памяшкання ён сканцэнтраваў сваю ўвагу на выставачнай дзейнасці, а таксама на ахове нерухомай гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у 1934 г. ён спрабаваў уратаваць ад разбурэння Іосіфаўскі сабор, стварыўшы там філіял музея — Музей гісторыі рэлігіі і атэізму (1935—1941). У гэтым філіяле акрамя прадметаў па гісторыі хрысціянства ў Беларусі дэманстраваліся археалагічная і палеанталагічная (у тым ліку адзіны ў БССР шкілет маманта) калекцыі. Праз два гады ім быў створаны яшчэ адзін філіял у доме, дзе ў 1919 г. жыў і працаваў член рэўваенсавета 16-й арміі Заходняга фронту С. Арджанікідзэ — Мемарыяльны музей Р. К. Арджанікідзэ (1937—1941)[2].
У 1938 г. музейныя калекцыі Іосіфаўскага сабора, якія былі выкінутыя па вуліцу і па працягу некалькіх дзён разбіраліся ўсімі жадаючымі, перавезлі ў будынак закрытай сінагогі, бо паводле распараджэння в.а. першага сакратара ЦК КП(б)Б A. A. Волкава, гэты храм у гэтым жа годзе быў узарваны. Затым музейныя калекцыі пераправілі ў струхнелы будынак летняга цырка. Урэшце каля 7 тыс. прадметаў, што складала прыкладна 25 % ад колішніх фондаў, перавезлі ў капліцу на Успенскіх могілках[2].
Вялікая Айчынная вайна
[правіць | правіць зыходнік]У Вялікую Айчынную вайну музейныя калекцыі амаль цалкам загінулі. Не пазней за 13 ліпеня 1941 года найбольш каштоўныя ў гісторыка-мастацкіх адносінах помнікі матэрыяльнай культуры, якія захоўваліся ў браніраваным пакоі-сейфе пад наглядам партыйнага кіраўніцтва былі эвакуіраваны ў Маскву[3], пасля чаго зніклі. Разам з гэтымі помнікамі знікла нацыянальная каштоўнасць беларускага народа — крыж Ефрасінні Полацкай[4].
Пасляваенны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]У 1949 г. музей аднавіў сваю дзейнасць як гісторыка-краязнаўчы. Адпаведна з загадам Савета Міністраў БССР «Аб назве і профілях музеяў БССР» ад 27.02.1953 г. — абласны краязнаўчы музей з філіяламі: Музей гісторыі бітвы каля в. Лясная Слаўгарадскага раёна (1958—1985), Музей дзекабрыстаў (1985-96), Магілёўскі музей этнаграфіі (у 1981-96 гг. аддзел).
У 2005 г. музею прысвоена імя беларускага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўца, педагога Е. Р. Раманава. Першапачаткова музей размяшчаўся ў Доме Саветаў, з 1961 г. — у будынку былога акруговага суда, помніку архітэктуры другой палавіны 18 ст.
Дырэктары музея: І. Х. Юшчанка, У. Л. Венюкоў, І. С. Мігулін, І. К. Скварцоў, М. М. Каваленчыкаў. З 1987 г. дырэктар В. М. Аненкаў.
Будынак
[правіць | правіць зыходнік]Музей змяшчаецца па адрасе пл. Савецкая, 1 у будынку 1778 года пабудовы, які з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму рэспубліканскага значэння.
Фонды і калекцыі
[правіць | правіць зыходнік]Асноўны фонд (2008) налічвае 126 362 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 159 698 адзінак. Агульная плошча музея складае больш за 2200 м², у т.л. выставачнай залы — 120 м².
У музеі больш за 20 калекцый: археалогіі (крамянёвыя, каменныя і жалезныя прылады), нумізматыкі (каля 30 тыс. манет Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Рускага царства, Прусіі, Сілезіі і інш.), ваенных даспехаў, крыжоў XI—XVII стст., зброі XIV—XIX стст., друкаваных выданняў, жывапісу XVIII ст., дакументаў, фалерыстыкі і інш. Сярод рэдкіх экспанатаў сустракаюцца ўпрыгожанні (пальчатыя і антропазааморфная фібулы, рэчы з эмалямі), берасцяная грамата XIII ст., кнігі Магілёўскай друкарні 1616—1713 гг., катэхізіс XVIII—XIX стст. і інш.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://www.belstat.gov.by/o-belstate_2/novosti-i-meropriyatiya/novosti/statisticheskiy_obzor_k_mezhdunarodnomu_dnyu_kultury/
- ↑ а б в г д е ё Гужалоўскі А. А. Музеі Беларусі (1918—1941 гг.). — Мн .: НАРБ, 2002. — 176 с. — 500 экз. — ISBN 985-6372-22-4.
- ↑ Рэстытуцыя культурных каштоўнасцей: праблемы вяртання і сумеснага выкарыстання (юрыдычныя, навуковыя і маральныя аспекты) : Матэрыялы Міжнар. навук. канф., якая адбылася ў Мінску пад эгідай UNESCO 19-20 чэрв. 1997 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн. : ННАЦ, 1997. — 336 с. — (Вяртанне ; 4) — ISBN 985-6419-05-0. — С. 56.
- ↑ А. А. Гужалоўскі. Музеі Беларусі ў час нямецкай акупацыі (1941—1944) Архівавана 19 чэрвеня 2018.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава
- Сайт музея Архівавана 26 лютага 2015.