Перайсці да зместу

Цэзій-137

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэзій-137
Схема распаду цэзію-137
Схема распаду цэзію-137
Назва, сімвал Цэзій-137, 137Cs
Нейтронаў 82
Уласцівасці нукліду
Атамная маса 136,9070895(5)[1] а. а. м.
Дэфект масы −86 545,6(5)[1] кэВ
Перыяд паўраспаду 30,1671(13)[2] гадоў
Прадукты распаду 137Ba
Бацькоўскія ізатопы 137Xe (β)
Спін і цотнасць ядра 7/2+[2]
Канал распаду Энергія распаду
β
Табліца нуклідаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цэзій-137, вядомы таксама як радыяцэзій — радыеактыўны нуклід цэзію з атамным нумарам 55 і масавым лікам 137. Утвараецца пераважна пры дзяленні ядраў у ядзерных рэактарах і ў ядзернай зброі.

Цэзій-137 — адзін з галоўных кампанентаў радыеактыўнага забруджвання біясферы. Утрымліваецца ў радыеактыўных выпадзеннях, радыеактыўных адкідах, скідах заводаў, якія перапрацоўваюць адкіды атамных электрастанцый. Інтэнсіўна сарбуецца глебай і доннымі адкладаннямі; у вадзе знаходзіцца пераважна ў выглядзе іонаў. Утрымліваецца ў раслінах і арганізме жывёл і чалавека. Каэфіцыент назапашвання 137Cs найбольш высокі ў прэснаводных водарасцяў і арктычных наземных раслін, асабліва лішайнікаў. У арганізме жывёл 137Cs назапашваецца галоўным чынам у цягліцах і печані. Найбольшы каэфіцыент назапашвання яго адзначаны ў паўночных аленяў і паўночнаамерыканскіх вадаплаўных птушак. Назапашваецца ў грыбах, шэраг якіх (маслякі, махавікі, свінуха, гаркуха, польскі грыб) лічацца «акумулятарамі» радыяцэзію[3].

Актыўнасць аднаго грама гэтага нукліду складае прыблізна 3,2 ТБк.

Утварэнне і распад

[правіць | правіць зыходнік]

Цэзій-137 з’яўляецца дачэрнім прадуктам β-распаду нукліду 137Xe (перыяд паўраспаду складае 3,818(13)[2] хвіліны):

.

Цэзій-137 перажывае бэта-распад (перыяд паўраспаду 30,17 гадоў), у выніку якога ствараецца стабільны ізатоп барыю 137Ba:

.

У 94,4[4] % выпадкаў распад адбываецца з прамежкавым утварэннем ядзернага ізамеру барыя-137 137Bam (яго перыяд паўраспаду складае 2,55 хвіліны), які ў сваю чаргу пераходзіць у асноўны стан з выпраменьваннем гама-кванта з энергіяй 661,7 кэВ (ці канверсійнага электрона з энергіяй 661,7 кэВ, паменшанай на велічыню энергіі сувязі электрона). Сумарная энергія, якая выдзяляецца пры бэта-распадзе аднаго ядра цэзію-137, складае 1175,63 ± 0,17[1] кэВ.

Цэзій-137 у навакольным асяроддзі

[правіць | правіць зыходнік]
Карта радыяцыйнага забруджвання цэзіем-137 тэрыторый, якія мяжуюць з Чарнобыльскай зонай адчужэння (на 1996 г.)

Выкід цэзію-137 у навакольнае асяроддзе адбываецца асноўным чынам у выніку ядзерных выпрабаванняў і аварый на прадпрыемствах атамнай энергетыкі.

Радыяцыйныя аварыі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Пры аварыі ў Паўднёвым Урале ў 1957 г. адбыўся цеплавы выбух сховішча радыеактыўных адкідаў, у выніку якога ў атмасферу патрапілі радыенукліды з сумарнай актыўнасцю 74 ПБк, у тым ліку 0,2 ПБк 137Cs[5].
  • Пры аварыі на рэактары ў Уіндскейле ў Вялікабрытаніі ў 1957 г. адбыўся выкід 12 ПБк радыенуклідаў, з іх 46 ТБк 137Cs[5].
  • Тэхналагічны скід радыеактыўных адкідаў прадпрыемства «Маяк» у Паўднёвым Урале ў р. Цеча ў 1950 г. склаў 102 ПБк, у тым ліку 137Cs 12,4 ПБк[5].
  • Ветравы вынас радыенуклідаў з поймы воз. Карачай у Паўднёвым Урале ў 1967 г. склаў 30 ТБк. На долю 137Cs прыйшлося 0,4 ТБк[5].
  • У мэтах глыбіннага зандзіравання зямной кары паводле заказу міністэрства геалогіі здзейснены падземны ядзерны выбух 19 верасня 1971 г. каля в. Галкіна ў Іванаўскай вобласці. На 18 хвіліне пасля выбуху ў метры ад свідравіны з зарадам утварыўся фантан з вады і бруду. У цяперашні час магутнасць выпраменьвання складае каля 3 тысяч мікрарэнтген у гадзіну, ізатопы цэзій-137 і стронцый-90 працягваюць выходзіць на паверхню.
  • У 1986 г. падчас аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС) з разбуранага рэактара было выкінута 1850 ПБк радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыйшлося 270 ПБк. Распаўсюджанне радыенуклідаў прыняла планетарныя маштабы. Ва Украіне, у Беларусі і Цэнтральным эканамічным раёне Расійскай Федэрацыі выпала больш паловы ад агульнай колькасці радыенуклідаў. Сярэднегадавая канцэнтрацыя цэзію-137 у прыземным слаі паветра на тэрыторыі СССР у 1986 годзе павысілася да ўзроўню 1963 года (у 1963 г. назіралася павышэнне канцэнтрацыі радыяцэзію ў выніку здзяйснення серыі атмасферных ядзерных выбухаў у 1961—1962 гг.)[6]
  • У 2011 г. падчас аварыі на АЭС Фукусіма-1 з разбуранага рэактара была выкінута значная колькасць цэзію-137 (агенцтва па атамнай бяспецы лічыць, што выкід радыеактыўнага цэзію-137 з трох рэактараў склаў 770 ПБк, ацэнкі ТЕРСО (Такійскай электраэнергетычнай кампаніі) удвая ніжэй[7]). Распаўсюджанне адбываецца праз воды Ціхага акіяна.

Лакальныя заражэнні

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя выпадкі забруджвання навакольнага асяроддзя ў выніку нядбайнага захоўвання крыніц цэзію-137 для медычных і тэхналагічных мэт. Найбольш вядомым у гэтых адносінах з’яўляецца інцыдэнт у Гаяніі, калі марадзёрамі з закінутага шпіталю была скрадзена дэталь з устаноўкі для радыетэрапіі, якая ўтрымлівала цэзій-137. На працягу больш чым двух тыдняў з парашкападобным цэзіем кантактавалі ўсё новыя людзі, і ніхто з іх не ведаў аб звязанай з ім небяспецы. Радыеактыўнае заражэнне зазналі прыблізна 250 чалавек, чацвёра з іх памерлі.

На тэрыторыі СССР інцыдэнт з працяглым апраменьваннем жыхароў аднаго з дамоў цэзіем-137 адбыўся ў 1980-х гадах у Краматорску.

Біялагічнае дзеянне

[правіць | правіць зыходнік]

Унутр жывых арганізмаў цэзій-137 у асноўным пранікае праз органы дыхання і стрававання. Добрай ахоўнай функцыяй валодае скура (праз непашкоджаную паверхню скуры трапляе толькі 0,007 % нанесенага прэпарату цэзію, праз апаленую — 20 %; пры нанясенні прэпарату цэзію на рану ўсмоктванне 50 % прэпарату назіраецца на працягу першых 10 хвілін, 90 % усмоктваецца толькі праз 3 гадзіны). Каля 80 % цэзію, які патрапіў у арганізм, назапашваецца ў цягліцах, 8 % — у шкілеце, астатнія 12 % размяркоўваюцца раўнамерна па другім тканкам[5].

Назапашванне цэзію ў органах і тканках адбываецца да пэўнага парогу (пры ўмове яго пастаяннага паступлення), пры гэтым інтэнсіўная фаза назапашвання змяняецца раўнаважным станам, калі ўтрыманне цэзію ў арганізме застаецца пастаянным. Час дасягнення раўнаважнага стану залежыць ад узросту і віду жывёлы. Раўнаважны стан у сельскагаспадарчых жывёл наступае прыблізна праз 10-30 дзён, у чалавека прыблізна праз 430 сутак[5].

Цэзій-137 выводзіцца ў асноўным праз ныркі і кішэчнік. Праз месяц пасля спынення паступлення цэзію з арганізму выводзіцца прыкладна 80 % уведзенай колькасці, аднак пры гэтым варта адзначыць, што ў працэсе вывядзення значныя колькасці цэзію паўторна ўсмоктваюцца ў кроў у ніжніх аддзелах кішэчніка[5].

Біялагічны перыяд паўвывядзення назапашанага цэзію-137 для чалавека прынята лічыць роўным 70 суткам (згодна звесткам Міжнароднай камісіі па радыелагічнай ахове)[5][8]. Тым не менш, хуткасць вывядзення цэзію залежыць ад многіх фактараў — фізіялагічнага стану, харчавання і інш. (напрыклад, прыводзяцца звесткі аб тым, што перыяд паўвывядзення для пяці апрамененых чалавек істотна адрозніваўся і складаў 124, 61, 54, 36 і 36 сутак)[5].

Пры раўнамерным размеркаванні цэзію-137 у арганізме чалавека з удзельнай актыўнасцю 1 Бк/кг магутнасць паглынутай дозы, паводле звестак розных аўтараў, вар’іруецца ад 2,14 да 3,16 мкГр/год[5].

Пры вонкавым і ўнутраным апраменьванні біялагічная эфектыўнасць цэзію-137 практычна аднолькавая (пры супастаўных паглынутых дозах). З прычыны адносна раўнамернага размеркавання гэтага нукліду ў арганізме органы і тканкі апраменьваюцца раўнамерна. Гэтаму таксама садзейнічае высокая пранікальная здольнасць гама-выпраменьвання нукліду 137Bam, утворнага пры распадзе цэзію-137: даўжыня прабегу гама-квантаў у мяккіх тканках чалавека дасягае 12 см[5].

Развіццё радыяцыйных параз у чалавека можна чакаць пры паглынанні дозы прыкладна в 2 Гр і болей. Сімптомы у многім падобны на вострую прамянёвую хваробу пры гама-апраменьванні: прыгнечаны стан і млявасць, дыярэя, зніжэнне масы цела, унутраныя кровазліцця. Характэрныя тыповыя для вострай прамянёвай хваробы змяненні ў карціне крыві[5]. Дозам у 148, 370 і 740 МБк адпавядаюць лёгкая, сярэдняя і цяжкая ступені паразы, аднак прамянёвая рэакцыя адзначаецца ўжо пры адзінках МБк[5].

Дапамога пры радыяцыйнай паразе цэзіем-137 павінна быць накіраваная на вывядзенне нукліду з арганізму і ўключае ў сябе дэзактывацыю скураных пакрываў, прамыванне страўніка, прызначэнне розных сарбентаў (напрыклад, сернакіслага барыю, альгінату натрыю, полісурміну), а таксама ванітавых, слабільных і мачагонных сродкаў. Эфектыўным сродкам для памяншэння ўсмоктвання цэзію ў кішэчніку з’яўляецца сарбент ферацыянід, які звязвае нуклід у незасвойную форму. Акрамя таго, для паскарэння вывядзення нукліду стымулююць натуральныя выдзяляльныя працэсы, ужываюць розныя комплексаўтваральнікі (ДТПА, ЭДТА і інш.)[5].

З раствораў, атрыманых пры перапрацоўцы радыеактыўных адкідаў ядзерных рэактараў, 137Cs здабываецца метадамі асаджэння з гексацыянафератамі жалеза, нікелю, цынку альбо фторавальфраматам амонію. Выкарыстоўваюць таксама іонны абмен і экстракцыю[9].

Цэзій-137 ужываецца ў гама-дэфектаскапіі, вымяральнай тэхніцы, для радыяцыйнай стэрылізацыі харчовых прадуктаў, медычных прэпаратаў і лекаў, у радыетэрапіі для лячэння злаякасных пухлін. Таксама цэзій-137 выкарыстоўваецца ў вытворчасці радыеізатопных крыніц тока, дзе ён ужываецца ў выглядзе хларыду цэзію (шчыльнасць 3,9 г/см³, энэргавыдзяленне каля 1,27 Вт/см³). Цэзій-137 ужываецца ў датчыках мяжовых узроўняў сыпучых рэчываў (узроўнямерах) у непразрыстых бункерах.

Цэзій-137 мае пэўныя перавагі перад радыеактыўным кобальтам-60: даўжэйшы перыяд паўраспаду і менш жорсткае гама-выпраменьванне. У сувязі з гэтым прыборы на аснове 137Cs больш даўгавечныя, а абарона ад выпраменьвання менш грувасткая. Аднак, гэтыя перавагі становяцца рэальнымі толькі пры адсутнасці прымесі 134Cs з карацейшым перыядам паўраспаду і больш жорсткім гама-выпраменьваннем[10].

Зноскі

  1. а б в Audi G., Wapstra A. H., Thibault C. The AME2003 atomic mass evaluation (II). Tables, graphs, and references(англ.) // Nuclear Physics A. — 2003. — Т. 729. — С. 337—676. — DOI:10.1016/j.nuclphysa.2003.11.003Bibcode2003NuPhA.729..337A
  2. а б в Audi G., Bersillon O., Blachot J., Wapstra A. H. The NUBASE evaluation of nuclear and decay properties // Nuclear Physics A. — 2003. — Т. 729. — С. 3—128. — DOI:10.1016/j.nuclphysa.2003.11.001Bibcode2003NuPhA.729....3A
  3. А. Г. Шишкин. Чернобыль(недаступная спасылка) (29 снежня 2003). — Радиоэкологические исследования грибов и дикорастущих ягод. Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2011. Праверана 27 ліпеня 2009.
  4. INEEL & KRI/R.G. Helmer and V.P. Chechev/Decay scheme of Caesium-137 Архівавана 15 жніўня 2011.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н Василенко И. Я. Радиоактивный цезий-137 // Природа. — 1999. — № 3. — С. 70-76.
  6. Геофизические аспекты катастрофы Чернобыльской АЭС
  7. Выбросы РВ с АЭС Фукусима-1 были в два раза выше объявленных ТЕРСО — агентство
  8. «Biological Half-life»
  9. Онлайн-энциклопедия «Кругосвет»: Цезий
  10. Популярная библиотека химических элементов. Книга вторая. Серебро-Нильсборий и далее. — 3 изд. — М.: Издательство «Наука», 1983. — С. 91-100. — 573 с. — 50 000 экз.
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy