Перайсці да зместу

Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава
Будынак былога акруговага суда
Заснаваны 1867
Месцазнаходжанне пл. Славы 1, Магілёў, Беларусь
Наведвальнікі
  • 39 200 чал. (2020)[1]
Памеры фонду 126 362
Агульная плошча 2200 м²
Выставачная плошча 120 м²
Дырэктар Віктар Мікалаевіч Аненкаў[d]
Адкрыты з 9.30 да 17.30 (каса - да 17.00)
mogilewmuseum.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава — краязнаўчы музей у Магілёве, размешчаны па адрасе Савецкая плошча, 1.

Рэканструкцыя жытла першабытнага чалавека
Царква Святога Спаса. І. Драпачэнка, 1916

Заснаваны ў Магілёве ў 1867 г. паводле рашэння губернатарскага праўлення як губернскі музей. У 1918 г. аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем (адкрыты ў 1897 г.).

У маі 1919 года ў будынку пазямельна-сялянскага банка быў адкрыты Дзяржаўны гістарычны музей пралетарскай культуры. У 1924 годзе музей пралетарскай культуры страціў свой незалежны статус і стаў аддзяленнем Беларускага дзяржаўнага музея (БДМ) у Магілёве. Новы статус вымагаў правядзення структурных і ідэалагічных пераўтварэнняў, якія мусіў ажыццяўляць навуковы калектыў музея, які складаўся з трох чалавек на чале з 21-гадовым выпускніком чэрыкаўскай гімназіі У. Л. Вянюковым, прызначаным на пасаду загадчыка аддзялення ў снежні 1924 г. З дапамогай мясцовых краязнаўцаў была складзена карта глеб акругі. Музейныя калекцыі папоўніліся помнікамі эпохі неаліту з гарадзішча Нямкі, нумізматыкай са знойдзеных на Магілёўшчыне скарбаў, магістрацкімі актамі і кнігамі, старажытнымі гравюрамі з відамі горада, работамі Вато, а таксама мясцовымі царкоўнымі старажытнасцямі, кшталту шлюбных вянкоў, карон, званоў, рыз, крыжоў, у тым ліку плашчаніцы 1566 г. з Чарэйскага манастыра, асабістымі рэчамі Г. Каніскага і інш[2].

Навуковыя супрацоўнікі распрацавалі структуру экспазіцыі музея, якая складалася з 12 аддзелаў. Падчас яе абмеркавання на радзе БДМ у Мінску экспазіцыя адразу ж падверглася крытыцы з боку П. В. Харламповіча і І. A. Сербава за «ўсёабдымнасць», у прыватнасці, за спробы стварэння аддзелаў электрыфікацыі, асавіяхіма, антырэлігійнага і некаторых іншых. Колькасць аддзелаў у 1927 годзе была зменшана адпаведна галоўнай задачы, якая стаяла перад музеем — вывучэнне мінуўшчыны і прыроды краю[2].

Музей меў наступную структуру:

  • Мастацкі аддзел — карціны рускіх мастакоў Васняцова, Макоўскага, Айвазоўскага, Паленава, Ярашэнкі, Мясаедава, Баравікоўскага, некалькі карцін заходнееўрапейскіх мастакоў, а таксама прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з фарфору, серабра, бронзы. Перспектывы развіцця аддзела былі звязаны з адлюстраваннем старажытнага і сучаснага беларускага мастацтва, у прыватнасці, з вытворчасцю мастацкай мэблі, чым славіўся Магілёў.
  • Этнаграфічны аддзел — манекены, апранутыя ў беларускія сялянскія строі, старажытныя прылады працы, народнае пляценне і вышыўка, хатняе начынне з гліны, дзіцячыя цацкі, батлейка, фотаздымкі мясцовых этнаграфічных тыпаў. Папаўненне аддзела планавалася ажыццяўляць праз экспедыцыйную дзейнасць.
  • Гісторыка-археалагічны аддзел — шкілет маманта, археалагічныя знаходкі каменнага і жалезнага вякоў, старажытная зброя, 1115 расійскіх і заходнееўрапейскіх манет.
  • Прыродазнаўчы аддзел — мінералогія, арніталогія, 20 акварыумаў, біястанцыя, прэпаратная майстэрня. Самы багаты аддзел, яго папаўненне планавалася праз правядзенне штогадовых экспедыцый.
  • Прамыслова-эканамічны аддзел — узоры вытворчасці мясцовых прадпрыемстваў, узоры парод дрэў, мадэлі машын, дыяграмы, малюнкі.
  • Аддзел рэўруху — каля 2 тыс. копій дакументаў і фотаздымкаў, зробленых у розных архівах.
  • Аддзел «Старажытны Магілёў».
  • Бібліятэка — другая па колькасці кніг у БССР (каля 70 тыс. тамоў).

Развіццё Магілёўскага музея стрымлівалася рашэннем гарадскіх улад, прынятым яшчэ ў пачатку 1920-х гг., аб выдзяленні часткі памяшканняў Сялянскага банка пад жыллё. Вядома, што У. Л. Вянюкоў на працягу доўгага часу вёў беспаспяховую барацьбу з магілёўскім выканкамам за высяленне з музейнага будынка жыхароў. У 1927 г. з-за неасцярогі жыхароў у музеі здарыўся пажар[2].

У лістападзе 1929 года кіраўніцтва БССР прыняло рашэнне аб перамяшчэнні каштоўнасцей са сталіцы рэспублікі ў Магілёў, далей ад магчымай лініі фронту. Тады з БДМ у магілёўскае аддзяленне былі перавезены крыж Еўфрасінні Полацкай, рукапіснае Евангелле першай трэці XVI стагоддзя, шэраг жывапісных палотнаў. З антыкварнага фонду СССР былі перададзены залатыя ўпрыгожванні з раскопак Пампеі, сярэбраная булава Жыгімонта III, старажытныя келіхі, тытунёўкі, гадзіннікі, пярсцёнкі з каштоўных металаў, абразы, старадрукі[2].

У 1932 г. дырэктар Магілёўскага краязнаўчага музея У. Л. Вянюкоў пераехаў у Мінск. У тым жа годзе ў будынку былога банка размясціўся Магілёўскі абкам УКП(б). Падчас кароткатэрміновага выканання абавязкаў дырэктара І. Х. Юшчанка, у 1933 г. па загаду мясцовага партыйнага кіраўніцтва музей адміністрацыйна высялілі з будынка былога Сялянскага банка. З дапамогай міліцыі і студэнтаў фондавыя калекцыі і разманціраваную экспазіцыю са значнымі стратамі за 24 гадзіны перавезлі ў невялікі, непрыстасаваны будынак па вул. Леніна. Праз непрацяглы час там была разгорнута экспазіцыя па гісторыі савецкага грамадства. Але прадметы старажытнасці (крыж Еўфрасінні Полацкай, Слуцкае Евангелле і іншыя кнігі, іконы, ювелірныя вырабы і інш.) засталіся ў браніраваным пакоі-сейфе на першым паверсе банкаўскага будынка[2]. Гэта спецсховішча дзейнічала ў магілёўскім акругкаме КП(б)Б да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У студзені 1934 г. на пасаду дырэктара музея быў прызначаны 32-гадовы архіварыус партархіва ЦК КП(б)Б І. С. Мігулін, які кіраваў музеем да чэрвеня 1941 г. Ва ўмовах жорсткага ідэалагічнага дыктату і адсутнасці адпаведнага экспазіцыйнага памяшкання ён сканцэнтраваў сваю ўвагу на выставачнай дзейнасці, а таксама на ахове нерухомай гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у 1934 г. ён спрабаваў уратаваць ад разбурэння Іосіфаўскі сабор, стварыўшы там філіял музея — Музей гісторыі рэлігіі і атэізму (1935—1941). У гэтым філіяле акрамя прадметаў па гісторыі хрысціянства ў Беларусі дэманстраваліся археалагічная і палеанталагічная (у тым ліку адзіны ў БССР шкілет маманта) калекцыі. Праз два гады ім быў створаны яшчэ адзін філіял у доме, дзе ў 1919 г. жыў і працаваў член рэўваенсавета 16-й арміі Заходняга фронту С. Арджанікідзэ — Мемарыяльны музей Р. К. Арджанікідзэ (1937—1941)[2].

У 1938 г. музейныя калекцыі Іосіфаўскага сабора, якія былі выкінутыя па вуліцу і па працягу некалькіх дзён разбіраліся ўсімі жадаючымі, перавезлі ў будынак закрытай сінагогі, бо паводле распараджэння в.а. першага сакратара ЦК КП(б)Б A. A. Волкава, гэты храм у гэтым жа годзе быў узарваны. Затым музейныя калекцыі пераправілі ў струхнелы будынак летняга цырка. Урэшце каля 7 тыс. прадметаў, што складала прыкладна 25 % ад колішніх фондаў, перавезлі ў капліцу на Успенскіх могілках[2].

Вялікая Айчынная вайна

[правіць | правіць зыходнік]

У Вялікую Айчынную вайну музейныя калекцыі амаль цалкам загінулі. Не пазней за 13 ліпеня 1941 года найбольш каштоўныя ў гісторыка-мастацкіх адносінах помнікі матэрыяльнай культуры, якія захоўваліся ў браніраваным пакоі-сейфе пад наглядам партыйнага кіраўніцтва былі эвакуіраваны ў Маскву[3], пасля чаго зніклі. Разам з гэтымі помнікамі знікла нацыянальная каштоўнасць беларускага народа — крыж Ефрасінні Полацкай[4].

Пасляваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 1949 г. музей аднавіў сваю дзейнасць як гісторыка-краязнаўчы. Адпаведна з загадам Савета Міністраў БССР «Аб назве і профілях музеяў БССР» ад 27.02.1953 г. — абласны краязнаўчы музей з філіяламі: Музей гісторыі бітвы каля в. Лясная Слаўгарадскага раёна (1958—1985), Музей дзекабрыстаў (1985-96), Магілёўскі музей этнаграфіі (у 1981-96 гг. аддзел).

У 2005 г. музею прысвоена імя беларускага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўца, педагога Е. Р. Раманава. Першапачаткова музей размяшчаўся ў Доме Саветаў, з 1961 г. — у будынку былога акруговага суда, помніку архітэктуры другой палавіны 18 ст.

Дырэктары музея: І. Х. Юшчанка, У. Л. Венюкоў, І. С. Мігулін, І. К. Скварцоў, М. М. Каваленчыкаў. З 1987 г. дырэктар В. М. Аненкаў.

Музей змяшчаецца па адрасе пл. Савецкая, 1 у будынку 1778 года пабудовы, які з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму рэспубліканскага значэння.

Фонды і калекцыі

[правіць | правіць зыходнік]
Дыярама «Абарона Буйніцкага поля»

Асноўны фонд (2008) налічвае 126 362 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 159 698 адзінак. Агульная плошча музея складае больш за 2200 м², у т.л. выставачнай залы — 120 м².

Мсціслаўская берасцяная грамата

У музеі больш за 20 калекцый: археалогіі (крамянёвыя, каменныя і жалезныя прылады), нумізматыкі (каля 30 тыс. манет Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Рускага царства, Прусіі, Сілезіі і інш.), ваенных даспехаў, крыжоў XI—XVII стст., зброі XIV—XIX стст., друкаваных выданняў, жывапісу XVIII ст., дакументаў, фалерыстыкі і інш. Сярод рэдкіх экспанатаў сустракаюцца ўпрыгожанні (пальчатыя і антропазааморфная фібулы, рэчы з эмалямі), берасцяная грамата XIII ст., кнігі Магілёўскай друкарні 1616—1713 гг., катэхізіс XVIII—XIX стст. і інш.

  1. https://www.belstat.gov.by/o-belstate_2/novosti-i-meropriyatiya/novosti/statisticheskiy_obzor_k_mezhdunarodnomu_dnyu_kultury/
  2. а б в г д е ё Гужалоўскі А. А. Музеі Беларусі (1918—1941 гг.). — Мн .: НАРБ, 2002. — 176 с. — 500 экз. — ISBN 985-6372-22-4.
  3. Рэстытуцыя культурных каштоўнасцей: праблемы вяртання і сумеснага выкарыстання (юрыдычныя, навуковыя і маральныя аспекты) : Матэрыялы Міжнар. навук. канф., якая адбылася ў Мінску пад эгідай UNESCO 19-20 чэрв. 1997 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн. : ННАЦ, 1997. — 336 с. — (Вяртанне ; 4) — ISBN 985-6419-05-0. — С. 56.
  4. А. А. Гужалоўскі. Музеі Беларусі ў час нямецкай акупацыі (1941—1944) Архівавана 19 чэрвеня 2018.
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy